Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі адбыў 2-гадовы тэрмін і выйшаў на волю (фота)


Радыё Свабода, Горадня Сёньня выйшаў на волю палітвязень Валеры Леванеўскі. Ён два гады знаходзіўся ў папраўчай калёніі за публічную абразу прэзыдэнта. З самага ранку спадара Леванеўскага з калёніі “Воўчыя норы”, што ў Івацэвіцкім раёне — пакуль ніхто не пасьпеў прыехаць сустрэць — завезьлі ў суседні Слонім. Аднак ён паведаміў пра гэта па тэлефоне, і сустрэча з роднымі, а таксама з актывістамі прадпрымальніцкага руху з розных гарадоў Беларусі адбылася ўжо ў гэтым горадзе.

Начальнік калёніі за два дні загадзя пацікавіўся ў Валерыя Леванеўскага: ці прыедуць яго сустракаць журналісты, палітыкі. Прагучала нават канкрэтнае прозьвішча — Аляксандар Мілінкевіч. Пра гэта расказаў мне пры сустрэчы сам палітвязень. Дарэчы, даставілі яго ў Слонім на машыне мэдычнай службы й далі на дарогу 25 тысяч рублёў. Былы вязень прызнаецца, што трымаў у руках грошы аднойчы за два гады.

Бліжэйшыя пляны спадара Леванеўскага — заняцца здароўем, пачаць пісаць кнігу, з папярэдняй назвай — “Турэмныя зацемкі”.

(Леванеўскі: ) “Адразу скажу: зьяжджаць нікуды не зьбіраюся, хаця ўсе мне раілі зьехаць адсюль чым хутчэй. Буду я тут: чым змагу, тым радзіме дапамагу. Таму што тут мая зямля, мае карані. Я хацеў бы, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў гэтай краіне, у нармальным цывілізаваным грамадзтве, і не баяліся, што заўтра нехта прыйдзе й арыштуе — папросту за тое, што не некаму не спадабалася, як ты нешта сказаў”.

Зьяўляючыся кіраўнікамі агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў, Валеры Леванеўскі й Аляксандар Васільеў два гады таму арганізавалі ў Горадні 1 траўня масавы мітынг прадпрымальнікаў — пад лёзунгамі “Свабоды! Працы!”, “Лукашэнку — у адстаўку!” і “Не — трэцяму тэрміну Лукашэнкі!” За кратамі апынуўся й спадар Васільеў, але летась яго выпусьцілі на волю па амністыі. Сёньня ён сустрэўся ў Слоніме з Валерыем Леванеўскім.

Вольны Леванеўскі так ацэньвае задачы дэмакратычных сілаў.

(Леванеўскі: ) “Шчыра скажу: падтрымліваю Мілінкевіча, падтрымліваю Казуліна, усіх падтрымліваю. Усе яны маюць рацыю — па-свойму. Адзінае: ува ўсіх вельмі шмат амбіцыяў. Не зьяўляецца ж задачай замена аднаго чалавека іншым. Галоўнае, каб Беларусь стала расквітнелай краінай. Трэба будаваць на тым, што ўжо ёсьць. Ёсьць наш народ, мы й нават, скажам, нашы апанэнты, бо яны — таксама нашы людзі, папросту думаюць інакш”.

Сёньня Валеры Леванеўскі выпіў зь сябрамі шампанскага: першы тост быў за свабоду, другі — каб за перакананьні не саджалі за краты.

Аляксандар Васільеў так сказаў пра вызваленьне свайго паплечніка.

(Васільеў: ) “Выйшаў на волю Валеры Леванеўскі. Я разумею ягоныя пачуцьці, таму што я сам гэта адчуў: калі выходзіш за браму калёніі, — нібыта, нейкі цяжар зваліўся зь цябе. Можна сказаць, як на крыльлі ляціш”.

Жонка Валерыя, Марына, была ляканічнай.

(Леванеўская: ) “Ну, што сказаць? Я яго кахаю!”

Са Слоніма Валеры Леванеўскі накіраваўся на гарадзенскія могілкі, да бацькі, Станіслава Антонавіча, памерлага прыканцы мінулага году. (Валерыя тады на пахаваньне з калёніі не адпусьцілі.) Пасьля палітвязень наведаў маці, Дануту Васілеўну. Заўтра спадар Леванеўскі дасьць прэсавую канфэрэнцыю для гарадзенскіх журналістаў.

Фотарэпартаж







На здымках: першае фота на свабодзе; сустрэча з Аляксандрам Васільевым; з актывістамі прадпрымальніцкага руху; першы раз за больш чым два гады — у лесе, на волі.

У сераду, 17 траўня, а 13-й гадзіне паводле менскага часу на сайце Радыё Свабода адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з актывістам прадпрымальніцкага руху Валерам Леванеўскім. Свае пытаньні Вы можаце задаваць ужо цяпер — на старонцы форуму svaboda.org/forum.
XS
SM
MD
LG