Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае аб''яднаньне замежнай РПЦ з Маскоўскім патрыярхатам?


Радыё Свабода Расейская праваслаўная царква за мяжой абвясьціла пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам РПЦ. Агульназамежны сабор расейскай праваслаўнай царквы, што гэтымі днямі адбываецца ў амэрыканскім горадзе Сан-Францыска, абвясьціў пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам. Царкоўныя герархі замежжа здымаюць са сваіх маскоўскіх адзінаверцаў ранейшыя абвінавачаньні за падпарадкаваньне “бязбожным уладам” і супрацоўніцтва з КДБ. Пра гісторыю РПЦ у замежжы расказвае Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) "Расейская праваслаўная царква за мяжой была створаная ў 1924 годзе групай эпіскапаў ў эміграцыі ў Срэмскіх Карлаўцах на чале з кіеўскім мітрапалітам Антонам Храпавіцкім, які ў 1917 годзе быў адным з кандыдатаў на патрыяршы трон. Эпіскапы патлумачылі свой крок тым, што яны ня ў стане выконваць загады патрыярха Ціхана, паколькі той несвабодны і дзейнічае пад ціскам з боку савецкай ўлады.

У такіх гістарычных абставінах яны вырашылі арганізаваць незалежныя царкоўныя структуры. У 1927 годзе эпіскапы ў эміграцыі парвалі лучнасьць з Масквою, калі намесьнік патрыярха Сяргей Страгародзкі падпісаў славутую дэклярацыю ляяльнасьці ў дачыненьні да савецкіх уладаў.

Царква ў замежжы цягам дзесяцігодзьдзяў не прызнавала Маскоўскі Патрыярхат і абвінавачвала яго ў “граху сергіянства”, супрацоўніцтве зь бязбожнай ўлады, з КДБ, у падпарадкаваньні КДБ і ў сымпатыях да савецкага ладу. Царква ў замежжы была таксама супраць экумэнізму і міратворчай дзейнасьці Маскоўскага Патрыярхату".

(Карэспандэнтка: ) "Колькі вернікаў мае РПЦ у замежжы?"

(Бандарук: ) "Цяпер Расейская праваслаўная царква за мяжой налічвае каля паўмільёна вернікаў ў 30 краінах сьвету. Найболей іх у ЗША, Аўстраліі, Нямеччыне, Канадзе і Францыі. У царквы 19 эпіскапаў, 16 эпархіяў, 600 сьвятароў, 30 манастыроў, 454 парафіі. У Джорданвілі ў ЗША царква мае сваю духоўную сэмінарыю, публікуе свае пэрыядычныя выданьні “Праваслаўная Расея”, “Праваслаўнае жыцьцё” на расейскай і ангельскай мовах. У 1990 годзе парафіі царквы ў замежжы зьявіліся таксама на тэрыторыі Расеі, дзе ў Суздалі пад юрысдыкцыю гэтай царквы перайшоў архімандрыт Валянцін Русанцаў. З 1996 году, пазбаўлены сану патрыярхам Аляксеем, ён тым ня меней ўзначальвае суздальскую эпархію з цэнтрам ў Суздалі.

(Карэспандэнтка: ) "Што насамрэч адбылося ў Сан-Францыска? Наколькі гэта важная падзея?

(Бандарук: ) "Гэта завяршэньне працяглага працэсу, які пачаўся ў пачатку 1990-х. Пасьля краху Савецкага Саюзу патрыярх Аляксей Другі неаднаразова заклікаў замежную царкву да аб’яднаньня з "царквою-маці". У траўні 2004 году адбылася сустрэча паміж ім і мітрапалітам РПЦ у замежжы Лаўрам, у часе якой было вырашана пачаць працэс збліжэньня і прымірэньня, паколькі нібыта адпалі галоўныя прычыны расколу – бязбожная ўлада і яе ўмяшаньне ў царкоўнае жыцьцё.

Вось жа сёньня Чацьверты сабор царквы ў замежжы ў Сан-Францыска з удзелам 11 эпіскапаў і 150 сьвятароў прагаласаваў за аднаўленьне эўхарыстычнага адзінства. Гэта значыць, што з фармальна боку РПЦ цяпер адзіная. Вернікі і сьвятары могуць разам служыць і прычашчацца. Аднак важна адзначыць, што застануцца дзьве асобныя адміністрацыі. Царква ў замежжы захавае свае храмы і свае ўстановы. Такім чынам, гэта няпоўнае аб’яднаньне.

Нельга таксама забываць, што рашэньне аб аб’яднаньня не было адзінагалосным. Гучэлі папрокі на адрас Маскоўскага патрыярхату ў тым, што той не пакаяўся ў граху "сергіянства", не асудзіў сваю ранейшую рабалепную пазыцыю ў дачыненьні да ўладаў, ні тых эпіскапаў, якія супрацоўнічалі з савецкім КДБ, альбо занялі свае пасады дзякуючы бязбожным уладам. Пакаяньня сапраўды не было, і таму на думку многіх, няма поўнай падставы для аб’яднаньня з Маскоўскім патрыярхатам".

Гл.таксама • Замежная РПЦ абвясьціла пра аб''яднаньне з Масквой -- камэнтары зь Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG