Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму старшыню БХК затрымалі ў аэрапорце, і яна не вылецела ў Бэрлін?


Радыё Свабода, Менск Сёньня старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька ня здолела вылецець на канфэрэнцыю ў Бэрлін з прычыны працяглага памежнага й мытнага кантролю ў нацыянальным аэрапорце “Менск”. На якой падставе трапляюць пад пільны надгляд, а часам і пазбаўляюцца магчымасьці своечасовага выезду за мяжу некаторыя беларускія палітыкі, грамадзкія дзеячы й журналісты?

Паводле Тацяны Процькі, паўтары гадзіны мытнікі надглядалі ейны багаж, яшчэ паўгадзіны памежнікі правяралі пашпарт, а потым, калі самалёт ужо адляцеў, ёй урэшце далі дазвол на выезд.

(Процька: ) “Нічога недазволенага на перавоз у мяне не было. Забралі на гэтак званую экспэртызу тэкст майго дакладу на канфэрэнцыі, пастанову сьледчага аб спыненьні маёй крымінальнай справы й рэзалюцыю нашага агульнага сходу”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту накіравала старшыням Памежнага й Мытнага камітэтаў скаргі на незаконныя дзеяньні іхных супрацоўнікаў. Наступны самалёт у Бэрлін ляціць у панядзелак. Такім чынам, на канфэрэнцыю спадарыня Процька трапіць ня здолее.

Кіраўнік прэсавай службы Дзяржкамітэту памежных войскаў Васіль Кіптэнка запэўніў "Свабоду", што ў памежных службаў да Тацяны Процькі прэтэнзій не было.

(Кіптэнка: ) “У памежнікаў зь ёй праблем не было. У яе пачалі надглядаць прадметы, абмежаваныя для перавозу за мяжу. А пакуль надглядалі, — то... самалёт жа ня можа чакаць яе? Лягічна?”

А вось якім быў адказ кіраўніка прэсавай службы Мытнага камітэту Ўладзімера Пехтарава.

(Пехтараў: ) “Я не магу вам пракамэнтаваць. Гэта па-за межамі маёй кампэтэнцыі”.

Кіраўнікі прэсавых службаў Мытнага й Памежнага камітэтаў гэтаксама адмовіліся адказваць на пытаньне Радыё Свабода пра існаваньне адмысловых сьпісаў, паводле якіх шэраг актывістаў палітычных партый, грамадзкіх арганізацый і некаторыя журналісты праходзяць праз працэдуру пільнага пашпартнага й мытнага надгляду.

Як сьведчыць Тацяна Процька, з таго ж БХК, пад гэтакі суровы надгляд пасьлядоўна падпадаюць, акрамя яе самой, Гары Паганяйла й Алег Гулак.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна ўжо больш за год пры выезьдзе за мяжу кожны раз праходзіць праз працэдуру поўнага надгляду ўсіх рэчаў.

(Літвіна: ) “Напрыклад, у цягніку на Ўкраіну ў мытнікаў ёсьць свой пароль. Людзей, якія ў тым патайным сьпісе, называюць “дзятламі”. Ідзе інфармацыя па рацыі: “У 7 вагоне “дзяцел”. Перад выбарамі была ўведзена працэдура складаньня акту мытнага надгляду, які ў абавязковым парадку падпісваюць кіраўнікі і мытні, і памежнікаў. Да таго ж, ёсьць таксама гэтакі радочак: для “органа ўзаемадзеяньня”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька неаднаразова пасьля маруднага надгляду ледзь пасьпяваў зайсьці ў самалёт — за некалькі хвілін на адлёту.

(Лябедзька: ) “Я гэтыя сьпісы бачыў. Праяжджаючы адзін зь пераходных памежных пунктаў, дзе шкляная кабіна, бачыў сваё прозьвішча. Там стаяць розныя літаркі. Напрыклад, насупраць мяне — “д”. Тэлефонныя званкі ідуць у Менск. Калі там даюць “дабро”, — то ты можаш прасьледаваць”.

Анатоль Лябедзька неаднойчы зьвяртаўся пісьмова да кіраўніцтва Памежнага камітэту — па тлумачэньні, на падставе якога заканадаўчага акту складзены такі сьпіс. У адказе аднаго з супрацоўнікаў Камітэту яму было даведзена, што працэдура больш пільных надглядаў зьвязана зь небясьпекай тэрарызму.

На мінулым тыдні, дзякуючы асаблівай працэдуры надгляду, ня здолеў своечасова выехаць у Польшчу прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка. Летась у Нацыянальным аэрапорце “Менск” у выніку працяглага надгляду й канфіскацыі шэрагу дакумэнтаў ня змог таксама ў заплянаваны тэрмін вылецець на зьезд сацыял-дэмакратаў у Швэцыю лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандар Казулін.
XS
SM
MD
LG