Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці стане Міжнародны дзень сям’і сьвятам і ў Беларусі?


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня -- Міжнародны дзень сям”і, які быў заснаваны 15 траўня 1993 году на Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб”яднаных Нацыяў. Чым адметнае гэтае сьвята ў Беларусі, як жывуць, напрыклад, шматдзетныя сем’і

Напярэдадні маці 15 дзяцей Іна Прыгожая зь Віцебску паскардзілася Радыё Свабода на чыноўнікаў мясцовага гарвыканкаму.

(Прыгожая: ) “Яны нават не запісваюць мяне на прыём да старшыні. Гавораць: “Ён заняты!”. Куды мне зьвяртацца й што рабіць?”

Са словаў Іны Прыгожай, яе сям”я ўжо завінавацілася за камунальныя паслугі 17 мільёнаў рублёў і штомесяц пазыка павялічваецца яшчэ на 400 тысячаў. “У цагляным асабняку, які падаравала некалі савецкая ўлада, сьцены ня грэюць, дах працякае, вокны вывальваюцца”, -- даводзіць гаспадыня.

(Прыгожая: ) “Дваццаць гадоў жывём – ніхто вінціка не закруціў, а грошы бяруць нібыта за замак. Дзеці вырасьлі і дом гэты ўжо малы для іх”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у сем”ях беларусаў з адным дзіцем грашовыя расходы на 4% ніжэй сярэдняга па краіне. У сем”ях з двума дзецьмі – на 26, а калі дзяцей трое й больш, то – на 50%. Дэкляраваная дзяржавай дапамога, як вынікае з паведамленьня начальніцы аддзелу міністэрства працы й сацыяльнай абароны насельніцтва Іны Чутковай, істотных вынікаў не дае.

(Чуткова: ) “Некалькі павялічылася колькасьць шлюбаў, скарачаюцца разводы. У апошнія тры гады быццам бы стабілізавалася нараджальнасьць”.

Сярод адмоўных фактараў Іна Чуткова называе вялікую колькасьць сацыяльных сіротаў – іх зараз больш як 30 тысячаў. Усяго 30 % мужчынаў плацяць алімэнты. Шматдзетных сем”яў толькі 5 %.

Аналітык Канстанцін Скуратовіч лічыць, што дзеці ў Беларусі зьяўляюцца абдзеленай сацыяльнай групай. У Міжнародны дзень сям”і ён нагадвае пра больш надзейныя гарантыі ў краінах Эўропы.

(Скуратовіч: ) “На Захадзе лічыцца, што калі маці не працуе і ў яе двое дзяцей, а бацька ня мае магчымасьці забясьпечваць сям”ю на ўзроўні сярэдніх патрэбаў па краіне, то яны лічацца беднымі людзьмі. І таму дзяржава, зыходзячы з таго, што ў дзіцяці, якое вырасьце ў беднасьці, застанецца пэўная крыўда, падцягвае гэтую сям”ю да сярэдняга сацыяльнага становішча. У нас жа калі дасягнуў мінімуму спажывецкага кошыку, то усё: лічыцца, што ніхто на цябе не павінен зьвяртаць аніякай увагі”.

Дадам, што сёньня некаторыя маці й дзеці запрошаныя ў менскі палац дзяцей й моладзі. Іншыя наведаюць канцэрт ў тэатры музыкальнай камэдыі. І яшчэ ў Нацыянальным цэнтры творчасьці дзяцей адбудзецца конкурс. Ня шмат адрасоў , але й ў Беларусі сёньня не ігнаруецца Міжнародны дзень сям”і.
XS
SM
MD
LG