Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што судзяць двух віцебскіх актывістаў?


Радыё Свабода Віталя Броўку й Антона Эрдмана затрымалі 24-га сакавіка ў Менску, калі яны прывезьлі перадачы затрыманым у намётавым гарадку сябрам. У ноч на 25-га сакавіка іх даставілі ў Віцебск на службовай машыне ДАІ. Як патлумачылі супрацоўнікі гэтае службы, кіроўцу Антона Эрдмана падазравалі ў наезьдзе на пешахода, і яго было загадана даставіць па месцы прапіскі разам з пасажырам, Віталем Броўкам.

У часе допыту ў віцебскім абласным аддзеле ДАІ высьветлілася, што машына затрыманых ня мела дачыненьня да дарожна-транспартнага здарэньня.

Прычым абодва юнакі былі зьдзіўлены, як дакладна пацярпелая бабуля ўказала марку й колер падобнай да іхнай машыны, — прызнаючы, між тым, што мае дрэнны зрок.

Тым ня менш затрыманых не адпусьцілі, а перавезьлі ў Першамайскі райаддзел міліцыі, дзе на Віталя Броўку й Антона Эрдмана склалі пратакол за дробнае хуліганства ў грамадзкім месцы, а менавіта — за брыдкую лаянку ў аддзеле ДАІ ў часе папярэдняга допыту а 2-й гадзіне ночы. Гэтыя пратаколы й разглядала сёньня судзьдзя Першамайскага райсуду Наталя Дасько.

Абодва моладзевыя актывісты не прызналі сябе вінаватымі й канстатавалі, што самі міліцыянты паводзілі сябе ня надта ветліва: Віталю Броўку давялося нават нагадаць ім пра загад міністра ўнутраных спраў уважліва й добразычліва ставіцца да грамадзянаў, у тым ліку, — і да затрыманых. Аднак у судзе супрацоўнікі ДАІ засьведчылі, што хлопцы шматкроць ужывалі нецэнзурныя выразы, і таму міліцыянтам давялося іх “ізаляваць” — пакінуць на выходныя ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Судзьдзя пастанавіла, што факты хуліганства пацьвердзіліся. Але з улікам станоўчых якасьцяў асобы падсуднага й таго, што ён затрыманы за хуліганства ўпершыню, яна вынесла толькі вусную заўвагу студэнту-чацьверакурсьніку Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Антону Эрдману.

(Эрдман: ) “Мяркую, што яны, пэўна, палічылі мяне ня дужа важнай пэрсонай — празь мяне затрымалі Віталя. Мне гэта патлумачылі самі супрацоўнікі ДАІ”.

Кіраўнік моладзевай суполкі “Новая плынь” Віталь Броўка, які ўжо быў асуджаны на 7 сутак за дробнае хуліганства напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, выказвае сваё меркаваньне пра гэты судовы працэс.

(Броўка: ) “Я думаю, што нас затрымалі, каб мы не змаглі ўзяць удзелу ў падрыхтоўцы ды правядзеньні Маршу ў Дзень Волі. І цяпер, калі значных палітычных акцыяў пакуль не прадбачыцца, сэнсу ў нашым “закрыцьці” на суткі ўжо няма. Тым больш, што трое сутак мы перад гэтым, яшчэ ў сакавіку, адседзелі”.

Пастанову па справе Віталя Броўкі судзьдзя вынесе ў панядзелак, 15-га траўня.
XS
SM
MD
LG