Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі намётавага лягеру абмеркавалі далейшыя сумесныя дзеяньні


Севярын Квяткоўскі, Ратамка-Менск Збор удзельнікаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы скончыўся сёньня пад Менскам непадалёк ад пасёлку Ратамка. Больш за сто чалавек, пераважна моладзь, два дні дыскутавалі пра шляхі далейшай сумеснай работы. Удзельнікі сходу агучылі маніфэст сваёй сустрэчы.

13-14 траўня ўдзельнікі сакавіцкіх падзеяў на Плошчы ізноў жылі ў намётах, і зноў пад наглядам міліцыі. Розьніца толькі ў тым, што цяпер маладыя людзі змаглі спакойна паразмаўляць: надвор’е было цёплым, а прадстаўнікі ўладаў абмежаваліся забаронай на паленьне вогнішчаў.

(Хлопцы: ) "Канешне, хацелася ўбачыць усіх, хто браў удзел у намётавым мястэчку. І наагул, пабачыць аднадумцаў: людзей, якія не падтрымліваюць рэжым, які зараз пануе ў Беларусі".

Многія ізноў пабачылі аднадумцаў, зь якімі пазнаёміліся альбо на Плошчы, альбо ў камэрах на Акрэсьціна ці ў Жодзіна.

Тут жа былі сябры з Украіны, якія дзяліліся сваім досьведам і сваімі ўражаньнямі ад Беларусі. Напрыклад, кіеўлянін Анатоль перакананы, што цяпер у Беларусі пачаў фармавацца сапраўдны грамадзянскі супраціў:

(Анатоль: ) “Найстрашнейшы вораг для якога-кольвек таталітарнага рэжыму – гэта сеткі. Сеткі людзей, якія не адносяцца да якой-небудзь партыі ці арганізацыі. Структуры з гарызантальнымі сувязямі. Дзе кожны чалавек ведае чаго ён хоча, мае пэўны кавалак задач, і іх выконвае”.

Адзін з аўтараў маніфэсту сходу, магілёвец Зьміцер Салаўёў, патлумачыў галоўны сэнс сустрэчы:

(Салаўёў: ) “Наагул ідэя палягае ў тым, што гэта супольнасьць салідарнай узаемадапамогі чалавеку. Практычна, гэта сетка такіх маленечкіх арганізацый, якія каардынуюцца праз пэўныя цэнтры, як рэгіянальныя, гэтак цэнтральны. Прычым, цэнтар ані ў якім разе не кіруе імі, а толькі спалучае”.

Змагары сакавіцкай Плошчы падкрэсьліваюць па-за партыйнасьць меркаванай структуры. З аднаго боку, сярод удзельнікаў сходу багата сябраў арганізацыяў і актывістаў рухаў. Зь іншага – мноства звычайных людзей, якія прыйшлі на Плошчу, каб адстаяць сваю грамадзянскую пазыцыю. Такім чынам, кожны і надалей будзе займацца сваёй справай, але маючы падтрымку новых знаёмых. Напрыклад, праз новы інфармацыйны інтэрнэт-партал, які распрацоўваюць удзельнікі Плошчы.

На разьвітаньне адзін з хлопцаў мне сказаў:

(Хлопец: ) “Сустрэнемся яшчэ не аднойчы, і будзем сьвяткаваць сваю перамогу”.
XS
SM
MD
LG