Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – навіны беларускага Інтэрнэту 11 траўня


*** У беларускім сеціве 11 траўня блукаў Севярын Квяткоўскі.

Віцебскі гарадзкі партал "Навіны Віцебск-Інфо" (http://w3.vitebsk.by/) паведамляе пра збор подпісаў супраць будаўніцтва забаўляльнага комплексу ў цэнтры гораду на плошчы Свабоды. Цікава, што ў сваіх намаганьнях знайшлі паразуменьне кіраўнікі праваслаўнай царквы і навукоўцы-археолягі. Збор подпісаў ідзе ў праваслаўных прыходах. Для сьвятароў важна, што пад пляцам захоўваюцца падмуркі. Сьвятар Аляксандар кавалёў цьвердзіць: “Гэтае месца намоленае. Многія яшчэ памятаюць Мікалаеўскі сабор, які месьціўся тут пасьля вайны”. Для навукоўцаў важны гістарычны слой. Дзе захаваліся парэшткі замку, некалькіх цэркваў і сабору езуітаў.

Сайт “Трэці шлях” (www.3dway.org) нагадвае пра грамадзянскую ініцыятыву “Надпішы купюру”. На старонцы зьмешчаныя фразы, якія можна пускаць у народ, пішучы іх на банкнотах Нацыянальнага банку. Напрыклад:

* “БТ хлусіць” * “Умееце хлусіць і не чырванець? Вас чакаюць на БТ” * “Захацеў локшыны ? Уключы ОНТ” * “Здымі локшыну з вушэй – парві Саўбелію” * “Хочам праўды! Абрыдла БТ!” * “Я не гляджу ОНТ”

"TOL Блогі Беларусі" (www.tolblogs.org/belarus/by) сустракае сьвежым абмеркаваньнем закліку штабу Мілінкевіча да завадатараў флэш-мобаў – гуртавацца вакол руху “За свабодную Беларусь”, выказваючы крытыку дзейнасьці некаторых людзей у штабе Мілінкевіча:

"Чуць воплескі захапленьня пра ініцыятыву штаба Мілінкевіча не давялося. – піша аўтар пад нікнэймам nearBY. – Штосьці падказвае, што ідэя цэнтралізаваць флэшмобэрскі рух сыходзіла не ад самога Мілінкевіча, а ад кагосьці зь ягоных функцыянэраў, прычым – маладзейшых. Але ў заяве проста сьвеціцца юнацкі максымалізм, спалучаны зь недасьпелымі дыктатарскімі замашкамі. Бо хто яшчэ на цьвярозую галаву катэгарычна абвесьціць пра тое, што “цэнтар скаардынуе ЎСІХ актыўных аўтараў і ўдзельнікаў flashmob’аў”? А чаго вартае патрабаваньне “ідэі і прапановы ў папяровым выглядзе – пакідаць на Сядзібе БНФ (вул. Машэрава, 8 ) з пазнакай “Для Flashmob цэнтру”? Задума насамрэч выдатная – наладзіць сувязь зь людзьмі ў оф-лайне. Але ж стылістыка, мамачкі родныя…"

Сайт “Беларускія студэнты” (www.studenty.by) публікуе артыкул Юрася Новікава “Піва на ўсе выпадкі жыцьця”:

“Дык якім жа півам лепш пачаставацца? Адказу дакладнага няма і быць ня можа. Кожны чалавек мае свой непаўторны густ, нехта захапляецца шчыльным карамэльным смакам портэра, хтосьці любіць крышталёва чысты і празрысты смак эўрапейскіх лягераў, а для кагосьці піва – толькі адзін з абавязковых кампанэнтаў для кактэйлю “The Ruff” – ёрш, які так папулярны ў нашых усходніх суседзяў. Ды й кожны з нас у розных выпадках аддасьць перавагу адпаведна розным гатункам. Вось пра тое, да якіх выпадкаў што можа пасаваць, мы і паразважаем”. Ад Юрася Новікава вы можаце дазнацца як і якое піць піва:

* Калі горача * На возеры * За абедам * За столікам * На вялікай гулянцы * У дождж

У поле зроку аўтара патрапілі шмат якія айчынныя брэнды, а таксама шэраг замежных. Не абышоў аўтар тых, хто любіць піва, але ня любіць ужываць алькаголь. У артыкуле вы можаце сустрэць нечаканыя, а як на чыйсьці густ, супярэчлівыя спалучэньні. Але ж, варта прачытаць, і, вядома ж, пакаштаваць.

Сайт “Беларуская Масква” (www.maskva.com) працягвае публікаваць свае фрашкі: кароткія замалёўкі зь жыцьця беларусаў у Маскве:

“Зайшоў у рэстарацыю “Дурдінъ”. У мэню пабачыў надпіс: “Оладьи картофельные (драники)». Зразумела, як толькі падышоў афіцыянт, сябар мой зьвярнуў увагу на гэтую таўталёгію.

- Ну, у Маскве пакуль яшчэ ня ўсе беларусы, – адказаў той.

Слова "пакуль" мне тут найбольш падабаецца”.

Таксама на сайце вы можаце пабачыць гумарыстычную карту Масквы, адмыслова зробленую для беларусаў, якія дагэтуль езьдзяць у гэты горад, як “у сталіцу сваёй Родзіны”. Станцыі мэтро пазначаныя назвамі кшталту “Менск-3”, “Бартосікі”, “Шарэцкая”, “Крэсы Ўсходнія (Смаленскія)” ды іншыя.

І на заканчэньне прапанова з сайту газэты “Навінкі” (www.navinki.net/portal). Аўтары заўважылі, што апошнія вулічныя дэманстрацыі прыроўніваюцца ўладамі да парушэньня правілаў дарожнага руху. “Неўзабаве кожны пешаход на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для любога руху па вуліцы будзе абавязаны мець пры сабе адмысловае пешаходнае пасьведчаньне, а таксама дзяржаўныя рэгістрацыйныя нумары на верхняй вопратцы (зь пераду і ззаду)”.

“А ці ты гатовы здаць іспыт на атрыманьне пешаходных правілаў?” – задаюць пытаньне “Навінкі”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG