Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы і твары Плошчы: Ларыса Насановіч і Алег Борын


Радыё Свабода Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў і ўдзел у акцыях пратэсту. Сярод палітвязьняў менскай турмы на Акрэсьціна былі й салігорцы – Ларыса Насановіч й Алег Борын.

Ларысу Насановіч і Алега Борына затрымалі разам. Гэта было 22 сакавіка. Пасьля наведаньня Кастрычніцкай плошчы й падтрымкі ўдзельнікаў акцыі яны зьбіраліся вярнуцца дадому – у Салігорск.

Прыгадвае спадарыня Ларыса:

(Борын: ) “Я з Алегам Борыным вярталася да аўтамашыны. А дагэтуль мы былі ў вольным гарадку. Калі мы ўжо прайшлі Кастрычніцкую плошчу, са сьпіны на нас кінулася двое мужчын. Мы ўбачылі, што яны былі ў чорным адзеньні. Яны нас заштурхнулі ў аўтамашыну. Забралі нашыя мабільныя тэлефоны, адключылі іх”.

Раптоўнае зьнікненьне Алега й Ларысы выклікала трывогу ў іхных салігорскіх паплечнікаў, якія таксама бралі ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. Расказвае Ніна Ярмалінская:

(Ярмалінская: ) “Я пайшла іх шукаць. Я абышла разы тры ўвесь намётавы гарадок, але іх ня ўбачыла. Я задумалася: куды яны падзеліся? А іх ужо ў гэты час схапілі”.

Што было далей, прыгадвае Алег Борын:

(Борын: ) “Па-першае, спэцназ адносіўся да затрыманых людзей жорстка й па-зьвярынаму. Жахліва глядзець, як яны зьдзекаваліся маральна й фізычна. Нас амаль двое сутак не кармілі. Спалі ў халодных памяшканьнях– 2-5 градусаў цяпла. Нас завезьлі ў Савецкі суд”.

Ларыса Насановіч працягвае:

(Насановіч: ) “Суд быў вельмі фармальны. Мяне завялі да судзьдзі Ляўковай. Я сказала, што ўсё хлусьня, што міліцыянты напісалі. Ніякіх, маўляў, я лёзунгаў на плошчы не выкрыквала. Сьведак ніякіх не было. Мне быў зачытаны прысуд – 10 сутак арышту”.

Гэткі ж тэрмін зьняволеньня атрымаў і Алег Борын.

Абодва палітвязьні – асобы вядомыя ў Салігорску. Алег Борын – кіраўнік мясцовай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, дзейнасьць якой скіраваная на перамены ў Беларусі:

(Борын: ) “Нацыянальнае адраджэньне, барацьба з дыктатурай, асьвета сярод простага люду – што адбываецца ў краіне ў палітычным пляне, эканамічным, асьветніцкім”.

Ларыса Насановіч падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў узначальвала ў Салігорску мясцовы выбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча.

Ніна Ярмалінская лічыць, што абодва былыя палітвязьні актыўна працуюць на карысьць дэмакратызацыі Беларусі:

(Ярмалінская: ) “Яны працуюць – сустракаюцца з моладзьдзю, праводзяць гутаркі, акцыі. Ёсьць у іх сувязі зь людзьмі. Алег Борын і Ларыса Насановіч – гэта мае сябры, якіх я люблю, якім я давяраю. Усё, што яны робяць, скіравана на паляпшэньне палітычнага становішча ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG