Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэстываль "Mediawave Belarus free space" пачаўся ў Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве першы дзень вялікага міжнароднага фэстывалю "MEDIAWAVE – Belarus free space", які ўпершыню адбываецца ў Польшчы і амаль цалкам прысьвечаны незалежнай беларускай культуры – музыцы, літаратуры, кіно.

Фэстываль "MEDIAWAVE", мэта якога – папулярызацыя "разнастайных культурных ініцыятываў Эўропы", пераважна некамэрцыйнага характару, нарадзіўся ў Вугоршчыне першапачаткова як кінафэстываль, але пазьней быў пашыраны на іншыя краіны – Славаччыну, Аўстрыю, Чэхію і іншыя мастацкія накірункі.

Сёлета фэстываль упершыню адбываецца ў Польшчы, але прысьвечаны ён Беларусі, незалежнай беларускай культуры, таму да назову "MEDIAWAVE" дададзеныя словы "Belarus free space" – беларуская вольная прастора.

Праграма фэстывалю вельмі разнастайная – гэта паказ фільмаў сярод іншых Галіны Адамовіч і Віктара Дашука, сустрэчы з гэтымі рэжысэрамі, прэзэнтацыя твораў беларускіх пісьменьнікаў – сярод іх Андрэй Хадановіч, выступы беларускіх гуртоў, якія ў сваёй творчасьці абапіраюцца на беларускі фальклёр – "Ветах", "Госьціца" і "Osmira".

Уладзя Міхневіч – лідэр арганізацыі "Беларуская ініцыятыва", якая зьяўляецца галоўным арганізатарам фэстывалю:

(Міхневіч: ) "Нашай мэтай было дадаць такую музычную вось – гурты, якія абапіраюцца на фальклёры. Напрыклад гурт "Ветах" грае чысты фальклёр, безь нейкіх сучасных апрацовак, а музыка гурту "Osimira" гэта практычна гэтак званая "world music", але заснаваная на беларускай традыцыі".

У межах фэстывальных імпрэзаў арганізаваныя таксама курсы беларускага архаічнага сьпеву, якія будуць весьці музыкі зь беларускіх фольк-гуртоў. Спадар Міхневіч спадзяецца, што фэстываль "MEDIAWAVE – Belarus free space" будзе адбывацца штогод.

(Міхневіч: ) "Мы маем намер у будучым пашырыць час, прызначаных для кіно. Акрамя гэтага, хочам пашырыць ідэю фэстывалю на буйнейшыя польскія гарады. Гэта будуць альбо поўныя, альбо скарочаныя аб’яздныя выданьні фэстывалю – у залежнасьці ад патрэбы на месцы".

Гл.таксама • Беларускі вэбсайт "Беларускай ініцыятывы", якая арганізоўвала фэстываль Belarus Free Space
XS
SM
MD
LG