Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Андыжане павялічыла колькасьць “караванаў” у бок Беларусі


Ігар Карней, Менск І праз год пасьля трагедыі ва ўзбэцкім Андыжане няма дакладных зьвестак: што насамрэч адбылося падчас кравапраліцьця 12—13 траўня 2005 году. Паводле відавочцаў, войскі расстралялі мірную дэманстрацыю. Прэзыдэнт Іслам Карымаў падае інцыдэнт як узброенае паўстаньне. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, тады загінула 187 — з азначэньня ўладаў — “тэрырыстаў”, а таксама салдат. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сьцьвярджаюць, што за два травеньскія дні ў Андыжане загінула каля васьмі соцень пераважна мірных грамадзянаў. Што пра тыя падзеі думаюць грамадзяне Ўзбэкістану, якія шукаюць працу ў Беларусі?

27-гадовая Фаціма прыяжджае ў Беларусь чацьвёрты год запар. Дагэтуль беларускі маршрут дасканала асвоілі ейныя бацькі — яшчэ за савецкім часам на “КамАЗах” вазілі ў Менск дыні, кавуны, курагу. Маладая гандлярка прызнаецца, што адольвае пяць тысяч кілямэтраў у кожны бок не ад добрага жыцьця — знайсьці працу на радзіме вельмі цяжка. Фаціма заўважае: пасьля андыжанскіх падзеяў такіх караванаў ва ўсе бакі ад Узбэкістану істотна паболела. І хоць у шматлікай сям’і Фацімы год таму ніхто не пацярпеў, але ўладнай статыстыцы яна ня верыць.

(Фаціма: ) “Там вельмі шмат людзей загінула…”

(Карэспандэнт: ) “На Вашу думку, больш, чым падаецца афіцыйна?”

(Фаціма: ) “Я лічу, што загінула вельмі шмат, але ўлады проста ня хочуць гаварыць падрабязнасьці. Там пацярпелі і звычайныя грамадзяне, і тыя, хто ўсё гэта пачаў. Ува ўсялякім разе загінула вельмі шмат народу. Нават дзеці загінулі. Там ніхто нікуды не ўзіраўся — дзеці, дарослыя — стралялі ў каго заўгодна. Разумееце, улада ёсьць уладай: закон заўсёды толькі на ейным баку”.

За савецкім часам Узбэкістан і Беларусь зьвязвалі моцныя стасункі. Калі пасьля разбуральнага землятрусу 1968 году без жытла й працы засталіся тысячы ўзбэкаў, адной зь першых дапамогу пацярпелым аказала. У Менску пасялілася некалькі дзясяткаў жыхароў Ташкенту, а ва Ўзбэкістан на ліквідацыю наступстваў трагедыі выправіліся беларускія добраахвотнікі, многія зь якіх там і засталіся. Цяпер, як засьведчылі ў Пастаянным прадстаўніцтве Ўзбэкістану ў Беларусі, узбэкі паступова “растварыліся” ў беларускім грамадзтве. Афіцыйна зарэгістраваных узбэцкіх зямляцтваў ці таварыстваў беларуска-ўзбэцкага сяброўства тут няма.

(Супрацоўніца прадстаўніцтва: ) “Наколькі я ведаю, нічога падобнага няма. Жыць прыяжджаюць, але ніякага таварыства афіцыйна няма. Ёсьць прадстаўніцтва, паўнамоцны прадстаўнік ёсьць, які на афіцыйным узроўні прадстаўляе Ўзбэкістан ў органах СНД і ЭўраЗЭС. Ну, і амбасада, якая працуе ў Маскве, гэтаксама займаецца пытаньнямі грамадзянаў, абслугоўвае й беларускіх грамадзянаў. І ўсё. Мажліва, ніхто сур’ёзна не заняўся гэтым пытаньнем. Ведаеце, усё ж ад людзей залежыць, як хто здольны арганізаваць”.

Аднак Фаціма, якая за гады падарожжаў па Беларусі бачыць сытуацыю зь нелегальнай міграцыяй знутры, кажа, што сотні ўзбэкаў штогод насычаюць беларускія рынкі бахчой. Праўда, рабіць гэта з кожным разам усё больш складана. Са слоў дзяўчыны, беларуская міліцыя ставіцца да сярэднеазіяцкіх гандляроў непрыхільна. У гэтым зьвязку яна пераканана, што беларусам ува Ўзбэкістане больш бясьпечна, чым узбэкам у Беларусі.

(Фаціма: ) “Па-першае, расейцаў, беларусаў, іншых у нас не чапаюць. Увогуле замежнікаў не тэрарызуюць, як нас тут — у вас. Як бы там ні было, у нас усё роўна вельмі спакойна. Адзінае, што народ змушаны на хлеб зарабляць, як хто толькі можа, бо няма працы. І што мы сюды прыяжджаем, — гэта не турызм які-небудзь. А нас вашы тут міліцыянты раз бяруць, другі. Ёсьць рэгістрацыя, няма — іх не цікавіць, ім бяз розьніцы. Дэпартуюць — і ўсё. За людзей увогуле ня лічаць. Папросту ненавідзяць! У гэтым сэнсе ў нас людзі нікога не чапаюць, няма такога стаўленьня, як у вас. Ёсьць тэрарысты — так. Напэўна, ёсьць нейкія падобныя. Але ў вас таксама яны ёсьць. Усюды ёсьць такія людзі”.
XS
SM
MD
LG