Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя нямецкія дэмакраты наведваюць Беларусь


Радыё Свабода У Беларусі знаходзіцца дэлегацыя моладзевай арганізацыі кіроўнай партыі Нямеччыны ХДС/ХСС (Хрысьціянска-Дэмакратычны Саюз і Хрысьціянска-Сацыяльны Саюз). Прадстаўнікі самай буйной моладзевай партыйнай арганізацыі Нямеччыны прыехалі азнаёміцца са становішчам у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьцю дэмакратычнай апазыцыі й наладзіць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю.

У складзе нямецкай дэлегацыі, што прыехала ў Беларусь, міжнародны сакратар Моладзевага саюзу Томас Шнайдэр, мэнэджэр-дырэктар Георг Мільдэ, дакладчык па Беларусі Маркус Нігерман і сябра фэдэральнай рады гэтай арганізацыі Ян-Хэндрык Клапс.

Моладзевая арганізацыя ХДС/ХСС ужо ня першы год займаецца беларускай праблематыкай. Дэпутаты гэтай арганізацыі ў Бундэстагу й Эўрапарлямэнце былі аднымі з ініцыятараў прыняцьця апошніх жорсткіх рэзалюцыяў, у тым ліку, — і ў справе забароны на ўезд у Эўразьвяз 31 беларускаму чыноўніку. Цяпер адной з асноўных задачаў нямецкага Моладзевага саюзу ёсьць падтрымка рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў. Гаворыць Георг Мільдэ:

(Мільдэ: ) “Я хацеў бы адзначыць, што, паводле нашай інфармацыі, у Беларусі адлічана ўжо 35 студэнтаў. Многім пагражае адлічэньне падчас бліжэйшай сэсіі. І тут спатрэбіцца канкрэтная дапамога. Наколькі я ведаю, Польшча й краіны Балтыі ўжо зрабілі пэўныя захады. І ў Нямеччыне таксама мы спрабуем знайсьці ня толькі месцы для навучаньня ва ўнівэрсытэтах, але й адшукаць сродкі на стыпэндыі — праз розныя фонды. Перад ад’ездам у Беларусь я вёў размовы з кіраўніцтвам нашай партыі ХДС/ХСС. І мне было пацьверджана, што кіраўніцтва партыі ўжо вядзе перамовы з Фэдэральным урадам, Міністэрствам адукацыі, каб падтрымаць студэнтаў, адлічаных зь беларускіх унівэрсытэтаў”.

Нямецкая дэлегацыя цягам знаходжаньня ў Беларусі плянуе сустрэцца з Аляксандрам Мілінкевічам і сябрамі ягонай каманды, а таксама з прадстаўнікамі моладзевых грамадзка-палітычных арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG