Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: “Філёзаф, якога чытаюць у кожным вагоне”


Радыё Свабода Фрагмэнт эфіру “Начной Свабоды”. Паэт Андрэй Хадановіч расказвае, што чытаюць у цягніку Варшава – Менск.

Страшна люблю чытаць у дарозе. Настолькі, што, мабыць, і ня езьдзіў бы нікуды, калі б не было магчымасьці нешта пачытаць. Чытаю, а сам ціхенька падглядаю, што чытаюць іншыя пасажыры. І такія часам здараюцца сюрпрызы...

Так, учора ў цягніку Варшава – Менск я ўбачыў шмат беларускай моладзі: студэнты, школьнікі й іх настаўнікі. Хтосьці зь іх запрашаў у госьці – і давялося пабываць аж у двух вагонах. І ў кожным, уявіце, знайшоўся чалавек, які чытаў кнігу Валянціна Акудовіча. Вось і вер пасьля тым, што кажуць: філязофія – чытво досыць элітарнае. Я нават пабаяўся ісьці ў іншыя вагоны: а раптам у кожным сядзіць па чытачу Акудовіча!

А кніга, між іншага, вартая ўвагі, як і ўся сэрыя, якую яна прадстаўляе. Кніга называецца “Дыялёгі з Богам”, а сэрыя – “Галерэя Б.”, даўні й шчасьліва адноўлены праект Ігара Бабкова. Спадар Бабкоў зрабіў стаўку на літаратуру не для ўсіх. На паэтаў і філёзафаў, якія ня блытаюць свайго занятку з газэтнай публіцыстыкай і мітынговымі выступамі. Якія вымагаюць ад чытачоў сутворчасьці, інтуіцыі й інтэлекту. А таму такім чытачом па азначэньні ня можа быць кожны. Клясычным аўтарам сэрыі ёсьць сам Ігар. Альбо, скажам, паэтка Марыя Барадзіна, чыя кніга вершаў таксама рыхтуецца ў “Галерэі Б.”. Але Валянцін Акудовіч “падступна” аказаўся зусім не такім.

“Дыялёгі з Богам” – гэта інтэлектуальны кактэйль з эсэістыкі й проста мастацкай прозы, ды яшчэ з бонусам у выглядзе нізкі вершаў (і гэта ў аўтара, які дэкляраваў сваю нянавісьць да паэзіі!). Гэта дыялёгі ня толькі з Богам, які нібыта адпрэчваецца – і пры гэтым напружана шукаецца; але й размовы з культурнай традыцыяй, былой, актуальнай і будучай, дзе сам спадар Акудовіч даўно заняў месца клясыка.

Бо якое яшчэ месца можа заняць філёзаф, якога чытаюць у кожным беларускім вагоне (сьмяротная пагроза для любога снобска-элітарнага праекту). Асоба, якая выходзіць далёка за межы як філязофскага, так і наагул беларускага гета. Пэрсона, супастаўная сёньня сваёй актуальнасьцю хіба што з паэтам Міхалам Анемпадыставым, чый “Народны альбом” ды іншыя песьні сьпяваюць пры кожным беларускім вогнішчы.

* * * На гэтым тыдні ў эфіры “Начной Свабоды” (23:00 – 24:00) свае вершы чытае паэт Міхал Анемпадыстаў, а таксама гучаць песьні на ягоныя словы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG