Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебская моладзь правяла флэш-моб у падтрымку газэты “Наша Ніва”


Радыё Свабода, Віцебск Каля двух дзясяткаў удзельнікаў пратэсту супраць уціску ў дачыненьні да найстарэйшай беларускай газэты, сабраліся а 17-й вечара ў цэнтры горада, на прыступках тэатра імя Якуба Коласа.

Пра пачатак акцыі распавёў адзін з удзельнікаў, які назваўся Сяргеем і паведаміў, што ён – студэнт адной зь віцебскіх ВНУ.

(Хлопец: ) “Нас сабралася каля 15-20 чалавек, я не магу падлічыць дакладна. Кляснае надвор''е ў Віцебску, яно дужа спрыяе чытаньню нашай роднай газэты “Наша Ніва”. Але мы чытаем яе даволі незвычайным чынам – пасеўшы на паасобнікі “Советской Белоруссии”. Паселі, выбачайце, на нашага ППРБ, і пад званы бліжэйшае Дабравешчанскае царквы чытаем свае газэты. “Наша Ніва” – гэта апошні падмурак, я сказаў бы, мацаваньне нашае беларускае ідэнтычнасьці, нашае сьвядомасьці. Усё гэта вельмі важна, я думаю”.

На ўдзельнікаў флэш-мобу зь цікаўнасьцю пазіралі мінакі, а ахоўнікі правапарадку за час акцыі так і не зьявіліся ў полі зроку. Празь дзесяць хвілін хлопцы і дзяўчаты падняліся, дэманстратыўна парвалі нумары “СБ” і занесьлі абрыўкі ў сьметніцу, а потым разьбегліся, забраўшы з сабой асобнікі “Нашай Нівы”.
XS
SM
MD
LG