Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не магу не дзякаваць Лукашэнку за тое, што сваім здаровым ладам жыцьця, вонкавым выглядам ён служыць узорам санітарна-асьветнай працы...”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 14 траўня 2006 году) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пошта апошніх дзён — гэта адбітак і рэха гарачай мітынговай вясны, гучных палітычных арыштаў, раптоўных надзей і такіх жа раптоўных расчараваньняў… Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавіч свой новы ліст на Свабоду назваў наступным чынам: “Сьмех празь сьлёзы, альбо пра гераізм маладых сызыфаў і канчатковую тэатралізацыю Мілінкевіча”. Разважаючы пра апошнія апазыцыйныя акцыі ў Менску, спадар Марціновіч прыходзіць да наступнай высновы:

“За апошняе дзесяцігодзьдзе склалася стабільная сытуацыя ўспыхваньня ў Менску гэтай пастаяннай лічбы — 10-ці тысяч незадаволеных празаходніх маладых прагрэсістаў. На тле зусім іншага стану правінцыі (а, зрэшты, і астатняга Менску) у гэтых людзей няма ніякай магчымасьці зьмяніць краіну.

У рознай ступені ідэі гэтай групы менскіх прагрэсістаў адпрэчваюць астатнія 99,8 працэнта насельнікаў Беларусі. У народзе ёсьць глыбокая падсьвядомая асьцярога хаосу й бязьмежжа — як у Расеі пры Ельцыне.

Таму й ператвараецца ў пастаяннага заштатнага тэатральнага апазыцыянэра Мілінкевіч — каб захаваць аблічча. Сёньня ў Беларусі зусім не часы СССР ці царскай Расеі: Мілінкевіч, Казулін (падобна як Хадаркоўскі ў Расеі) ніякага спачуваньня, шкадаваньня, шанаваньня й гераічнага іміджу сабе за турэмнымі кратамі ня высядзяць”.

Пытаньні выклікае Ваша, спадар Марціновіч, лічба — 99,8 працэнта. Столькі людзей у Беларусі — Вы лічыце — адмаўляюць ідэі моладзі, якая выйшла ў сакавіку на Кастрычніцкую плошчу. Паводле Вашай лёгікі, калі б падтрымлівалі, — ішлі б на плошчу разам з моладзьдзю. Ня думаю, спадар Марціновіч, што Вы ня ведаеце, якой была палітычная атмасфэра ў Менску й Беларусі напярэдадні 19-га сакавіка й што пагражала людзям, гатовым ісьці ў тыя дні на плошчу ў цэнтры Менску. Адважыўся выйсьці, можа, толькі кожны соты з тых, хто быў па-сапраўднаму абураны. Бо для гэтага патрабавалася немалая грамадзянская мужнасьць і адвага. Кожны, хто выйшаў, ведаў: ягоны ўчынак можа скончыцца турмой, стратай працы, адлічэньнем з унівэрсытэту, перасьледам сям’і…

26-га красавіка ў аглядзе пошты Свабоды прагучаў ліст былога вайскоўца Міколы Канаховіча з Пружанаў на тэму візавых санкцый Эўразьвязу й ЗША адносна высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Аўтар ліста выказваў меркаваньне, што кола “неўязных” неабходна пашырыць, уключыўшы ў яго, у тым ліку, і ўсіх раённых “вэртыкальшчыкаў” ды іхных сваякоў.

Мая заўвага пра тое, што сем’і ня мусяць несьці адказнасьць за службовыя дзеяньні сваіх надзеленых уладай бацькоў ці братоў, выклікала супярэчлівую рэакцыю некаторых слухачоў. Вось адзін зь лістоў на гэту тэму з Горадні — на жаль, ананімны (як, дарэчы, і многія іншыя карэспандэнцыі апошняга часу).

