Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: айцец Мікалай Шамяціла


Уладзімер Арлоў, Менск 1877, в.Аброва (цяпер Івацэвіцкі раён) – чэрвень 1933, Менск

У студзені 1920-га рэвідэнт Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту па Слуцкім павеце Андрэй Бараноўскі ў адной з сваіх справаздачаў не бязь зьдзіўленьня пісаў у менскую ўправу ЧБНК: “Знайшоў у Слуцку прыхільніка беларускага, папа, які з амбону гаварыў сялянам а Беларусі і а патрэбе яе незалежнасьці. Дэкляраваў і далей настаўляць сялян у гэтым кірунку. Прасіў прысылаць газэту й літаратуру”.

Праваслаўным сьвятаром, які прыемна ўразіў рэвідэнта сваімі поглядамі, быў Мікалай Шамяціла. Выпускнік Менскай сэмінарыі й Маскоўскай духоўнай акадэміі, ён у 1914-м атрымаў прызначэньне на пасаду настаяцеля Слуцкага катэдральнага сабору сьв. Мікалая. Хоць дакумэнтаў пра сувязі айца Мікалая з кіраўнікамі Слуцкага збройнага чыну не захавалася, можна з упэўненасьцю сказаць, што яго незалежніцкія казаньні ўмацоўвалі патрыятычны дух случакоў і прывялі многіх зь іх у шэрагі паўстанцаў.

За савецкім часам мітрапаліт менскі і беларускі Мельхісэдэк хіратанізаваў яго ў сан Слуцкага япіскапа. Як і мітрапаліт, айцец Мікалай быў прыхільнікам стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, што лічылася надзвычай небясьпечным і царкоўнымі ўладамі ў Маскве, і бальшавікамі. Мельхісэдэка ў 1925-м судзілі “за раскраданьне царкоўнай маёмасьці” і “контррэвалюцыйную прапаганду”. Па слуцкага ўладыку ўпершыню прыйшлі ў 1926-м. Празь сем гадоў ГПУ зноў арыштавала яго па справе “контррэвалюцыйнай праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі”.

Абвяшчэньне свайго прысуду – восем гадоў канцлягераў – ён перажыў усяго на два тыдні: у чэрвені таго самага 1933-га, згодна адной з вэрсіяў, уладыка Мікалай памёр ад тыфусу, згодна другой – быў расстраляны ў Менскай турме і таемна пахаваны на гарадзкіх лютэранскіх (Нямецкіх) могілках. Паводле савецкай завядзёнкі могілкі тыя з часам ператварыліся ў сквэр на цяперашняй вуліцы Купрыянава, дзе сярод старасьвецкіх клёнаў па нечым недаглядзе захавалася адзінае перакуленае надмагільле.
XS
SM
MD
LG