Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец атрымаў пяць дзён адпачынку


Радыё Свабода Агляд незалежнага друку за 12 траўня

Сёньня “Витебский курьер” паведамляе, што Павал Севярынец адпушчаны Ветрынскай камэндатурай да бацькоў на пяць дзён. Журналісты нагадваюць, што палітычны вязень адбыў ужо трэцюю частку тэрміну прысуду і, паводле заканадаўства, мае права на зьмену меры пакараньня. Прымусовая праца на так званай “хіміі” можа быць замененая на хатні арышт, удакладняе выданьне.

Чаму сёлета падаткі на прадпрымальнікаў Віцебскай вобласьці павялічылася ажно на 25 працэнтаў? Праблему дасьледуе рэгіянальны тыднёвік. Як высьвятляецца, абласны Савет дэпутатаў значна павялічыў стаўкі мясцовых падаткаў. Своеасаблівым рэкордам зьяўляецца сума ў 124 тысячы рублёў, якую ўладальнікі гандлёвага месца мусяць выдаткоўваць цяпер штомесяцу.

Газэта “Бобруйский курьер” распавядае сёньня пра паразу міліцыі ў судовай справе супраць яе пазаштатных карэспандэнтаў. Паведамляе аўтар Віктар Качан.

(Качан: ) “Затрыманьне адбылося напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”. Пазаштатных аўтараў нашага выданьня Юрыя Сьветлякова й Мікіту Быцэнку абвінавацілі ў дробным хуліганстве. У судзе міліцыянты чыталі адказы па паперцы. Суд выслухаў усіх сьведак і вынес рашэньне аб закрыцьці справы”.

У “Брестской газете” сёньня хвалюючыя падрабязнасьці да гібелі пілёту дэльтапляну на фэсьце “Славянскае братэрства”. Выданьне піша, што Ўладзімер Юлоўскі з Віцебску ўпаў з вышыні 80 мэтраў. Як высьвятляецца, на гэтых спаборніцтвах 90 працэнтаў апаратаў былі самаробныя.

У Слуцку сёлета ня будзе створаны музэй касманаўтыкі СССР. Як паведамляе газэта “Інфо-курьер”, згарэлі пабудовы, прызначаныя для экспазыцыі. Падрабязнасьці – ад журналіста Алеся Дастанка.

(Дастанка: ) “Яшчэ нават не прыехалі аўтамашыны пажарнай службы, як я ўжо быў там. Будынак гарэў. Там раней быў ваенкамат, пазьней плянавалі музэй касманаўтыкі. Але ж нядаўна “праскочыла” інфармацыя, што гэтыя збудаваньні ўлады меліся пусьціць у продаж з аўкцыёну...”

Са словаў Алега Дастанка, прычыны падпалу будынку высьвятляе Слуцкая міжраённая пракуратура.
XS
SM
MD
LG