Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочацца, каб ваш эфір працягваўся яшчэ на некалькі гадзін пазьней”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 13 – 15 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Хачу зьвярнуцца з прапановаю да вашай перадачы, каб у маю вёску Выгнашы Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці прыехаў ваш карэспандэнт. Вёска прыгожая, празь яе цячэ Агінскі канал, які знаходзіцца ў жудасным стане. Таксама гэта малая радзіма нашага міністра інфармацыі Русакевіча. Шмат чаго можна даведацца і ўбачыць там. Запрашаю каго-небудзь прыехаць у госьці”.

(Мечыслаў, Менск: ) “Паважаная “Свабода”! Я нарадзіўся тут у Беларусі, але скончыў расейскую школу. Я вельмі люблю беларускую мову, але ня вельмі магу размаўляць па-беларуску. Хацеў бы, каб Радыё Свабода са сваімі людзьмі абмеркавала такія пытаньні. Чаму ў нас адзін чалавек разумнейшы за ўсіх эўрапейцаў? Трэба правесьці аналіз, хто любіць Лукашэнку, хто яны па адукацыі, па ўзросьце і па месцы пражываньня. І трэцяе пытаньне. Чаму Расея зьмяніла ўмовы разьліку зь Беларусі? Трэба абмеркаваць артыкул у газэце “Коммерсантъ”. Усе пытаньні, мне здаецца, трэба зьвязаць з нашымі сродкамі масавай інфармацыі – у асноўным у нас прапаганда”.

(Мечыслаў: ) “Сёньня ўключыў перадачу “Особое мнение” ў 7 гадзін 30 хвілін па REN TV. Там выступаў таварыш Міхаіл, які вельмі падтрымлівае Лукашэнку. Ён казаў, што мы жывем зь Беларусьсю ў саюзнай дзяржаве... Адкажыце як-небудзь на такое пытаньне, ці ёсьць у нас саюз, ці няма”.

(Спадар: ) “Слухаў адказы прафэсара Манаева слухачам Радыё Свабода, і ў мяне ўзьніклі два пытаньні. Прафэсар Манаеў сказаў, што, згодна зь яго службай (яму, я думаю, вы верыце), Лукашэнка на мінулых выбарах набраў 63 %. Тады ўзьнікае пытаньне, чаму апазыцыя на кожным рагу крычыць, што выбары былі сфальсыфікаваныя і што ў яе скралі перамогу? Якая ж перамога, калі хай нават 20 % набраў Мілінкевіч? І другое пытаньне. Кажучы пра сацыяльнае становішча і дабрабыт жыхароў Беларусі, Манаеў адзначыў, што найбліжэйшыя суседзі жывуць лепш за Беларусь. Хацелася б даведацца, што гэта за краіны”.

(Спадарыня: ) “Тое, што я цяпер пачула зь перадачы “Палітыка” на РТР, кінула мяне ў дрыжыкі. Адзін зь вялікіх чыноўнікаў Беларусі Валеры Сураеў сказаў наступнае: “Я ня супраць, каб на тэрыторыі Беларусі разьмясьцілася ядзерная зброя. Яна абараняла б і Беларусь, і Расею”. Гэта што, ужо ідзе апрацоўваньне людзей – рыхтуюць да разьмяшчэньня гэтай страшнай зброі на нашай тэрыторыі? Усе нармальныя людзі выступаюць супраць гэтага жудаснага віду зброі, а наш палітык гэтага хоча. Што яму, мала Чарнобылю? Я ня ведаю, як адрэагуе на выступ Сураева Пуцін, але спадар Сураеў увесь час казаў, што Пуцін у сваім пасланьні шмат чаго ўзяў з таго, што ў Беларусі ўжо робіцца – для сацыяльнага, эканамічнага, дэмаграфічнага разьвіцьця краіны. Зрэшты, ужо і Лукашэнка казаў, што Расея бярэ прыклад зь Беларусі. Але больш за ўсё мяне ўразіла, што ён хоча разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі. Гэтае пытаньне трэба падняць на Радыё Свабода і абмеркаваць яго са слухачамі”.

(Спадарыня: ) “Хочацца зьвярнуцца да Лукашэнкі. Грамадзянін Лукашэнка, усенародна ня выбраны! Ганьба! 61 год зьдзекаў з самай неабароненай катэгорыі круглых сірот Вялікай Айчыннай вайны. Для вашых сыноў і ўнучкі гэта сьвята, хаця якія адносіны маюць яны да той крывавай вайны? З вашай падачы ў 1995 годзе дзеці-круглыя сіроты Вялікай Айчыннай вайны, былыя выхаванцы дзіцячых дамоў, чые бацькі цаною сваіх жыцьцяў адстаялі мір, – ніхто, божыя адуванчыкі, якія жылі і жывуць у жабрацтве, ня лічацца членамі сем’яў загінулых. Боль, гора, пакуты гэтых людзей вамі выкрасьленыя з “Закону аб вэтэранах”. Але за намі нашыя дзеці і ўжо дарослыя ўнукі, якія здолеюць аднавіць справядлівасьць. І мы спадзяемся і ўпэўненыя, што нашыя сьлёзы пакутаў абернуцца пажыцьцёвай ганьбай для вас, вашых дзяцей і ўнукаў”.

(Спадар: ) “Лукашэнка – гэта сатрап, ён прывёў народ да жабрацтва, ён усім незадаволены. Гэта палітрук, стары палітработнік. Калі можаце, перадайце ад мяне яму прывітаньне, але прывітаньне вельмі халоднае. Такі чалавек не павінен кіраваць краінай”.

(Спадар: ) “Прапанова наконт “Начной Свабоды”. Зразумела, вельмі добра, што вы гэта робіце. Але хочацца, каб ваш эфір працягваўся яшчэ на некалькі гадзін пазьней. Па-першае, вам трэба ўвесьці нейкую “начную кавярню”, дзе сапраўды можна было б весьці размовы зь людзьмі мастацкай культуры, найперш маладымі, зь людзьмі, якія сапраўды вартыя ўвагі, якія зьяўляюцца культавымі асобамі для нашай моладзі. Думаю, гэта ў першую чаргу было б вельмі цікава маладым, а публіка старэйшага ўзросту бачыла б герояў нашай нацыі”.

(Паплаўскі, Лагойск: ) “Трапіў у такое становішча, што мяне чакае тое самае, што і Зьмітра Завадзкага. Трэба, каб тэрмінова нехта з вас прыехаў, пажадана паведаміць пра гэта ў АБСЭ”.

(Спадарыня: ) “Спадары лукашысты! Вы ўвесь час злосна крытыкуеце нашых найлепшых людзей краіны, сьвет нацыі, мужных, справядлівых, разумных, інтэлігентных Аляксандра Мілінкевіча, яго жонку, паплечніцу ў барацьбе з дыктатурай, чароўную Іну Кулей, Анатоля Лябедзьку, якога зьбівалі і ня раз кідалі ў турму, крытыкуеце людзей, якіх паважаюць у Эўропе. Чаму вы не спытаеце ў Лукашэнкі, адкуль у яго мільярды, а ў яго акружэньня мільёны?”

(Марыя Іванаўна Бартось: ) “У нас сёньня вялікае сьвята, проста шчасьце – у нас на свабодзе Аляксандар Уладзімеравіч Мілінкевіч! Гэта наш лідэр, гэта наш прэзыдэнт, гэта Чалавек зь вялікай літары, які змагаецца за нас – тых, каго сьцягнулі на ўзбочыну дарогі. Вялікі дзякуй вам! Нізка кланяюся вам, Аляксандар Уладзімеравіч Мілінкевіч! Беражыце здароўе, яно патрэбнае ня толькі вам, але і нам”.

(Спадар: ) “Размаўляў наконт прэзыдэнта ў вёсцы Старына Глускага раёну Магілёўскай вобласьці з пэнсіянэрамі. Яны трымаюцца думкі, што гэты з сваёй хеўрай ужо набраў і накраў, а прыйдуць новыя, дык пакуль не набяруць і не накрадуць на сябе і на ўсю сваю хеўру, пераменаў ня будзе. Таму яны і кажуць: “Няхай лепей будзе быўшы, які накраў”.

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Сёньня праслухаў і запісаў некалькі вашых перадач, у тым ліку адказы на пытаньні прафэсара Манаева. І хачу сказаць, што вам недарэмна амэрыканцы плацяць грошы, вы добрасумленна адпрацоўваеце гэты хлеб. Вы ювэлірна тасуеце пытаньні, выбіраеце найбольш простыя – і ствараецца ўражаньне, што Беларусь – гэта спараджэньне пекла. Вы хаваеце інфармацыю аб тым, што адбываецца ў суседніх краінах”.

(Спадарыня: ) “Пачула голас Аляксандра Мілінкевіча, калі яго выпусьцілі з турмы. Вельмі радая, што ён жывы, здаровы. На сто гадоў яму здароўя, гэтаму добраму чалавеку! Хай ён жыве і будзе здаровы дзеля Беларусі, дзеля свайго народу! Вельмі радая была пачуць яго бадзёры, жывы голас! Здароўя вам, Аляксандра Мілінкевіч, і ўсім вашым сябрам!”

(Вольга, Баранавічы: ) “Некалі, у канцы нялёгкай сэсіі на Ўрале, адна студэнтка прызналася, што сумуе па добрай народнай башкірскай песьні. Гэта патрэба натомленай душы зьдзівіла і запомнілася. Вось і ў нас у Беларусі застаецца толькі марыць пра тое, каб у абедні перапынак пачуць па радыё Вайцюшкевіча з Данчыкам. А рэальна з прымача юны, дзявочы голас вам бессаромна прасьпявае, што “самое сладкое место на теле будем искать в нашей постели”.

(Спадар: ) “У сваіх паведамленьнях вы сталі казаць: “Супрацоўнікі міліцыі перапісалі пашпартныя зьвесткі”. Але я зьдзіўляюся: а што тады рабіць чалавеку звычайнаму, асабліва ўлетку, калі ня многія цягаюць па вуліцы свае пашпарты? Хацелася б пачуць меркаваньні іншых слухачоў наконт гэтага”.

(Спадарыня: ) “Пачула, жанчына пыталася, чаму за Лукашэнку галасуе шмат людзей. Няўжо яна ня ведае, што прымусілі людзей, якія працуюць, каб галасавалі за Лукашэнку – інакш паляціш з працы”.
XS
SM
MD
LG