Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну рэфэрэндуму моладзь у Менску правяла некалькі акцый


Любоў Лунёва, Менск Учора ў Менску ў часе сьвяткаваньня афіцыйнага "Дня дзяржаўнага сьцяга і герба" было затрымана некалькі чалавек са значкамі “За свабоду” і бел-чырвона-белымі стужкамі. Нагадаем, 14 траўня 1995 году дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” ў выніку рэфэрэндуму былі замененыя на падпраўленую савецкую сымболіку. Цягам дня актывісты моладзевых незарэгістраваных рухаў правялі некалькі акцый. На афіцыйныя ўрачыстасьці ля Палаца спорту, куды запрашалі менчукоў гарадзкія ўлады, людзей прыйшло няшмат.

Моладзевыя актывісты з незарэгістраваных арганізацый “Малады фронт”, “Моладзь БНФ”, а таксама ўдзельнікі флэш-мобаў ладзілі шэраг акцый. Яны правялі талаку на Маскоўскіх і Вайсковых могілках. Магілы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Чыгрынава і Міхаіла Ткачова прыбралі і ўпрыгожылі бел-чырвона-белымі стужкамі і кветкамі. У парку імя Горкага некалькі сем’яў гулялі са сваімі дзецьмі. На іх былі значкі “За свабоду” і бел-чырвона-белыя шалікі. Дзеці трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцяжкі.

Некалькі хлопцаў і дзяўчат замацавалі бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвах і будынках у цэнтры сталіцы, а таксама ў грамадзкім транспарце.

А 7 вечара каля Палаца спорту гарадзкія ўлады праводзілі афіцыйнае мерапрыемства. Туды былі сьцягнуты ўсе сілы міліцыі, спэцназ і спэцслужбы. Некалькі кардонаў спэцназу ахоўвалі людзей з дзяржаўнымі сьцягамі.

Калі я прайшла праз кардон, каб паразмаўляць з тымі, якія трымалі сьцягі, па рацыях спэцназаўцаў гучна прагучала: “Сачыце, каб яна чаго са сьцягамі не зрабіла!” Гэта выклікала рогат сярод журналістаў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Высьветлілася, што сьцягі даручылі несьці студэнтам акадэміі фізкультуры.

Мінакам раздавалі сьцяжкі з абрэвіятурай БРСМ. Некаторыя іх бралі.

(Карэспандэнтка:) “Ведаеце, зь якой нагоды вам далі сьцяжкі? Якое сьвята?”

(Юнак:) “Ведаем… Ну… Тут напісана…”

(Дзяўчына:) “Дзень дзяржаўнай сымболікі Рэспублікі Беларусь.”

Большасьць маладых людзей адмаўляліся браць сьцяжкі.

(Хлопец:) “Папросту мне не падабаецца. Вырашылі прайсьціся са сваім сябрам. Паглядзець. Жах… Ім далі падачку. Сьвята. Знайшлі нейкую нагоду.”

Мінакам апроч сьцяжкоў давалі каляндарыкі з выявай БРСМ. Адны іх бралі, іншыя дэманстратыўна кідалі ў сьметніцы.

(Карэспандэнтка:) “Каляндарык БРСМ-аўскі адразу ж у сьметніцу выкінулі. Чаму?”

(Мінак:) “Кінуў, бо гэта ня варта нашай дзяржавы. Я лічу, што гэты беларускі сьцяг – гэта ня наш беларускі сьцяг. Калі ўжо так пайшло, то я скажу, што Беларусьсю кіруе Расея. Ведаеце, я за сваю дзяржаву, але не за гэты лад.”

Спэцназаўцы затрымалі некалькі чалавек каля Палаца спорту са значкамі “За свабоду” і бел-чырвона-белымі стужкамі. Юнакоў трымалі больш за тры гадзіны. Усіх адпусьцілі, перапісаўшы спачатку пашпартныя зьвесткі.
XS
SM
MD
LG