Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З абноўленымі пашпартамі выяжджаць за мяжу пакуль рызыкоўна


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня аддзелы візаў і рэгістрацый (АВІР) мусілі пачаць выдаваць пашпарты новага ўзору. Аднак — паведамляюць у Дэпартамэнце грамадзянства й міграцыі МУС Беларусі — пакуль што тэхнічна здолелі наладзіць гэту працу толькі ў Менскай вобласьці: ува ўсіх астатніх рэгіёнах, уключна й зь Менскам, абноўленыя пашпарты пачнуць выдаваць пазьней.

Як стала вядома, у пашпарт дададзена каля дзясятка новых элемэнтаў абароны, а таксама падвышана ягоная ўстойлівасьць да вонкавых узьдзеяньняў. Між тым, МУС Беларусі рэкамэндуе бліжэйшым часам не выяжджаць за межы краіны з новым пашпартам, бо пра новаўведзеныя нормы не папярэджаны замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы.

Спробы на ўласныя вочы пабачыць абноўлены пашпарт аказаліся бясплённымі: у менскіх АВІРах сёньня выдавалі даўно знаёмыя пашпарты з уклеенымі старым спосабам фатаздымкамі ўладальнікаў. Кіраўнік Упраўленьня грамадзянства й міграцыі МУС Аляксей Бягун у гэтай сувязі патлумачыў, што АВІРы тэхнічна не пасьпелі асвоіць новай тэхналёгіі.

(Бягун: ) “Сёньня ў Менску выкарыстоўваецца яшчэ старая тэхналёгія выдачы пашпартоў. Прычым, і ў астатніх абласьцях новай тэхналёгіі яшчэ не асвоілі — яе павінны ўзяць на ўзбраеньне бліжэйшым часам. Па новай формуле пачала працаваць толькі Менская вобласьць. А Менск пакуль што блянкі старых пашпартоў выкарыстоўвае”.

Адна з новых уласьцівасьцяў пашпарту — выява ўладальніка. Замест ранейшай фатакарткі здымак грамадзяніна будзе адсканаваны й выдрукаваны праз прынтэр. У адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі, выява твару будзе павялічана й зойме ня менш за 60% поля фатаздымка.

Пакуль ува Ўпраўленьні грамадзянства й міграцыі раяць не сьпяшацца выяжджаць за мяжу з такімі пашпартамі. З улікам таго, што 3-я і 31-я старонкі асабовага дакумэнту будуць запаўняцца паводле новага ўзору, у памежнікаў іншых краінаў могуць узьнікнуць пэўныя пытаньні. Між тым, інфармацыя пра гэтыя зьмены, як стала вядома з размовы з Аляксеем Бегуном, да іншых дзяржаваў яшчэ нават не даведзена.

(Бягун: ) “Працэдура, збольшага, ніяк ня зьменіцца. Мы праінфармавалі ўжо ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы, але пакуль што… (голас іншага супрацоўніка: “Яшчэ нікога мы не інфармавалі…”) …А, не праінфармавалі яшчэ: сёньня толькі інфармацыя пойдзе ў дыппрадстаўніцтвы… Ну, тады крыху будзе затрымка ў часе. Але тэхналёгія, пры гэтым, ня зьменіцца. Папросту павялічваецца колькасьць элемэнтаў абароны пашпарту. Гэта ня новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта — новая тэхналёгія запаўненьня яго. І калі ён пройдзе працэдуру афармленьня для выезду за мяжу, то можна будзе, я думаю, езьдзіць”.

Як удакладніў спадар Бягун, пашпарты старога ўзору будуць дзейснымі цягам тэрміну, на які яны выдадзены, уключна й з магчымасьцю выезду за мяжу. Разам з тым, не плянуецца ніякіх зьменаў у справе афармленьня дазволу на выезд. Судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валянцін Шуклін гаворыць, што цягам мінулых гадоў суд зрабіў усё магчымае дзеля скасаваньня штампу (за кожны год дзейнасьці якога трэба, да таго ж, плаціць 15 даляраў), аднак дзяржаўныя службы палічылі скасаваньне заўчасным.

(Шуклін: ) “Ну, што можна сказаць? Дзяржаўныя органы, у цэлым, такі падыход успрынялі станоўча. Такі законапраект быў падрыхтаваны, і пры канцы лістапада 2004 году праца над гэтым праектам была завершана. Тады ён і быў перададзены ў адпаведныя дзяржаўныя структуры — дзеля прапанаваньня на сэсію парлямэнту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG