Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: Чаму распадаюцца беларускія сем''і?


Галіна Абакунчык, Менск У Міністэрстве працы паведамляюць, што ў мінулым годзе ў Беларусі было зарэгістравана 73 тысячы 333 шлюбы. Адначасна 30 тысяч 571 сям’я распалася. Чаму ў Беларусі так часта скасоўваюцца шлюбы?

(Спадарыня: ) “Чаму, на маю думку, распадаюцца сем’і? Я думаю, што гэта залежыць ад сям’і, — усё ідзе зь дзяцінства. Што дзеці бачыць, тое яны з часам пераносяць на свае сем’і”.

(Юнак: ) “Я лічу, што гэта матэрыяльныя праблемы. А таксама таму, што ў нас малая нараджальнасьць. Многія сем’і безь дзяцей — і гэта, відаць, іх ня стрымлівае”.

(Спадарыня: ) “Можа быць, папросту мужы адчуваюць сябе вольнымі й ня ўмеюць трымаць адказнасьць за захаваньне сям’і”.

(Спадар: ) “Пэўна так, што людзі, якія ствараюць сям’ю, яшчэ не падрыхтаваны да таго, каб гэту сям’ю ствараць”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, я думаю, што гэта матэрыяльны недахоп. Мужы мала зарабляюць, жонак гэта не задавальняе. Жанчына таксама часта ня мае магчымасьці мець добрую працу. Таксама жыльлёвыя праблемы. Жывуць разам з бацькамі, і гэта ўплывае. У кожнай сям’і свае прычыны”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вельмі многія сем’і ў Беларусі распадаюцца?”

(Юнак: ) “Я ня ведаю. Магчыма, што маці ці бацька хочуць жыць з іншым чалавекам. А таксама, што фінансы не дазваляюць утрымліваць сям’ю — і людзі жывуць паасобку”.

(Юначка: ) “Ведаеце, на гэты момант у нас такое становішча ў краіне, што сем’і занядбаныя. Сям’я — гэта такі інстытут, які мае падтрымку на Захадзе. У нас ніякай такой падтрымкі няма. Мне здаецца, сем’і яшчэ й не ствараюцца з гэтай прычыны”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што ў нашай краіне лепш за ўсё захоўваюцца тыя сем’і, якія збудаваны з прынцыпу нармальных чалавечых адносін. А ў большасьці не хапае культуры, выхаваньня — гэта ўсё й правакуе разводы”.

(Юначка: ) “Гэта зьвязана з матэрыяльным становішчам сям’і й тым, што рана жэняцца”.

(Спадар: ) “Эканамічная нястача — галоўны чыньнік. Няўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Ці ня ўсё?”
XS
SM
MD
LG