Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскія нататкі (3): Л.Фінкельштэйн – выдавец Быкава, Арлова й Хадановіча


Сяргей Навумчык, Кіеў—Прага Інтэрнэт-эсэ. Тыдзень правёў ва Ўкраіне журналіст Свабоды Сяргей Навумчык. Ягоныя чарнобыльскія рэпартажы гучалі ў эфіры, фотаздымкі з Чарнобылю былі зьмешчаны на нашым сайце. Інтэрнэт-эсэ прысьвечаныя кіеўскім сустрэчам і назіраньням.

“Вам прышлося прызвычаіцца да таго, што яўрэй Барыс Леанідавіч Пастарнак — вялікі рускі паэт. Давядзецца зьмірыцца й з тым, што яўрэй Леанід Пятровіч Фінкельштэйн — вялікі ўкраінскі выдавец”.

Так адказвае галоўны рэдактар кіеўскага выдавецтва “Факт” на пытаньні-прэтэнзіі сваіх расейскіх калег, чаму ён прынцыпова выдае мастацкую літаратуру толькі па-ўкраінску й ніколі — па расейску.

“Ва Ўкраіне хапае расейскамоўнай прадукцыі, — кажа мне Фінкельштэйн, — не хапае ўкраінскамоўнай. Вось нядаўна праводзілі тыдзень украінскай кнігі. Як гучыць, га? Вы уяўляеце сабе, у Лёндане — “тыдзень ангельскай кнігі”, ці во зь іншай опэры — у Італіі “тыдзень італьянскіх спагеці”?

Я адказваю, што не ўяўляю “тыдня беларускай кнігі ў Беларусі”: пры цяперашняй уладзе пісьменьнікі й чытачы пра гэта могуць толькі марыць.

Спадар Леанід разважае пра экспансію расейскамоўных кніг на ўкраінскім рынку — найперш “жоўтай” літаратуры. Ён мог бы й сам далучыцца да гэтай вытворчасьці — прыбытак узьняўся б у дзясяткі разоў. Ды не дазваляе прафэсійны гонар.

Фінкельштэйн выдае клясыка Васіля Стуса, сучасных аўтараў Володыміра Панчанку, Марыю Шунь і, канечне, Аксану Забужку — найпапулярнейшую сучасную ўкраінскую пісьменьніцу ў сьвеце. Толькі што выйшаў зборнік Забужкі “Let my people go”, складзены, у тым ліку, і з артыкулаў ды інтэрвію часоў “памаранчавай” рэвалюцыі, надрукаваных у эўрапейскіх і амэрыканскіх газэтах. Аўтарцы давялося рабіць “адваротны” пераклад уласных тэкстаў на ўкраінскую.

Праўда, з выдавецкага прынцыпу “Факту” (“мастацкая літаратура — толькі па-ўкраінску”) маецца выключэньне: толькі што выйшаў зборнік вершаў Андрэя Хадановіча “From Belarus with love”, з назовам, як бачым, па-ангельску, выходнымі дадзенымі, як ім і належыць быць, — па-ўкраінску. Затое вершы выдрукаваны па-беларуску.

“Тое, што тры гады таму выдадзены па-ўкраінску зборнік Хадановіча “Листи з-під ковдри” раскупілі, мне зразумела. А вось чаму імкліва разышоўся зборнік Хадановіча па-беларуску?” — пытаецца выдавец.

Магчыма, зборнік Хадановіча раскупілі турысты зь Менску й Віцебску, бо ў Менску зрабіць яны гэтага ня могуць?

Наклад кнігі Хадановіча — дзьве тысячы асобнікаў, і гэта зусім ня мала. Перакананы, што зборнік цікавага папулярнага паэта разышоўся б у Беларусі й большым накладам, але дзяржаўныя выдавецтвы Хадановіча не друкуюць.

І яшчэ двух беларускіх аўтараў, па-ўкраінску, выдаў “Факт” (абодва — у перакладах Аляксандра Ірванца): зборнік прыпавесьцяў “Ходільці (“Пахаджане”) Васіля Быкава й “Реквіем для бензопилки” Ўладзімера Арлова, “найцікавішого на сьогодні білоруського прозаіка”, як сьцьвярджае выдавецкая анатацыя. У поўнай адпаведнасьці з гэтай анатацыяй ("соковите письмо, грубоватий, але напродуч людяний гумор — це невід’ ємні риси стилю Арлова"), наступнай кнігай у кіеўскім выдавецтве найцікавейшага беларускага празаіка будзе "Задніца Эўропы".

Гл.таксама • Кіеўскія нататкі (1): ці ўтрымаецца прэзыдэнт Юшчанка? • Кіеўскія нататкі (2). Гібель Вячаслава Чарнавіла: здарэньне альбо забойства?
XS
SM
MD
LG