Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня выходзіць на волю Валер Леванеўскі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня пасьля двухгадовага зьняволеньня з Івацэвіцкай калёніі выходзіць на волю лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі. Сваякі і сябры разьлічваюць сустрэць яго каля турмы, хаця і не выключаюць “сюрпрызаў” з боку ўлады. На сёньня Валер Леванеўскі бадай што адзіны арыштаваны ў Беларусі апазыцыянэр, які ў зьняволеньні адбыў увесь прызначаны судом тэрмін.

Большасьць з арыштаваных адпускалі на волю хаця б на год раней. Адным дапамагала амністыя, некаторым пашчасьціла выйсьці на волю праз умоўна-датэрміновае вызваленьне. Валер Леванеўскі адсядзеў сваё, як кажуць, ад званку да званку. 15 траўня 2004 года быў арыштаваны, атрымаў праз суд два гады, 15 траўня 2006 года мусіць выйсьці на волю. Але ці сапраўды гэта адбудзецца сёньня?

Як паведаміў Свабодзе сын вязьня Уладзімер, напярэдадні з калёніі сваякам двойчы пацьвердзілі: перашкод ня будзе, усё падрыхтавана і ў панядзелак Валер Леванеўскі будзе свабоды. Паводле Ўладзімера, бацька адчувае сябе добра.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Ён піша лісты і нічога не паведамляе, што яму блага. Рыхтуецца выйсьці на волю. Канешне, як атрымаецца, невядома. Ня выключана, што адпусьцяць неяк хітра, прыкладам адразу з ранку, ды не дазволяць узяць асабістыя рэчы. Але нам сказалі, што выпусьцяць у гадзінаў 10 раніцы, магчыма ў 11”.

Апошнім часам ўсіх вядомых арыштантаў выпускалі зь менскіх турмаў раней абяцанага. Гэтак абышліся з Міхаілам Марынічам, які выходзіў зь менскай калёніі пасьля двух гадоў зьняволеньня, гэтаксама днямі атрымалася з арганізатарамі Чарнобыльскага шляху Аляксандрам Мілінкевічам, Сяргеям Калякіным ды Вінцуком Вячоркам. Палітыкі мяркуюць – каб не адбыліся іх сустрэчы зь людзьмі, якія ім спачуваюць і падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Гарадзенскі прадпрымальнік Аляксандр Васільеў, які адсядзеў больш за год паводле таго ж артыкулу, па якім пакаралі Валера Леванеўскага, сёньня будзе сустракаць сябра ля Івацэвіцкай калёніі.

( Васільеў: ) “Вельмі рады, што на волю выходзіць мой сябра, з якім мы разам атрымалі свае тэрміны. Веру, што ён выходзіць не зламаным, ён будзе і надалей змагацца. А тое, што мы гэтак пацярпелі, дэманструе боязь уладаў. Боязь свабоды слова, нават таго, што людзі прытрымліваюцца закону і Канстытуцыі”.

За два гады зьняволеньня Валера Леванеўскага каралі карцэрам ды накладалі іншыя пакараньні нібыта за парушэньні дысцыпліны. На гэтай падставе яго пазбавілі права на амністыю. У адказ Валер Леванеўскі некалькі разоў праводзіў галадоўкі пратэсту.

Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў былі асуджаны нібыта за паклёп на прэзыдэнта. Суд убачыў тое ва ўлётцы, якую прадпрымальнікі распаўсюдзілі ў Горадні напярэдадні мітынгу. У ёй было напісана : “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.
XS
SM
MD
LG