Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Легенды зь пяску – вялікія постаці, для якіх не знайшлося бронзы (фота)


Міхась Скобла, Радыё Свабода (эфір 14 траўня) Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

З 2000 году ў Беларусі ладзяцца пленэры пясчанай скульптуры пад назвай “Легенда зь пяску”. Яны маюць характар пэрформансу, падчас якога мастацкай зьявай становяцца як самі скульптуры, гэтак і гледачы ды ўдзельнікі праекту. Вялікія постаці беларускай гісторыі, не знайшоўшы свайго ўвасабленьня ў помнікавай бронзе, мусяць пакуль што ўвасабляцца ў самым нетрывалым матэрыяле — пяску. Скульптар, выкладчык менскай СШ № 148 Генадзь Лойка з майстэрні перабраўся ў пясчаныя кар’еры.

(Скобла: ) “Генадзь, ты выпускнік скульптурнага аддзяленьня Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Трэба думаць, што ў Акадэміі цябе вучылі ляпіць з рознага матэрыялу, але толькі не зь пяску. Як узьнікла ідэя працаваць менавіта зь пяском?”

(Лойка: ) “Ідэя ўзьнікла, калі ў вучняў, якім я выкладаў скульптуру, апошняя практыка была. І мне захацелася даць ім папрацаваць зь пяском. Бо гэта добры матэрыял — зь яго можна рабіць вялікія скульптуры. Прычым, вельмі хутка. Пясок — ня газасылікатны блёк, які таксама добра рэжацца, але —пагадзецеся — непрывабны з эстэтычнага гледзішча. А тварыць зь пяску так натуральна. Хоць пясок вельмі свавольны матэрыял, ён рассыпаецца, трэба з вадой перамешваць. Спачатку я хацеў вывезьці дзяцей на які-небудзь пляж у ваколіцах Менску. І тут раптам спомніў, што ў Заслаўі — цэлыя пясчаныя кар’еры. Мы паехалі туды — і “раскапалі” Рагнеду на тры з паловай мэтры! А ў 2000 годзе якраз спаўнялася тысяча гадоў, як Рагнеда памерла. І мы вырашылі адмысловы пленэр правесьці. А ўсяго ўжо за пяць гадоў зладзілі пяць пленэраў — у Заслаўі, Магілёве, Наваградку (двойчы) і ў Крэве”.

(Скобла: ) “Хто твае паплечнікі й памочнікі? Бо гэта ж цяжкая фізычная праца: часам трэба перакінуць зь месца на месца дзясяткі тон пяску”.

(Лойка: ) “Так, сапраўды, праца вельмі цяжкая. Бо мы робім вялізныя скульптуры. Рагнеду першапачаткова хацелі зрабіць на сорак мэтраў! Думалі, будзе незвычайная падзея, тысячы людзей зьбярэцца, верталёты будуць кружыць... Сабралася ж сто пяцьдзесят чалавек. Ды ўдзельнікаў было чалавек дваццаць пяць. І Рагнеда — у выніку — таксама выйшла дваццаціпяцімэтровая. Але відовішча ўсё роўна атрымалася ўражвальнае. На пленэрах са мной зазвычай працавалі Віктар Старухін, Андрусь Такінданг, Уладзімер Ануфрыеў, Зьміцер Захарэвіч, Максім Шняк, Валя Лойка (мая сястра), Яраш Лойка (мой сын). Ён, дарэчы, з шасьці гадоў езьдзіць па пленэрах”.

(Скобла: ) “Кар’ер яму быў замест дзіцячай пясочніцы. Ці дапамагаюць вам мясцовыя ўлады?”

(Лойка: ) “Калі мы рабілі праект “Абуджэньне Рагнеды”, нам дапамагаў Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. Нас забясьпечылі і шуфлямі, і вадой, і хлебам, і сокамі. Нават намёты далі. Калі ў Магілёве рабілі “Магілу льва”, падключаўся гарвыканкам. А ў Наваградку мы “сядалі на хвост” фэстам сярэднявечнай культуры, якія там праводзіліся. “Скутага Кейстута”, да прыкладу, “адкопвалі” ў Крэве з дапамогай моладзевай суполкі “Этна”.

