Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяц галадае за кратамі ў Горадні Мікалай Аўтуховіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч месяц галадае ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы N1. Цяпер ён ня можа насіць сваё ранейшае адзеньне, яно стала яму занадта вялікім. Гэтымі днямі ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні адбываецца працэс па крымінальнай справе супраць Аўтуховіча. Яго абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў зь вялікімі стратамі для бюджэту.

Цяперашняя галадоўка Мікалая Аўтуховіча — пятая за два з паловай гады. У судзе ён заявіў, што будзе працягваць галадаць, бо лічыць сябе невінаватым, у процілеглым выпадку ён бы прымаў ежу і не рызыкаваў сваім здароўем, сказаў абвінавачаны. Свой стан ён падтрымлівае толькі гарбатай зь мёдам. Але, паводле адваката Галіны Івановай, у любым разе такая працяглая галадоўка адбіваецца на здароўі. Гэта пацьвярджае калега Аўтуховіча з Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка, які прысутнічаў на апошнім судовым паседжаньні, што адбылося ў пятніцу.

(Асіпенка: ) “Ён за месяц вельмі схуднеў, папрасіў, каб яму перадалі адзеньне іншага памеру. Яму цяпер перадалі швэдар, кашулю, джынсы сорак шостага памеру. Раней у яго быў пяцьдзесят другі памер мінімум, а цяпер сорак шосты”.

Арыштаваны папрасіў, каб яму перадалі ў турму лекі. Ён, у прыватнасьці, мае праблемы з зубамі і дзяснамі, што стала вынікам ягоных галадовак пратэсту. Праўда, паводле адваката Галіны Івановай, афіцыйна ён ня робіць заяваў наконт свайго здароўя, хоча, каб суд не зацягваўся.

Уладзімір Асіпенка гаворыць, што ходзіць Мікалай Аўтуховіч павольна, але гаворыць нармальна, актыўна ўдзельнічае ў працэсе, але просіць каб яго хутчэй закончылі, паколькі яму цяжка. Аднак пакуль што заслухалі дзевяць сьведкаў з сарака аднаго. Прычым адвакаты хадайнічалі, каб дапыталі яшчэ пяць сьведкаў.

Паводле Ўладзімера Асіпенкі, у судзе апытваюць кіроўцаў, якія працуюць на таксоўках, што належаць Мікалаю Аўтуховічу.

(Асіпенка: ) “Яны гавораць, і ў сваіх паказаньнях стараюцца выгарадзіць Аўтуховіча, а насамрэч робяць яму кепскую паслугу. Ён устае і кажа: ты гавары праўду, не выдумвай нічога. Сам задае пытаньні, напрыклад: як насельніцтва Ваўкавыску ставілася да нашага радыётаксі?”

Уладзімер Асіпенка зазначае: пракурор задае пытаньні такім чынам , што нібыта галоўным для кіроўцаў было не захаваць свае працоўныя месцы, а дапамагчы Аўтуховічу па-ранейшаму атрымліваць вялікія прыбыткі ад таксі.

На сёньняшні дзень у Мікалая Аўтуховіча дваццаць пяць аўтамабіляў. Пасьля адпаведнага прэзыдэнцкага дэкрэту 2003 году кіроўцы, якія езьдзілі на ягоных таксоўках, страцілі працу. Як індывідуальны прадпрымальнік, ён меў права пакінуць у сябе толькі траіх зь іх. Каб таксі працягвала існаваць, трэба было ствараць нейкую фірму. Прадпрымальнік падпісаў дамову з фірмай “Ніка-транс”, куды перайшлі кіроўцы, якіх ён надалей стаў наймаць для працы на сваіх машынах. Дзяржаўны абвінаваўца, аднак, лічыць, што Аўтуховіч павінен быў стварыць менавіта ўласную фірму таксі, а раз ён не зрабіў гэтага, значыцца, ухіляўся ад выплаты падаткаў, бо падаткі з фірмы спаганяюць значна большыя.

Судзяць Мікалая Аўтуховіча паводле другой часткі артыкулу 243 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якім прадугледжана максымальнае пакараньне — да сямі гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе. Разам зь ім абвінавачаным па справе зьяўляецца дырэктар фірмы “Ніка-транс” Юры Лявонаў.

Мікалая Аўтуховіча спачатку пасадзілі ў сьледчы ізалятар мінулай восеньню, ён 74 дні галадаў за кратамі, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Яго перавялі пад хатні арышт, з-пад якога ён пазьней уцёк. Яго шукалі два месяцы і затрымалі 8 красавіка ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG