Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная РПЦ абвясьціла пра аб''яднаньне з Масквой


Галіна Абакунчык, Менск Расейская праваслаўная царква за мяжой абвясьціла пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам РПЦ.

Агульназамежны сабор расейскай праваслаўнай царквы, што гэтымі днямі адбываецца ў амэрыканскім горадзе Сан-Францыска, абвясьціў пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам. Царкоўныя герархі замежжа здымаюць са сваіх маскоўскіх адзінаверцаў ранейшыя абвінавачаньні за падпарадкаваньне “бязбожным уладам” і супрацоўніцтва з КДБ.

Аднак узьнікла сур’ёзная супярэчнасьць — у зьвязку з удзелам Маскоўскага патрыярхату ў дзейнасьці Ўсясьветнай рады цэркваў. Праблемай паўстае нэгатыўнае стаўленьне праваслаўнай царквы замежжа да пратэстантаў.

Як будучае аб’яднаньне паўплывае на дзейнасьць Беларускага экзархату расейскай праваслаўнай царквы?

Перамовы пра аб’яднаньне з Маскоўскім патрыярхатам доўжыліся ад 2003 году. Канчатковае рашэньне мусіць прыняць архірэйскі сабор расейскай царквы замежжа бліжэйшымі днямі.

Таму ў Беларускім экзархаце гістарычнай падзеі пакуль не камэнтуюць. Гаворыць прэсавы сакратар Менскай эпархіі Андрэй Петрашкевіч:

(Петрашкевіч: ) “Узьяднаньне вядзецца не зь Беларускім экзархатам, але ад усёй паўнаты Расейскай праваслаўнай царквы. Мы — як Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату — пераважна знаходзімся ў рэчышчы ўсіх падзеяў. У нас на сёньня няма падставаў мець нейкае асобнае меркаваньне”.

Аб’яднаньне цэркваў і далейшае супрацоўніцтва зь Беларускім экзархатам расейскай праваслаўнай царквы ў Камітэце ў справах рэлігіяў камэнтаваць таксама адмаўляюцца. Вось што сказаў “Свабодзе” намесьнік кіраўніка Камітэту Ўладзімер Ламека:

(Ламека: ) “Станоўчы ён ці адмоўны — гэты працэс, няхай вызначацца герархі двух галінаў царквы. А дзяржава заўсёды будзе супрацоўнічаць. Зь Беларускай царквой у нас добрае супрацоўніцтва (і вы пра гэта ведаеце), як і з іншымі канфэсіямі ў нашай дзяржаве”.

Расейскую праваслаўную царкву ў замежжы стварылі расейскія духоўныя эмігранты ў часе Грамадзянскай вайны. Тагачасны патрыярх Ціхан заявіў, што цэрквы будуць дзейнічаць асобна да тае пары, пакуль царква ў Расеі не пазбавіцца “бязбожнай улады”.

Гэткім чынам, на думку цяперашняга духавенства за мяжой, ранейшыя праблемы зьніклі. Затое зьявіліся новыя. Цяпер замежная расейская царква просіць Маскоўскі патрыярхат адмовіцца ад супрацоўніцтва з Усясьветнай радай цэркваў — з прычыны ўдзелу ў Радзе пратэстантаў, якіх расейскія духоўнікі за мяжой лічаць сэктантамі.

Вось што пра гэткае аб’яднаньне расейскіх цэркваў сказаў біскуп цэркваў Эвангельскіх у Беларусі Мікалай Сінкавец:

(Сінкавец: ) “Будуць яны аб’яднаны, ня будуць аб’яднаны — усё роўна да нас, пратэстантаў, адносіны ня зьменяцца. Мы зарэгістраваны, а па тэлебачаньні кажуць, што мы — сэкта, у падручніках пішуць, што мы —сэкта. Як хрысьціяне мы мірымся з тым, што ёсьць, а як грамадзяне, натуральна, мы не задаволены”.

Гл.таксама • Што азначае аб''яднаньне замежнай РПЦ з Маскоўскім патрыярхатам? -- Падзею камэнтуе Кастусь Бандарук
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG