Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі намётавага лягеру зладзілі сустрэчу на беразе Менскага мора


Севярын Квяткоўскі, Ратамка Удзельнікі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы сабраліся 13 траўня на беразе Менскага мора блізу пасёлку Ратамка. Галоўная мэта сустрэчы – выпрацаваць агульную стратэгію для далейшага адстойваньня сваіх поглядаў, ідэі свабоднай дэмакратычнай Беларусі. У намётавым лягеры ля Менскага мора знаходзіцца наш карэспандэнт.

У лягеры сабралася больш за 100 чалавек, і ўсё падыходзяць новыя. Галоўнае адрозьненьне ад сакавіцкіх падзеяў – вельмі цёпла. Лягер разьбіты на травяным полі непадалёк ад шашы Менск-Маладэчна. Справа ў тым, што цяпер у Менскай вобласьці забаронена знаходзіцца ў лесе, бо абвешчаная пажаранебясьпечная сытуацыя.

За зборам удзельнікаў намётавага лягера сочыць мясцовая міліцыя. Вось цяпер удзельнікі распачалі сустрэчу, утварылі вялікае кола і па чарзе прамаўляюць. Слова Сяржуку Салашу, аднаму зь ініцыятараў сустрэчы.

(Карэспандэнт: ) "Калі ласка, Сяржук, патлумачце, якога выніку Вы чакаеце ад сустрэчы?"

(Салаш: ) "Я б вельмі хацеў, каб гэтая сустрэча мела сапраўды нейкі практычны вынік, каб гэта не была проста сустрэча, каб паглядзець адзін аднаму ў вочы пасьля тых векапомных сакавіцкіх падзеяў 19-25 сакавіка. Я б хацеў, каб мы прынамсі прынамсі здолелі заманіфэставаць грамадзтву тое, што мы разам, што мы выступаем за салідарнасьць, узаемадапамогу, і тое што мы ўсе выступаем за Беларусь. Мы ўсе вельмі розныя, у нас розныя погляды, у нас сапраўды існуюць розныя канцэпцыі што да разьвіцьця падзеяў у Беларусі, але мы мусім быць разам, таму што калі ня моладзь, якая стаяла на Майдане, дык хто можа зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне?"

Дарэчы, прывітаньне ўдзельнікам сходу перадаў Аляксандар Мілінкевіч. Але самі ўдзельнікі падкрэсьліваюць сваю па-за партыйнасьць, гавораць пра важнасьць супраціву на ўзроўні самаарганізацыі. Як варыянт – ствараць самастойныя лякальныя групы, якія б мелі сваю мабільную каардынацыю.
XS
SM
MD
LG