Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі кнігу аб партызанскім змаганьні габрэяў


Любоў Лунёва, Менск У Габрэйскім доме на вуліцы Веры Харужай адбылася прэзэнтацыя ўнікальнай кнігі “Паўсталі мы плячо ў плячо”. У кнізе надрукаваныя сьпісы габрэяў, якія ваявалі ў партызанскіх аддзелах на тэрыторыі Беларусі. Над выданьнем працавалі некалькі чалавек. У кнігу ўвайшлі толькі тыя прозьвішчы патрызанаў-габрэяў, якія былі знойдзеныя ў архіве.

Ніколі раней дасьледчыкі не выдавалі кніг, у якія б увайшлі сьпісы прозьвішчаў партызанаў-габрэяў. Калектыў рэдакцыі кнігі “Паўсталі мы плячо ў плячо” прапануе чытачам сьпіс з сямі з паловай тысяч імёнаў партызанаў-габрэяў, а таксама тысячу дваццаць тры прозьвішчы партызанаў, якія загінулі ў часе вайны. У кнізе відавочцы апавядаюць пра адносіны да партызанаў-габрэяў. Ёсьць інфармацыя пра паасобныя габрэйскія партызанскія аддзелы.

З Ізраілю ад арганізацыі партызанаў і вязьняў гета прыйшоў ліст да аўтараў кнігі, у якім вельмі высока ацэненая іх праца. На прэзэнтацыі прысутнічалі людзі сталага ўзросту. Некаторыя зь іх уставалі і бралі слова. Міхаіл Трэстэр у сваім выступе адзначыў, што гэтая кніга разбурае стэрэатыпы, згод на зь якімі габрэі нібыта не ваявалі, а былі ў Ташкенце ў эвакуацыі. У кнігу ўвайшлі толькі тыя прозьвішчы габрэяў, якія былі знойдзеныя ў агульных сьпісах партызанаў. У чацьвертым радку насупраць іх прозьвішчаў было напісана “габрэй”.

На прэзэнтацыі кнігі людзі згадвалі, як сыходзілі сем’ямі ў партызаны, бо часам гэта быў адзіны шанец застацца ў жывых. Вэтэраны расказалі пра кур’ёзныя выпадкі, калі ў вайсковым білеце Майсея Элькінда запісалі, што ён чуваш. Камандзір патлумачыў яму, што ў выпадку, калі трапяць у палон, у Майсея будзе шанец выжыць.
XS
SM
MD
LG