Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч на волі, але затрыманы тыя, хто прыйшоў павіншаваць (фота)


Любоў Лунёва, Менск Аляксандар Мілінкевіч, Зьміцер Дашкевіч і Аляксандар Бухвостаў выйшлі на волю. Палітыкі адбылі пакараньне за ўдзел у "Чарнобыльскім шляху" 26 красавіка. Дзясяткі прыхільнікаў сустракалі лідэраў апазыцыі на выхадзе з турмы. Спэцназ міліцыі ачапіў сквэр, прылеглы да турмы на Акрэсьціна. Сустрэча зладзілася ў сквэры на вуліцы Прылуцкай. Калі людзі разыходзіліся, некалькі чалавек міліцыянты затрымалі на аўтобусным прыпынку.

Сустаршыня незарэгістраванай арганізацыі Малады фронт Зьміцер Дашкевіч прымаў віншаваньні ад сваіх паплечнікаў. Ён ня першы раз адбываў арышт у турме на Акрэсьціна. На ўмовы ўтрыманьня ня скардзіўся.

(Дашкевіч: ) “Прыйшоў намесьнік кіраўніка турмы на Акрэсьціна й паведаміў, што нам трэба сабраць рэчы. Калі мы спыталі, ці падзяляць харчы, той адказаў: дзялеце. Калякін рэзюмаваў: “Ну, усё зразумела.” А ён кажа: “Ну, што вам зразумела?”. Сам з такім выглядам — ледзь не плача, што змушаны нас раскідаць. Потым кінуў: “Чытайце газэты”. Наколькі мы зразумелі, у гэты дзень выйшла “Комсомольская правда”, у якой было напісана, што лідэры апазыцыі разам у адной камэры праводзяць палітсавет… Я потым увесь час сядзеў з адным чалавекам. ...З душам была праблема — не было гарачай вады. Я адзін раз пад халодны схадзіў, а тады ўжо думаю: “Не, лепей я выхаду пачакаю”.

Аляксандра Мілінкевіча сустракалі воплескамі й воклічамі.

(Мілінкевіч: ) “Нас выпусьцілі раней. Бо мы вельмі “прымерна” сябе паводзілі: нікога ня зьбілі, кратаў не падпілілі. Усё нармальна. Для нас вельмі важная ваша падтрымка. Мы ведалі: сядзім, а вашы сэрцы з намі. У нас шмат сілы. Чалавека тым, што пасадзяць за краты, волі не пазбавяць. Тыя, хто нас садзіць, баяцца значна больш, чым мы”.

Супрацоўнікі міліцыі ў часе прамовы Аляксандра Мілінкевіча цягам усяго часу праз гукаўзмацняльнік патрабавалі, каб усе разыходзіліся.

На сустрэчы прысутнічаў амбасадар Нямеччыны Марцін Хэкер. Ён зьвярнуўся да Аляксандра Мілінкевіча:

(Хэкер: ) “Я хачу вам перадаць ліст ад майго ўраду й нашага канцлера. Тут сказана, што яны з глыбокай заклапочанасьцю ўспрынялі вестку пра ваша затрыманьне й вынесены прысуд. Я намагаўся наведаць вас у турме. Але, на жаль, не атрымаў дазволу”.

(Мілінкевіч: ) “Спадар амбасадар, я вельмі вам удзячны. Дзякуй вам і ад імя ўсіх, хто сядзеў. Нам вельмі патрэбна падтрымка дэмакратычных краінаў. Мы ведаем, якую ролю адыгрывае Нямеччына ў тым, каб дэмакратыя ў Беларусі разьвівалася, каб гэты працэс не спыніўся. Мы зробім усё, што ад нас залежыць, і вельмі просім вас быць заўсёды побач. Бо калі мы будзем салідарныя, — перамога настане хутчэй”.

(Хэкер:) “Мы хочам, каб ваша краіна стала нармальнай краінай”.

Аляксандар Бухвостаў пасьля вызваленьня трапіў у шпіталь хуткай дапамогі — з праблемай сэрца.

Калі людзі разыходзіліся, спэцназаўцы затрымалі некалькі чалавек на аўтобусным прыпынку. Іх кінулі ў аўтобус і адвезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну. Аляксей Казулін, Ірына Завадзкая, Наста Чахоўская й Юры Талстой пайшлі да будынку міліцыі, каб высьветліць лёс затрыманых. У выніку іх саміх міліцыянты таксама завялі ў пастарунак.

Празь некалькі гадзінаў затрыманыя былі вызвалены.

Фотарэпартаж









Гл.таксама • Першае інтэрвію А.Мілінкевіча пасьля выхаду на волю
XS
SM
MD
LG