“Пачуў Ваш, спадар Жданко, камэнтар — і мне стала кепска. Альбо вас там усіх купілі, альбо вы трапілі да нас зь Месяца. На Вашу думку, радзіна служкаў рэжыму тут ні пры чым? Ні пры чым дзеці высокапастаўленых начальнікаў, якія, дзякуючы пратэкцыі, атрымліваюць высокія пасады? Ні пры чым мой сусед, які раней быў апазыцыянэрам, а потым раптам стаў прыхільнікам Лукашэнкі — пасьля таго, як ягоны сын ажаніўся з дачкою нейкага аблвыканкамаўскага начальніка? Значыць, ні пры чым тыя грошы, якія сваякі трацяць у вас на Захадзе — грошы, атрыманыя, дзякуючы рэжыму?

Вы памыляецеся, калі думаеце, што намі кіруюць блудныя авечкі. Усе яны добра ведаюць, што ў выпадку страты ўлады згубяць ня толькі грошы, маёмасьць і пасады, але й свабоду.

А што тычыцца становішча апазыцыі, то горш, чым цяпер, ёй ужо ня будзе. Так што Мікола Канаховіч добра ведае, што прапанаваць. А Вам, спадар Жданко, трэба ў нас пажыць, каб даваць такія камэнтары. Не падпісваю ліста, бо пад ім падпішацца любы нармальны беларус”.

Такі вось ліст атрымалі мы днямі з Горадні.

Я, шаноўны слухач, жыву не за мяжой, а ў Беларусі — тут нарадзіўся, вучыўся, усё жыцьцё працаваў. І спадзяюся, што сваю радзіму ніколі не пакіну. Але гэта так, між іншым. Я разумею стан людзей, апантаных пачуцьцём помсты. Але нянавісьць і помсьлівасьць — ня самыя лепшыя дарадцы. Калі скласьці сьпіс ворагаў свабоды й дэмакратыі паводле крытэраў, прапанаваных Міколам Канаховічам, то ў яго трапяць сотні тысяч прозьвішчаў. Хто зь іх вінаваты, а хто — не? Чаму ў сьпіс трэба ўключаць сына раённага “вэртыкальшчыка”? А раптам ён не падзяляе поглядаў бацькі і ўпотай падтрымлівае апазыцыю? А што, калі й сам гэты “вэртыкальшчык” не ў захапленьні ад афіцыйнай палітыкі — аж да таго, што ціха захоўвае бел-чырвона-белы сьцяг, акуратна зьняты ў 95-м годзе з райкамаўскага будынку? Пры тым жа, з пасады сваёй сысьці ня можа, бо папросту няма куды сыходзіць.

Гэтыя сьпісы, шаноўны слухач, ня могуць вырашыць тых праблем, якія здатна вырашыць толькі само беларускае грамадзтва. І ня варта перабольшваць іхнага значэньня. А людзям, якія імкнуцца прысьпешыць зьмены ў дзяржаве, напэўна, трэба думаць не над тым, як скласьці як мага шырэйшы сьпіс ворагаў, а над тым, як пашырыць кола сваіх сяброў і аднадумцаў.

Аўтар наступнага ліста — дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пастноў, незадаволены тым, як Свабода асьвятляе падзеі ў Беларусі й ролю Аляксандра Лукашэнкі.

“Я не магу не дзякаваць Лукашэнку за тое, што сваім здаровым ладам жыцьця, вонкавым выглядам ён служыць узорам санітарна-асьветнай працы. Бачу простых хлопчыкаў і дзяўчынак, захопленых спортам, у новых палацах, на спортпляцоўках. У кожнай школе ўзімку заліваюць каток, кожную суботу — спартовае сьвята.

…А колькі зьявілася аздараўляльных, дыягнастычных цэнтраў з сучасным абсталяваньнем. Столькі не збудаваў ніводзін прэзыдэнт. І я прашу вас: спыніце бруд і хлусьню, а грошы аддайце на ахову здароўя й барацьбу з Чарнобылем.

