Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне аб замарожваньні рахункаў Лукашэнкі могуць прыняць у чацьвер


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў часе паседжаньня Рады Эўрапейскага Зьвязу ў Брусэлі абмяркоўвалася пытаньне аб замарожваньні рахункаў Аляксандра Лукашэнкі і іншых асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвязу – ня выключана, што фармальнае рашэньне ў гэтай справе будзе прынятае ўжо ў чацьвер.

У часе паседжаньня Рады Эўрапейскага Зьвязу ў агульных пытаньнях і замежнай палітыцы, у склад якой уваходзяць міністры замежных справаў краінаў аб’яднанай Эўропы, пытаньне аб замарожваньні рахункаў беларускіх чыноўнікаў закраналася, хаця ў афіцыйны парадак дня яно не ўваходзіла – сустрэча была прысьвечаная дачыненьням з Суданам, Конга, Угандай і балканскімі краінамі.

Праз тэхнічныя праблемы, а канкрэтна праз тое, што тэкст ухвалы Рады што да замарожваньня рахункаў ня быў своечасова афіцыйна перакладзены на ўсе 25 моваў краінаў аб’яднанай Эўропы, фармальнае рашэньне ў гэтым пытаньні было міністрамі адкладзенае.

Сябра Эўрапейскай камісіі ў пытаньнях замежных стасункаў Бэніта Фэрэра- Вальднэр заявіла ў Брусэлі, што ўлады Эўразьвязу “працуюць над гэтым” і выказала спадзяваньне, што “рашэньне будзе прынятае цягам найбліжэйшых некалькіх дзён”.

Між тым віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч лічыць, што эфэктыўнасьць такога кроку можа быць невялікая.

(Анышкевіч: ) “Рэч у тым, што пра гэта ўжо даволі даўно гаварылі, так што беларускія чыноўнікі, якія мелі рахункі ў краінах Эўразьвязу, напэўна перавялі свае грошы ў іншыя месцы па-за Эўрапейскім Зьвязам”.

Паводле Анышкевіча, ён зьяўляецца прыхільнікам актывізацыі перадусім “пазытыўных захадаў” Брусэлю – для дапамогі ў дэмакратызацыі Беларусі (напрыклад, увядзеньня бясплатных візаў для беларускіх грамадзянаў).

Эўразьвязаўскія дыпляматы неафіцыйна кажуць, што замарожваньне рахункаў беларускіх чыноўнікаў на чале з кіраўніком дзяржавы будзе мець толькі “сымбалічны і псыхалягічны эфэкт” і мае на мэце паказаць, што Эўразьвяз “ня спыніць падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”.

Як мы даведаліся ў Брусэлі, ня выключана, што рашэньне замарозіць рахункі будзе прынятае ўжо ў чацьвер, калі зьбярэцца Рада Эўразьвязу ў пытаньнях адукацыі і культуры.
XS
SM
MD
LG