“Абуджэньне Рагнеды”. Заслаўе, 2000 г.

(Скобла: ) “Твае памочнікі перад пленэрам, мабыць, іспыты здаюць па фізычнай падрыхтоўцы?”

(Лойка: ) “Не, у мяне іншыя крытэры. Я — як настаўнік — не магу браць толькі выдатнікаў ці тых, хто мае прыкладныя паводзіны. Не. Я — нацыяналіст, і таму выбраў дзяцей паводле нацыяналістычнага прынцыпу. Я зьвярнуўся да іх: “Са мною паедзе той, хто будзе размаўляць толькі па-беларуску!”. Хадзіў і прыслухоўваўся — як яны размаўляюць. Разумею, што гэта вельмі высокі бар’ер, улічваючы нашы рэаліі. У нас як адбываецца? Калі мы працуем, нас міліцыя абгароджвае стужачкай. І вось гэтую абгароджаную прастору мы называем краінай “Легенда зь пяску”. Калі хто цікавіцца й хоча зайсьці, — калі ласка! Мы ўсё пакажам і раскажам. Але толькі з адной умовай: гаварыце з намі па-беларуску! Гэткія ж самыя патрабаваньні й да журналістаў. Скажам, журналіст з расейскамоўнай “Советской Белоруссии” захацеў узяць інтэрвію й згадзіўся задаваць пытаньні па-беларуску. “Ну, што ж, — кажу, — мушу адказваць, хоць і не люблю вашай газэты”. А карэспандэнта ОНТ у Наваградку не наважылася гуляць у нашу гульню, рогам стала: “У меня работа, а у вас игра!”. І ўсё — нічога не атрымалася”.

(Скобла: ) “Пясчаная скульптура, у якой кароткі век, што яна — у мастацтве? Ці не марнатраўства гэта, ці не дарэмная трата сілы? Пра гэта я запытаўся ў двух удзельнікаў пленэраў — мастака Алеся Пушкіна й будучага дызайнэра Андрэя Такінданга”.

(Алесь Пушкін: ) “Здаецца — гульня ў пясочак. А мне ў гэтым бачыцца паратунак нашых душаў. Я ніколі не забуду пленэру ў Магілёве, калі мы рабілі зь пяску Машэку й Наталку на гарадзкім пляжы ля Сьвятога возера. І супала гэтая акцыя з Купальлем. Да нас далучаліся “пляжныя” магілёўцы, прыйшоў нават старшыня гарсавету Красноў. І яму настолькі спадабалася, што ён цяпер (пра гэта нават друк паведамляў) гаворыць па-беларуску й вельмі прыхільна ставіцца да нацыянальнай культуры. Увогуле, сярод чыноўнікаў Магілёўскага гарвыканкаму пайшла “мода на беларускасьць”. Генадзь Лойка — гэта вольны чалавек, ён не залежыць ні ад Міністэрства культуры, ні ад замежных грантаў. Памятаеце містыку 1988 году, калі людзі пайшлі на Курапаты? Як амапаўцы акружылі іх у полі, — і Зянон Пазьняк заклікаў усіх стаць на калені. Вось з таго часу й стала інтэлігенцыя на калені. Але я з табою згодзен: самы вялікі мінус Лойкавай творчасьці – нетрываласьць матэрыялу. Пясок разбураецца, застаецца толькі памяць і фота. Што зробіш: у беларускай дзяржаве няма бронзавага Міндоўга, няма бронзавага Ўсяслава Чарадзея. Яны пакуль на некалькі дзён паўстаюць у пясчаных кар’ерах. А вось каб Генадзь прыдумаў тэхналёгію захаваньня пясчаных скульптураў!.. Абмазваць бы іх якім-небудзь растворам — каб заставаліся на тысячу гадоў, як сфінксы ў эгіпэцкай пустэльні!”

(Андрэй Такінданг: ) “Генадзь Лойка — вельмі апантаны мастацтвам чалавек. Гэта рыцар-рамантык нашага часу. Такіх людзей цяпер вельмі рэдка сустрэнеш. Каб такіх людзей было больш, то й краіна наша была б іншай, лепшай. Я прыгадваю будыйскіх манахаў, якія шмат месяцаў складаюць мазаіку, а потым уласнаручна разбураюць яе. Нашы пленэры — гэта нешта падобнае. Бо ўсё цячэ, усё зьмяняецца, усё марнуецца. І таму “Легенда зь пяску” — гэта мастацка-філязофская зьява. Ты стараесься дзеля аднаго імгненьня. Шмат часу, шмат высілкаў кладзеш на ахвяру прыгажосьці”.

“Магіла льва. Машэка”. Магілёў, 2001 г.

(Скобла: ) “У сталічным фальварку “Добрыя мысьлі” (вул. Магілёўская, 12) гэтымі днямі праходзіць фотавыстава, прысьвечаная пленэрам “Легенда зь пяску”. Я зазірнуў у кнігу водгукаў і вось што там прачытаў: “Ваша Наталка з “Магілы льва” — папросту прыгажуня. Нават пясчаная яна выглядае эратычна! Студэнты Акадэміі мастацтваў”. Напаткаўся нават вершаваны водгук, напісаны, мабыць, пад уплывам Наталі Арсеньневай: “Магутны Бог! Укленчыўшы, паўзком, Мы молім: прытрымай за морам хмару. Каб забясьпечыць Лойку Г. пяском, Да Беларусі далучы Сахару! Алена й Кася”. Генадзь, я глядзеў на каменных скітскіх баб у кіеўскім музэі — ну, зусім не эратычныя выявы. Як жа вы ў пяску можаце перадаць адпаведны імпульс?”

(Лойка: ) “Мы не задаваліся такой ідэяй. (Сьмяецца.) Мы папросту хацелі паказаць Беларусь. Мабыць, таму яна й атрымалася такая эратычная. Ня ведаю…”

(Скобла: ) “Вось я гляджу на “Прыкутага Кейстута”: ён у вас такі вусата-барадаты. Як можна зь пяску вылепіць вус?”

(Лойка: ) “Элемэнтарна. Галоўнае, каб былі вада й пясок. Любы скульптар гляне й скажа, што робіцца гэта ўсё проста. Мы не выкарыстоўваем клею. У Наваградку ўзялі паспрабавалі выкарыстаць іншую тэхналёгію: ставілі апалубку, залівалі мокры пясок. Але Міндоўг разваліўся. І мы потым тэрмінова зьляпілі толькі галаву ў кароне”.

“Скуты Кейстут”. Крэва, 2004 г.

(Скобла: ) “Днямі я сустрэў знаёмага археоляга. Дык яго — як селяніна — цягне ў поле, на раскопы. Хутка лета. І цябе таксама, мабыць, вабяць пясчаныя кар’еры. Што ў тваіх плянах на гэтае лета?”

(Лойка: ) “На гэтае лета мы плянуем “адкапаць” дванаццаць залатых апосталаў, што калісьці зьніклі зь нясьвіскага замку Радзівілаў. Ёсьць ідэя зрабіць у Гомелі Цмока на беразе Сожа. Ёсьць задума зрабіць “Лябірынты” Ластоўскага. Ёсьць ружовая мара — паехаць у Вільню і разам зь летувісамі зрабіць зь пяску “Жалезнага ваўка”. Хочам сатварыць і “Сінюю-сінюю” паводле Караткевіча. Але самая галоўная задума — “Шлях з варагаў у грэкі”. Мы цяпер жывём у сьвеце, дзе наймоцна дзейнічае вэктар Захад — Усход. Нас называюць то апалячанымі расейцамі, то абруселымі палякамі. І мы ўсё не знаходзім сабе месца. Дык вось, мы хочам павярнуць гэты вэктар з поўначы на поўдзень. Зрабіць шлях з варагаў у грэкі, шлях у вырай, ці шлях з выраю. Мы запросім па тры прадстаўнікі зь дзесяці краінаў з поўначы й з поўдня ад Беларусі — са Скандынавіі, з Прыбалтыкі, з Украіны, з Малдовы, з Грэцыі. Кожная брыгада зьлепіць сваю легенду, і такі ланцужок пясчаных легендаў будзе называцца “Шляхам з варагаў у грэкі”. Расея й Польшча запрашацца ня будуць. З вынікаў пленэру потым выдадзім каталёг. Але таксама — толькі ў тым выдавецтве, якое прыме нашы беларускамоўныя ўмовы”.

(Скобла: ) “Калі вы знойдзеце добрага фундатара, то любое выдавецтва выдасьць ваш каталёг хоць на суахілі”.

“Карона Міндоўга”. Наваградак, 2002 г.

(Лойка: ) “Не, усе супрацоўнікі выдавецтва павінны будуць размаўляць па-беларуску. Хоць бы на час нашай супрацы. Цэлы тыдзень мы будзем сумесна жыць у намётах. Штовечар ля вогнішча будзе праходзіць навуковая канфэрэнцыя, будуць чытацца даклады. Кожная краіна раскажа пра сябе, пасьпявае, патанчыць. І гэты пленэр мы ператворым у дзяржаву. У нас будуць свае міністэрствы. Міністар працы будзе выдаваць шуфлі, забясьпечваць працаю. Вечарам у лягеры міністар гаспадаркі будзе выдаваць пайкі кашы й абсталёўваць месца для сну. Міністэрства фінансаў забясьпечыць хаджэньне ў краіне сваёй валюты — талера. Будуць у нас і свае сілавыя структуры. Памежнікі будуць хадзіць па пэрымэтры з сабакам, узірацца ў біноклі, ахоўваць межы й не прапускаць расейскамоўных наведнікаў. А на заканчэньне мы зладзім вялікі фэст, на якім моўная паліцыя будзе штрафаваць тых, хто размаўляе па-расейску, а значыць — зьнішчае беларускую мову. Ніхто такога яшчэ не рабіў, а мы зробім”.

(Скобла: ) “Адно пытаньне маю на іншую тэму. Ты ў свой час працаваў над вобразам Францішка Скарыны. Як ты ацэньваеш помнік Скарыну, усталяваны ля новай бібліятэкі?”

(Лойка: ) “Нармальны помнік, нічога новага. Конкурс на ўвасабленьне Скарыны праводзіўся даўно, адразу пасьля распаду Савецкага Саюзу, што й, відаць, паўплывала на вынік. Мы, скульптары, прывыклі ляпіць Ленінаў, нашы рукі прывыклі ствараць Ленініяну. Таму Скарына ля бібліятэкі трохі падобны да правадыра ўсясьветнага пралетарыяту”.

(Скобла: ) “Дэвізам тваіх пленэраў зьяўляюцца словы Arena volat mitus manet — пясок зьнікае, міт застаецца. Радэн працаваў з мармурам, і ягоны “Вечны ідал” застанецца. Анатоль Анікейчык свае скульптуры адліваў з бронзы — і ягоны “Купала ў Ляўках” застанецца. А табе не шкада, што пасьля тваёй калясальнай працы застаюцца толькі груды пяску?”

(Лойка: ) “Не, не шкада. Груды пяску таксама разьвейваюцца. Самае галоўнае — каб засталася легенда. На пленэрах да нас часам падыходзяць дамачкі й ледзь не са сьлязьмі ў вачах пачынаюць прыгалошваць: “Ах, как жалко, что такая красота рассыплется! А нельзя ли как-то её сохранить?” А я ім кажу: “Ня гэтага шкада. Шкада, што Беларусь рассыпаецца, як пясок між пальцаў! Зірнеце сабе пад ногі: вы ж топчаце залаты скарб — беларускую мову!” І — вы ведаеце? — дзейнічае. Перад намі шырокія далягляды. Нашы легенды спачываюць у зямлі. Пад залатым пяском ляжаць залатыя постаці беларускай гісторыі. І мы іх будзем “адкопваць”!”
XS
SM
MD
LG