Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чырвоным касьцёле адбылася лекцыя, прысьвечаная кнізе “Код да Вінчы”


Галіна Абакунчык, Менск У менскім касьцёле сьвятых Сымона й Алены адбылася лекцыя, прысьвечаная кнізе амэрыканскага пісьменьніка Дэна Браўна “Код да Вінчы”. Яе падрыхтаваў і правёў прафэсар Міхаіл Цяўлоўскі, які ўзначальвае навуковы цэнтар касьцёлу. Лекцыя праходзіла цягам двух дзён і была прысьвечана разбурэньню новых тэорыяў пра жыцьцё Ісуса Хрыста, выкладзеных у кнізе.

Праз параўнальны аналіз навуковых дасьледаваньняў і мастацкіх вобразаў, выкладзеных у кнізе, Міхаіл Цяўлоўскі заявіў, што аўтар“Кода да Вінчы” сфальшаваў гістарычную праўду. Прафэсар перакананы, што Дэн Браўн наўмысна сказіў хрысьціянскія догмы, што нібыта Хрыстос шлюбаваўся з Марыяй Магдалінай, каб пахіснуць веру ў Хрыста й хрысьціянства на карысьць іншых рэлігіяў сьвету. А таму вернікі павінны супрацьстаяць гэтаму наступу, кажа спадар Цяўлоўскі.

(Цяўлоўскі: ) “Глядзіце, як яна падхопленая: яе тут жа памясьцілі ў інтэрнэт, яе пачалі друкаваць, здымаць кіно й рэклямаваць. Усё гэта дзеля той жа "Аль-каіды" і міжнародных тэрарыстаў, якія змагаюцца з хрысьціянствам. Замоўчваць такія кнігі – гэта тое ж, што ведаць пра пухліну ў чалавека й схаваць яе. У выніку яна разбурыць увесь арганізм, і чалавек загіне”.

Лекцыя прафэсара Цяўлоўскага была падмацаваная слайдамі-ілюстрацыямі й праходзіла ў тэатральнай залі Чырвонага касьцёлу. А ўдзел у ёй прынялі людзі рознага веку й заняткаў, вернікі й сьвецкія. Вось што яны казалі па завяршэньні імпрэзы:

(Юнак: ) “Я веруючы чалавек, і для мяне гэта даволі цікавая лекцыя была, тэхнічна аснашчаная. Я згодны з лектарам, што ёсьць такая зброя – сродкі масавай інфармацыі, якія ўплываюць на псыхіку чалавека, добра паказаныя доказы. Я з гэтым згодны”.

(Спадарыня: ) “Вельмі, канечне, цікава. Я лічу, што ўсё гэта патрэбна. І мне прыемна, што прыйшлі многія людзі, у тым ліку маладыя. Што ў нас ня толькі п''янства адно. Мне спадабалася. Я не зьбіралася, але прыйшла і з задавальненьнем паслухала”.

У сваю чаргу, літаратурныя крытыкі не сьпяшаюцца падзяляць хваляваньні навукоўцаў і царкоўных герархаў з прычыны нападкаў на хрысьціянства. Адзін зь іх – Павал Абрамовіч – гэтак пракамэнтаваў Свабодзе сэнс кнігі “Код да Вінчы”:

(Абрамовіч: ) “Я не лічу, што гэтая кніга антырэлігійная. “Код да Вінчы” Дэна Браўна ўсё-ткі забава. Але ж пэўная частка грамадзтва, у тым ліку беларускага, лічаць, што гэтая забава досыць небясьпечная, бо ў нас да рэлігіі гэтак ня ставяцца. На маю думку, гэтая кніга адлюстроўвае тугу чалавека па сярэднявеччы й патрапіла на прыдатную глебу”.

Падчас лекцыі ў Чырвоным касьцёле яе удзельнікі абмеркавалі магчымасьць стварэньня аргкамітэту па накіраваньню лістоў пратэсту аўтару “Кода да Вінчы”, тэле- й кнігавыдаўцам, а таксама міжнародным арганізацыям.
XS
SM
MD
LG