Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы — пра бел-чырвона-белыя сьцягі ў руках спартовых заўзятараў


Радыё Свабода Некаторыя заўзятары паехалі падтрымаць сваю каманду на хакейны чэмпіянат у Рыгу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Як вы ставіцеся да беларускіх нацыянальных сьцягоў на спартовых трыбунах?

(Спадар: ) “Увогуле цяпер наш дзяржаўны сьцяг крыху іншы — той, што афіцыйна прыняты. Але калі некаму падабаецца быць на трыбунах зь бел-чырвона-белым, — я лічу, гэта робіцца чыста са спартовым імпэтам, каб лепш “хварэць” за сваю каманду”.

(Сталы спадар: ) “Асабіста мне больш падабаецца сьцяг, які раней быў, — бел-чырвона-белы. Ён выглядае значна прыемней. Дарэмна яго памянялі сваім часам”.

(Малады спадар: ) “Я не лічу гэта вызначальным — які ў цябе сьцяг. Аднак я таксама мяркую: хто зь якім сьцягам хоча быць на спаборніцтвах, той хай з такім і будзе. Ня мусіць быць перашкодаў для тых, хто лічыць патрэбным мець бел-чырвона-белы сьцяг. Я асабіста нават ня ведаю: зь якім бы сьцягам “хварэў” — зь бел-чырвона-белым, ці з афіцыйным, які цяпер існуе. Тут галоўнае — як ты “хварэеш” і за каго”.

(Спадар: ) “Усе маюць права “хварэць” за сваю каманду — і ня больш за тое. Я, напрыклад, апошнім часам да хакею ня вельмі добра стаўлюся. Але калі хто “хварэе” за нашу хакейную каманду, — калі ласка”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ў нас ёсьць зялёна-чырвона-белы сьцяг, і трэба зь ім езьдзіць на матчы. Я сам — трэнэр, і я за чырвона-зялёны: ён жа ў нас адзін афіцыйны сьцяг”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да заўзятараў зь бел-чырвона-белым сьцягам і ці даводзілася вам іх бачыць, напрыклад, па тэлевізары?”

(Маладзён: ) “Даводзілася, бачыў. Мне спадабалася тое, як стаяў хлопец зь бел-чырвона-белым сьцягам і абдымаў дзяўчыну з чырвона-зялёным сьцягам. З гэтага было бачна, што нават розныя, з палітычнай накіраванасьці, людзі любяць адзін аднаго, адчуваюць сябе беларусамі й, незалежна ад сьцяга, адносіны паміж імі дружалюбныя”.

(Спадар: ) “Мае адносіны да заўзятараў са сьцягам толькі станоўчыя. Я лічу, што бел-чырвона-белы сьцяг і павінен быў заставацца ў нас”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да заўзятараў з нацыянальным сьцягам?”

(Малады спадар: ) “Я да іх нармальна стаўлюся. Мне бел-чырвона-белы сьцяг не перашкаджаў і не перашкаджае цяпер. Калі шчыра: дык, выбіраючы паміж двума сьцягамі, я выбраў бы бел-чырвона-белы. Я ж — беларус”.
XS
SM
MD
LG