Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз гатовы замарозіць банкаўскія рахункі Лукашэнкі


Сяргей Абламейка, Прага Эўрапейскі Зьвяз гатовы замарозіць замежныя банкаўскія рахункі Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ 30 вышэйшых службовых асобаў Беларусі. Аб гэтым сёньня паведамляе брытанская газэта “Financial Times”.

Брытанская газэта спасылаецца на дыпляматаў адразу зь некалькіх дзяржаваў, якія сказалі, што ўрады 25-ці краінаў Эўразьвязу згадзіліся з замарожваньнем рахункаў вышэйшых чыноўнікаў Беларусі. Гэтае рашэньне, паводле “Financial Times”, будзе адказам Эўразьвязу на несвабодныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў сакавіку сёлета і наступнае зьняволеньне ў турме галоўнага кандыдата апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Пад санкцыі, апрача Аляксандра Лукашэнкі, трапяць і 30 вышэйшых урадоўцаў, сярод якіх міністар унутраных справаў, генэральны пракурор, старшыня КДБ, міністар інфармацыі і кіраўнік Палаты прадстаўнікоў.

Рашэньне аб замарожваньні рахункаў павінна было быць прынятае сёньня, аднак яго затрымала тэхнічная праблема – адсутнасьць праекту пастановы на усіх 25 мовах краінаў Эўразьвязу.

Вось як гэта пракамэнтавала камісар зьнешніх дачыненьняў Эўразьвязу Бэніта Фэрэра-Вальднэр:

(Фэрэра-Вальднэр: ) “Я не ўпэўненая, што рашэньне будзе прынятае сёньня. Але ў бліжэйшыя дні мы, гэта значыць Эўрапейская Камісія, паспрыяем гэтаму”.

Цяпер чакаецца, што рашэньне аб санкцыях супраць вышэйшых урадоўцаў Беларусі будзе прынятае на сустрэчы міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў Брусэлі ў бліжэйшыя дні. “Financial Times” цытуе таксама аднаго зь эўрапейскіх дыпляматаў, які сказаў, што аб даце прыняцьця санкцыяў ня варта шмат гаварыць публічна, бо грошы могуць быць пераведзеныя на іншыя рахункі, напрыклад, у Швайцарыю, дзе іх арыштаваць будзе значна цяжэй.

Варта дадаць, што апублікаваную газэтай “Financial Times” інфармацыю аб замежных рахунках кіраўніка Беларусі ды іншых вышэйшы службовых асобаў у адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі назвалі “поўнай лухтой”.
XS
SM
MD
LG