Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Германовіч (4.3.1890, м. Гальшаны (цяпер Ашмянскі раён) – 26.12.1978, Лёндан)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Зраблю сабе зычны цымбалы, Пайду на крыжовы дарогі І сяду пад крыжам убогім, Зайграю для Божае хвалы...

Гэта радкі з эпіграфу да выдадзенага ў 1933 годзе зборніка “Беларускія цымбалы”. Яго аўтар – айцец Язэп Германовіч, сьвятар і пісьменьнік, які ўзяў сабе літаратурнае імя Вінцук Адважны. Верш, што даў назву ўсёй кнізе, можна расцэньваць як праграмны. Айцец Язэп быў з тых каталіцкіх сьвятароў усходняга абраду (уніятаў), каму нялёгка жылося і за польскім, і за савецкім часам, бо адной уладзе яны заміналі палянізаваць Беларусь, а другой – русіфікаваць яе ды ператвараць беларусаў у бязбожнікаў.

Ён атрымаў адукацыю ў Вільні, дзе пасябраваў і на ўсё жыцьцё застаўся аднадумцам з такімі выбітнымі братамі па веры й духу, як Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Кастусь Стаповіч (Казімер Сваяк)... У 1924-м а.Язэп уступіў у ордэн марыянаў, якія апекаваліся Друйскай гімназіяй, дзе малады сьвятар выкладаў лаціну і тэалягічныя дысцыпліны.

У 1932-м ён добраахвотна выехаў зь місіянэрскай мэтаю ў кітайскі Харбін. Другая выправа туды празь некалькі гадоў была ўжо змушаная: польскія ўлады зачынілі Друйскі кляштар марыянаў, а беларускія сьвятары трапілі пад перасьлед.

Пасьля другой сусьветнай вайны Харбінскую каталіцкую місію разграмілі кітайскія камуністы. Айцы-марыяне апынуліся ў даўгіх руках савецкіх “органаў”. Паводле стандартнага абвінавачаньня ў шпіянажы на карысьць Японіі Язэп Германовіч быў асуджаны на 25 гадоў лягераў, дзе ў нечалавечых умовах працягваў адпраўляць сьвятую літургію. Надзвычай сымбалічна, што пэўны час нязломны марыянін быў у лягеры афіцыйна прызначаны павадыром сьляпых.

Вярнуўшыся на волю, ён хацеў служыць Богу ў Беларусі, але замест гэтага мусіў знаходзіць часовы прыстанак сьпярша ў Варшаве, потым у Рыме, пакуль урэшце не атабарыўся ў Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане.

Бог даў яму яшчэ два дзесяцігодзьдзі жыцьця – плённага й карыснага для будучай вольнай Беларусі. Айцец Язэп рэдагаваў часопіс “Божым шляхам”. У сваёй другой іпастасі – паэта Вінцука Адважнага – ён выдаў некалькі кніжак вершаў і баек. У 1962-м у Мюнхэне пабачыў сьвет ягоны самы значны твор – успаміны “Кітай-Сібір-Масква”, напісаныя пранікнёна й дасьціпна. Кніга, якая выйшла на адзінаццаць гадоў раней за “Архіпэляг ГУЛаг” А.Салжаніцына, сталася важкім даробкам у літаратуру пра нялюдзкую сыстэму савецкіх канцлягераў. У 2003-м яна была перавыдадзеная ў Менску і амаль адразу ператварылася ў бібліяграфічны рарытэт.
XS
SM
MD
LG