Ніводзін прэзыдэнт не зрабіў для народу, для здароўя столькі, як наш Лукашэнка. У эканоміцы я не разьбіраюся, але бачу, што жывём мы ня горш за іншых. І сокі п’ём, і мяса ямо, і рыбу. А тое, што любім мучное ды салодкае, — віна наша. Вось таму й хварэем”

Гэты свой ліст на Свабоду дзіцячы доктар Ігар Пастноў зь Віцебску суправаджае наступнай прыпіскай:

“Я не настолькі наіўны, каб думаць, што вы зачытаеце мой ліст у эфіры. Канечне, вы яго згубіце. Але тады я яшчэ раз пераканаюся, што свабоды на вашай “Свабодзе” ня больш, чым у лягеры “Гуантанама”.

Як бачыце, спадар Пастноў, ліста Вашага мы не згубілі й камплімэнтарны стыль допісу нас не зьбянтэжыў і не спалохаў. Многія людзі ў Беларусі думаюць і ацэньваюць дзейную ўладу гэтак жа, як і вы. Для выказваньня такіх ацэнак і камплімэнтаў у краіне шмат магчымасьцяў: усе дзяржаўныя мэдыі расказваюць пра жыцьцё ў Беларусі пераважна якраз у такой стылістыцы.

Але нямала й іншых людзей. Вы ім, спадар Пастноў, пра новы дыягнастычны цэнтар у Віцебску, а яны Вам — пра дзясяткі зьліквідаваных фэльчарска-акушэрскіх пунктаў у аддаленых вёсках; Вы — пра лядовыя палацы й каткі ў гарадзкіх школах, а яны — пра кампанію вынішчэньня малакамплектных вясковых школ, у выніку якой многім дзецям да месца вучобы даводзіцца дабірацца гадзінамі за дзясяткі кілямэтраў…

І вось гэтым людзям, спадар Пастноў, выказацца няма дзе: іхныя галасы ў дзяржаўных мэдыях не гучаць. Сыстэму такую, калі людзі пазбаўлены магчымасьці распаўсюджваць і атрымліваць аб’ектыўную й поўную інфармацыю, стварыла якраз гэтая ўлада, якой Вы так захапляецеся.

Па-ранейшаму многіх нашых слухачоў цікавіць тэма страчаных у савецкім Ашчадным банку грашовых укладаў. Беларуская дзяржава, прызнаючы свае абавязкі перад падманутымі грамадзянамі, адначасова адмаўляецца выплачваць кампэнсацыі. Чаму? Як і многія людзі, задае гэта пытаньне наш слухач Максім Лыч са Сьветлагорску.

“Як нас інфармуюць дзяржаўныя мэдыі, у эканоміцы Беларусі — вялізныя посьпехі. Гадавы рост — больш за 10 працэнтаў (чаго няма нават у эканамічна разьвітых краінах). Прыбыткова працуе сельская гаспадарка, зьбіраем добрыя ўраджаі, у некалькі разоў павялічылася зарплата, умацаваўся беларускі рубель, зьведзена да мінімуму беспрацоўе, будуюцца грандыёзныя спартовыя й культурныя комплексы, праводзяцца шматдзённыя фэстывалі, намерваемся асвойваць космас, будаваць тэлевежу й АЭС…

На ўсё гэта сродкі знаходзяцца. А вось каб вярнуць людзям іхныя ж грошы, якія згарэлі ў Ашчадным банку, — тут сродкаў няма. Як жа так? Думаю, пацярпелым грамадзянам самім трэба больш актыўна патрабаваць ад улады вяртаньня ўкрадзеных грошай”.

Мне ўжо неаднойчы даводзілася выказвацца на гэтую тэму, спадар Лыч. З аднаго боку, улада спасылаецца на тое, што такіх грошай, каб заплаціць усім падманутым, у яе няма: на гэта спатрэбілася б некалькі гадавых бюджэтаў дзяржавы. Тут не выратуе эканомія ні на якіх будоўлях і фэстывалях. Але з другога боку, — яна нічога ня робіць для таго, каб хаця б часткова кампэнсаваць страты альбо распачаць выплаты. Разьлік, відочна, на тое, што колькасьць падманутых укладчыкаў з кожным годам зьмяншаецца, — і рана ці позна гэта праблема адпадзе сама па сабе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
XS
SM
MD
LG