Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Астравецкі актывіст Іван Крук асуджаны на 6 месяцаў арышту


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Згодна з рашэньнем суду, Іван Крук павінен таксама выплаціць 200 тысяч рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду аднаму з пацярпелых міліцыянтаў. Прысуд уступіць у сілу праз 10 сутак, калі ня будзе абскарджаны. На гэты час у Івана Крука ўзялі падпіску аб нявыезьдзе, ён будзе знаходзіцца дома.

Івана Крука асудзілі ў Лідзкім раённым судзе па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Суд прызнаў Крука вінаватым у гвалтоўным дзеяньнях у дачыненьні да міліцыянтаў – Крука абвінавацілі ў тым, што ён перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі праводзіць у сваёй кватэры ператрус.

Падчас выбарчай кампаніі ў кватэры Івана Крука рабілі ператрус: ягонага 14-гадовага сына падазравалі ў крадзяжы грошай. Нічога не знайшлі, але канфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў, а потым міліцыянтаў зацікавіў кампутар.

Крук адмовіўся яго аддаваць і, калі міліцыянты сілаю вырывалі сыстэмны блёк зь ягоных рук, адпіхваў іх, а потым кінуў кампутар на падлогу і разьбіў.

Менавіта гэтыя дзеяньні Івана Крука былі прызнаныя судом як гвалтоўныя ў дачыненьні да міліцыянтаў. Суд узяў пад увагу сьведчаньні саміх міліцыянтаў і не ўлічыў таго, што сьведчылі суседзі Крука, якія таксама прысутнічалі пры ператрусе. Некалькі чалавек засьведчылі, што ніякіх гвалтоўных дзеяньняў з боку Івана Крука ў дачыненьні да міліцыянтаў, якія рабілі ператрус у ягонай кватэры, не было.

У сваім апошнім слове Іван Крук зазначыў, што больш за 30 гадоў адпрацаваў сьледчым у міліцыі, але такога беззаконьня, якое чыняць праваахоўчыя органы ў адносінах да яго, не сустракаў.

Ён таксама заявіў, што справа носіць палітычны характар, сфабрыкаваная спэцслужбамі і скіраваная на тое, каб перашкодзіць ягонай актыўнай грамадзянскай і палітычнай пазыцыі, асабліва ў часе выбарчай кампаніі. Крук зьбіраў подпісы за вылучэньне двух кандыдатаў: Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна.

На думку Івана Крука, Лідзкі суд так і ня выявіў ні складу, ні дзеяньняў злачынства зь яго боку. Вінаватым сябе Іван Крук не прызнаў.

Івану Круку 62 гады. Сёньня ў судзе ён сказаў, што апошнім часам часта хварэе, у цяжкім стане знаходзіцца і ягоная жонка.

На працэс у Ліду зьехаліся актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Горадні. У будынку Лідзкага раённага суду знаходзілася шмат міліцыянтаў і людзей у цывільным. Калі актывісты АГП выходзілі з будынку, іх здымаў на камэру апэратар у цывільным, прычым рабіў гэта з-за шкла, каб яго ня бачылі.
XS
SM
MD
LG