Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Коммерсантъ": Пуцін касуе ўсе субсыдыі для Беларусі


Юры Дракахруст, Прага Паводле артыкулу ў сёньняшнім нумары расейскай газэты "Коммерсантъ", 9 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падпісаў распараджэньне аб скасаваньні любых прамых ці ўскосных субсыдый Беларусі, а таксама аб прадухіленьні рээкспарту і кантрабанды расейскіх тавараў, перш за ўсё энэрганосьбітаў, празь Беларусь.

"Коммерсантъ", паведамляючы пра новую палітыку Крамля адносна Беларусі, спасылаецца на свае крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта і ў "Газпроме".

Ускосным пацьверджаньнем таго, што датацыі й субсыдыі Беларусі згортваюцца, "Коммерсантъ" называе жорсткую пазыцыю "Газпрому", які патрабуе, каб з 2007 году Беларусь плаціла за газ па рынкавых цэнах, а гэта значыць у 3-5 разоў болей, чым цяпер. Паводле расейскага выданьня, усе прапановы беларускага боку былі адкінутыя "Газпромам", паколькі ў іх не ішла гаворка пра перадачу "Газпрому" газаправодаў "Белтрансгазу".

Другой крыніцай субсыдаваньня беларускай эканомікі з боку Расеі зьяўляецца, паводле "Коммерсанту" нафтавая сфэра. Дарэчы, хаця пра газ і гаворыцца цяпер больш, прапорцыі гандлю такія: газу Беларусь купляе прыкладна на мільярд даляраў, нафты – на 4 мільярды, што разам складае прыблізна палову ўсяго агульнага імпарту ў Беларусь з Расеі.

У чым жа палягае субсыдаваньне? Паводле "Коммерсанту", у тым, што з аднаго боку Беларусь і Расеі нібыта ў мытным саюзе – мытнай мяжы паміж імі няма, але з другога боку вывазная пошліна на нафтапрадукты ў Беларусі істотна меншая – на 25%-50% менш, чым у Расеі. І паводле газэты, выкарыстоўваецца вельмі проста схема – расейская кампанія прадае нафту, скажам, на Наваполацкі НПЗ, там зь яе робяць, напрыклад, бэнзін і прадаюць на Захад, плацячы беларускую пошліну. Паколькі яна ніжэй за расейскую, атрымліваецца таньней, чым вырабляць той жа бэнзін у Расеі. І Беларусь робіцца своеасаблівым Кландайкам для расейскіх нафтавікоў – расейскі бюджэт ад гэтых "негоцыяў" не атрымлівае нічога, а атрымлівае беларускі бюджэт, ну і, зразумела, зацікаўленыя таварышы ў Беларусі і Расеі.

Вось гэтую другую, пасьля газу, крыніцу фактычнага фінансаваньня беларускай эканомікі Пуцін, паводле "Коммерсанту", і загадаў прыкрыць.

Зразумела, не ўсяму, што пішуць у газэтах, варта даваць веры. Ня выключана, што публікацыя ў расейскім бізнэс-выданьні – своеасаблівая форма ціску на Менск у гандлі па газавай і нафтавай праблемах, магчыма, сыгнал заходнім краінам, што Масква выкарыстоўвае энэргетычны "бізун" для выхаваньня недэмакратычнага саюзьніка, зь якім Захад нічога ня можа зрабіць.

Але ёсьць пэўная імавернасьць таго, што інфармацыя, пададзеная "Коммерсантом", адпавядае рэчаіснасьці. На першы погляд гэта і выглядае, як выкананьне пастаянных заклікаў Захаду да Масквы спыніць падтрымку дыктатарскага рэжыму, маўляў, вось і рэакцыя: калі ласка, спыняем.

Але, як піша "Коммерсантъ", разьлік Крамля – зусім іншы. Пазбаўленьне Беларусі расейскіх энэргетычных субсыдый пакладзе канец беларускаму "эканамічнаму цуду" і паставіць Аляксандра Лукашэнку перад надзвычай непрыемнай дылемай: ці атрымаць усе палітычныя наступствы глыбокага эканамічнага шоку, які можа прывесьці да адхіленьня яго ад улады, ці пагадзіцца на далучэньне Беларусі да Расеі.

Расейскае бізнэс-выданьне цытуе словы сваёй крамлёўскай крыніцы, паводле якой адзіны шлях для Беларусі атрымліваць газ па ўнутрырасейскіх цэнах – гэта ўвайсьці ў склад Расеі.

"Коммерсантъ" таксама адзначае, што шэраг экспэртаў разглядаюць магчымае далучэньне Беларусі да Расеі як спосаб для Пуціна вырашыць праблему 2008 году, калі сканчаецца тэрмін ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, а на наступны тэрмін ён ня можа балятавацца паводле цяперашняй Канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі. Але калі зьменіцца дзяржава, могуць зьмяніцца і тэрміны.

Варта сказаць, што расейскае выданьне падкрэсьлівае, што шлях да такога аб’яднаньня не такі гладкі, як камусьці падаецца. Па-першае, пры ўсіх сымпатыях да Расеі ідэя простага ўваходжаньня Беларусі ў Расею вялікай папулярнасьцю ў Беларусі не карыстаецца, яе падтрымлівае 5-6% насельніцтва. Па-другое, не відавочна, што Лукашэнка выбярэ менавіта далучэньне да Расеі, а не паспрабуе ўтрымацца ва ўладзе ў Беларусі нават ва ўмовах рэзкага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.
XS
SM
MD
LG