Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбудуцца Дні Эўропы


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя кіраўнікоў дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу й краінаў-кандыдатаў на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу, якія акрэдытаваны ў Беларусі. Яна была пысьвечана Дням Эўропы ў Менску, што пройдуць з 22 траўня.

Арганізуюць Дні Эўропы дыпляматычныя місіі краінаў Эўразьвязу з падтрымкай Эўрапейскай камісіі. Акумулюе ж усю працу амбасада Латвіі, якой Аўстрыя — цяперашні старшыня ў Эўразьвязе — даручыла прадстаўляць агульныя эўрапейскія інтарэсы ў Менску. Амбасадар Латвіі Майра Мора падкрэсьліла, што Дні Эўропы — гэта магчымасьць яшчэ раз згадаць і адзначыць, што беларусы — эўрапейцы, хаця й адмежаваны цяпер ад зьяднанай Эўропы:

(Мора: ) “Беларусь мае непасрэдную агульную мяжу з Эўропай. Таму надзвычай важна ведаць сваіх суседзяў, а суседзям будзе дадзена магчымасьць паказаць сябе. Гэта тым больш цікава, што ў нас былі агульныя моманты ў гісторыі, а Эўразьвяз стаў важным гандлёвым партнэрам Беларусі".

Замежныя дыпляматы ў адказах на пытаньні журналістаў асабліва падкрэсьлівалі, што Эўразьвяз не зьбіраецца будаваць сьцяну дзеля таго, каб адгарадзіцца ад Беларусі. Яны нагадалі: Эўропа чакае адпаведных крокаў менавіта ад беларускіх афіцыйных уладаў для паляпшэньня стасункаў.

У гэтай плыні прафэсар Петка Ганчаў — амбасадар Баўгарыі ў Беларусі (краіны, якая прэтэндуе на далучэньне да Эўразьвязу) лічыць, што якраз такія імпрэзы, як тыдзень Эўропы, праз музыку, кіно, спорт, літаратуру, гісторыю ды іншае могуць паскорыць працэс вяртаньня Беларусі ў Эўропу.

(Ганчаў: ) “Я думаю, гэта самы прадуктыўны падыход да Беларусі. Калі грамадзтва пераконваецца ў перавагах адной супольнасьці, якою ёсьць Эўразьвяз, тады яно само схіляецца да пераменаў (а яны будуць дэмакратычнымі). Я перакананы, што такія зьмены адбудуцца, хаця, можа, і ня так хутка, як гэтага хацелася б”.

На думку дыпляматаў, адметнасьцю тыдня Эўропы стане футбольны матч між дынамаўскімі клюбамі Менску й Дрэздэну. Кожны заўзятар да пачатку гэтай сустрэчы можа, дарэчы, паўдзельнічаць у адмысловым конкурсе ўдараў па варотах. Пераможца атрымае ганаровы прыз — квіток на самалёт да Нямеччыны, дзе ў чэрвені пачнецца футбольны чэмпіянат сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG