Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хачу параіць міліцыі прайсьціся па вуліцах Менску... – там пачуеце лаянку, сапраўдную лаянку. Вось там і штрафуйце – а гэтыя, што стаялі на плошчы, ніколі ня будуць брыдкасловіць, бо ўсе яны размаўляюць па-беларуску"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за пятніцу, 12 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Ніна Ярмалінская: ) “Аўтаадказьнік, на маю думку, павінен працаваць з 9 гадзін вечара, як і раней. Новыя формы сувязі з радыёслухачамі вельмі абуральныя”.

(Спадарыня: ) “Паважаны спадар Манаеў! Я ведаю з размоваў сваіх знаёмых, якія адчуваюць сябе сярэднім клясам. Узьнікае такое пытаньне: як наш сярэдні ўзровень суадносіцца з эўрапейскімі стандартамі? Мы хочам ведаць, які дастатак мы маем на справе?”

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак: ) “Пытаньне да Іны Кулей: зь Нямеччыны на перадачы “Госьць на Свабодзе” сьведчыць, што за мяжой жадаючых дапамагчы беларускай апазыцыі вельмі шмат. Прапаную на навуковай выснове так званага мазгавога штурму вырашаць праблемы дзеяньняў і падтрымкі апазыцыі не кулюарна, а ўсім сьветам, талакой, напрыклад, стварыўшы часовую ці пастаянную рубрыку. Адразу прапаную неапрацаваную ідэю стварэньня сусьветнага паміж дзяржаўнага агульна-грамадзкага фонду падтрымкі беларускай апазыцыі пад назвай умоўнай “Мільярд” з мэтай пачаць сыстэмны збор з усіх крыніц на замежны банкаўскі рахунак мільярда даляраў. Жабрацтва беларусаў меншымі сродкамі і дэмакратыю ў Беларусі не выратаваць. Вам здасца гэта мэта недасягальная і невырашальная, але ліхая бяда пачатак”.

(Спадарыня: ) “Паліна Смолава ўжо рыхтуецца да выступленьня на “Эўрабачаньні”. Але, на мой погляд, яна дарэмна стараецца, наўрад ці яна заваюе там хаця б 15-е месца. Таму што агітавала яна на канцэртах за Лукашэнку, а Эўропа Лукашэнку ўвогуле не ўспрымае ніяк. Таму ёй трэба было ўвогуле адмовіцца ад паездкі, бо яна зрабіла дрэнную справу, а хоча быць там нейкай пераможцай. Сумняваюся я, што ў яе гэта атрымаецца”.

(Спадарыня: ) “Мы, людзі сталага веку, павінны прыслухоўвацца і падтрымліваць нашу моладзь, якая па сваім поглядам адрозьніваецца ад нас. Яны ідуць у будучыню з надзеяй на лепшую долю, яны выказваюць свае думкі, але заместа таго, каб іх выслухаць і зрабіць адпаведныя вынікі, міліцыя і па гэты час арыштоўвае, зьбівае і саджае за краты. І гэта адбываецца амаль кожны дзень. Такое ўражаньне, што міліцыянтам болей няма чаго рабіць. Мы бачым, што запалохаць іх немагчыма, бо зьмяніўся сьветапогляд на розныя рэчы. Пры затрыманьнях іх абвінавачваюць, што яны брыдкасловілі. Хачу параіць міліцыі прайсьціся па вуліцах Менску, на прыпынках, на базару і іншых людных месцах – там пачуеце лаянку, сапраўдную лаянку. Вось там і штрафуйце – атрымаеце многа грошаў. А гэтыя, што стаялі на плошчы, ніколі ня будуць брыдкасловіць, бо ўсе яны размаўляюць па-беларуску, а там няма брыдкіх словаў”.

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Паслухаў я ўчора выказваньні некаторых слухачоў, у якіх яны вельмі ганяць перадачы Радыё Свабода. Мусіць, моцна іх закранаюць вашы перадачы, што яны гатовы лаяцца на ўсіх. Асабіста я і, на маю думку, большасьць слухачоў вельмі ўдзячны вам за вашу працу. Вы для нас самая даступная крыніца праўды, таго, што адбываецца на Беларусі і ў сьвеце. Дзякуй вам за гэта”.

(Спадар: ) “Вялікае дзякуй за тое, што вы працуеце ў эфір. Дай Бог, каб гэта дапамагло. Яшчэ раз шчырае дзякуй”.

(Спадар:) “Скажыце, калі ласка, чым зараз займаецца Мілінкевіч?”

(Калянда Віктар, Мачулішчы: ) “Ёсьць праблема. Хачу, каб вы перадалі расейскай Радыё Свабода, што іх, па-мойму, глушаць”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я вельмі рада, што ёсьць “Свабода” беларуская. Так прыемна паслухаць вас! Мы набіраемся розуму, становіцца лёгка. Думаю, што хутка будзе ў нас вялікая перамена, іншая ўлада, іншы прэзыдэнт. Гэта вельмі добра было б для нас усіх, для нашай краіны. Так мы ўжо стаміліся ад гэтай улады”.

(Аляксандар Лапіцкі, Менск: ) “Прывітаньне, Алег Цімафеевіч! Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца празелітам канцэпцыі моцнай дзяржаўнай улады, тэарэтычна абгрунтаванай і праведзенай у жыцьцё Ўладзімерам Леніным, партыяй бальшавікоў, партыяй асаблівага тыпу, Сталінам, Гітлерам і іншымі апосталамі гэтай канцэпцыі. У чым пазытыўныя і адмоўныя бакі гэтай канцэпцыі? Моцная ўлада робіцца альбо на даверу масаў, альбо на страху да прадстаўнікоў гэтай улады. Якімі мэтадамі насаджаецца страх у грамадзтве? Як пазбавіцца ад гэтага страху? Што павінен зрабіць кожны грамадзянін любой краіны і міжнароднай суполкі, каб пазбавіцца ад такой моцнай улады? Ці не было памылкай увядзеньне ў Беларусі, як і ў іншых рэспубліках, у тым ліку і ў Расеі, увядзеньне прэзыдэнцкай формы кіраваньня замест парлямэнцкай рэспублікі?”

(Спадар: ) “Толькі што пачуў ад вас, што сёньня будзе прымушаны сам пайсьці да лукашыстаў Станіслаў Шушкевіч. Калі, ня дай Бог, яго таксама пасадзяць, як Мілінкевіча ці Лябедзьку, то я асабіста абвяшчаю гэтым беззаконьнікам маю асабістую вендэту. І будзь, што будзе! Надакучыла! Мы ж людзі, Эўропа, 21 стагодзьдзе! А яны ўявілі сябе вяршыцелямі нашых лёсаў, жыцьця! Хто іх упаўнаважыў так крывавіць і апускаць нас, краіну Быкава, Караткевіча?! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Хачу задаць пытаньне. Па якой прычыне і чаму Беларусь не ўваходзіць у склад Эўропы? Гэта дае рэжыму рабіць тое, што ён хоча, а мы ня можам гэта абскардзіць. Мы ня можам абараніцца ад рэжыму, як Расея, Украіна і ўсе краіны Эўропы. Тыя краіны, што ўваходзяць у склад Эўропы, там рэжыму няма і ён там не бясчынствуе. Патлумачце мне, калі ласка, сёньня ўвечары. І хто ў гэтым вінаваты? Раней жа была дэмакратыя, Шушкевіч, Кебіч, Вярхоўны Савет, чаму тады не ўвайшлі ці можа нас выключылі?”

(Раіса Мікалаеўна, Магілёў: ) “Віншую шаноўнага Аляксандра Ўладзімеравіча Мілінкевіча з выхадам на свабоду! Зычу яму моцнага здароўя, посьпехаў у барацьбе за яго і нашу свабоду! Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Хачу падзяліцца ўражаньнем. Учора слухала апытаньне Іны Кулей. Гэтая жанчына вартая захапленьня. Вельмі прыемна яе слухаць. Яна мужная жанчына. Я дзіўлюся, дзе нашыя мужчыны? Куды яны падзеліся? Яны, як нейкія краты, забраліся ў норы, ім усё роўна. А Інай Кулей я захапляюся, яна малайчына! Яна трымае марку беларускай жанчыны, жонкі, маці. Ну, проста разумніца! Часьцей, калі ласка, яе да сябе запрашайце”.
XS
SM
MD
LG