Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Google раскажа ўсё пра пошукавыя інтарэсы нацыяў


Валер Каліноўскі, Прага На мінулым тыдні зьявілася навінка ад вядучай пошукавай інтэрнэт-сыстэмы "Google". Кампанія ўвяла новую паслугу "Google Trends" ( www.google.com/trends --> http://www.google.com/trends ), якая дазваляе даведацца, наколькі часта пэўныя словы і фразы шукаюць у тых ці іншых краінах і гарадох сьвету.

Новы праект "Гугл" паказвае, што інтэрнэт зусім не такі аднастайны, і што ў розных краінах сьвету людзі шукаюць зусім розныя рэчы. У той час, калі "Google" надае вялікую ўвагу захаваньню таямніцы сваіх індывідуальных карыстальнікаў, кампанія цяпер адкрыла ўсяму сьвету таямніцы цэлых нацыяў. Напрыклад, дацкія карыкатуры прарока Мухамэда, аказваецца, найбольш цікавяць карыстальнікаў інтэрнэту ў ісламскім Пакістане, а ў Расеі прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша шукаюць у сем разоў часьцей, чым свайго лідэра Ўладзімера Пуціна. Словы “gay sex” найбольш часта шукаюць на Філіпінах і ў Саудаўскай Арабіі, хоць гомасэксуалізм у апошняй зьяўляецца крымінальным злачынствам.

Афіцыйны Пэкін напэўна зьдзівіць, што кітайская мова ўжываецца часьцей за іншыя, апрача ангельскай, для пошуку слова “дэмакратыя”. А вось па-арабску “дэмакратыю” мала шукаюць. Затое ў арабскіх краінах часта шукаюць слова “sex”. Такім чынам самыя “сэксуальныя” нацыі паводле пошукаў у "Гугл", гэта Пакістан, Эгіпет, Віетнам. Польшча – на 10 месцы. Беларусі ў дзясятцы няма.

Слова Беларусь і ангельскімі літарамі (Belarus), і кірыліцай, як вы можаце здагадацца, найбольш часта ў інтэрнэце шукаюць у самой Беларусі. На другім месцы ў пошуку па слове Беларусь па-ангельску нечакана аказалася ...Нігерыя. Лягічнага тлумачэньня гэтаму мы пакуль ня маем. Далей ідуць Латвія, Літва, Ірляндыя.

Пік цікавасьці па ключавым слове Беларусь быў дасягнуты 20 сакавіка гэтага году на наступны дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Тут нечаканасьці няма.

Пошукавая сыстэма падае і моўную раскладку, на якой моўнай вэрсіі Гугла часьцей шукаюць тое ці іншае слова – слова Беларусь абсалютная большасьць шукае на беларускамоўнай, слова Белоруссия – прыблізна пароўну расейскамоўнай і ўкраінамоўнай, а вось шукальнікі слова Belarus (лацінкай) – падзялілася на тры амаль аднолькавыя часткі латыскую, расейскую, літоўскую моўныя вэрсіі Гугла.

Што можна сказаць пра цікавасьць да слова Лукашэнка? Гугл выявіў няўхільнае падзеньне цікавасьці да гэтага слова з 18 кастрычніка 2004 году, на графіку такая роўная пахілая лінія, якая рэзка ўздымаецца ў сакавіку 2006 году, а потым гэтак жа рэзка падае. Апрача Беларусі і Расеі Лукашэнкам цікавяцца ў Фінляндыі, Італіі, Польшчы.

Словам “Свобода” найбольш цікавяцца ва Ўкраіне, потым ідзе Беларусь, а затым з вялікім адставаньнем – Расея.
XS
SM
MD
LG