Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні кіраўнік – Герой сацпрацы адпраўлены на пэнсію


Радыё Свабода Усьлед за двойчы Героем сацыялістычнай працы, нядаўнім старшынём знакамітага калгасу “Советская Белоруссия” Камянецкага раёну Ўладзімерам Бядулям адпраўлены на пэнсію апошні з савецкага пакаленьня Герояў сацпрацы, кіраўнік племзаводу “Чырвоная зорка” Клецкага раёну Іосіф Плаўскі.

Кіраўніком гаспадаркі Іосіф Плаўскі стаў у 25 гадоў, Героем сацыялістычнай працы – у 36. Напрыканцы сьнежня 2005 года дырэктар племзаводу “Чырвоная зорка” адзначаў 70-гадовы юбілей. Урачыста, зь віншаваньнямі першых асобаў краіны, з хвалебнымі артыкуламі ў рэспубліканскім друку.

У сакавіку Плаўскі быў дэлегатам трэцяга Усебеларускага народнага сходу, дзе рапартаваў пра дасягненьні калектыву: ураджайнасьць збожжа – 70 цэнтнэраў з гектару, бульбы – 467, сярэднія надоі малака на карову – 7400 літраў… І вось жа праз пару месяцаў кіраўнік перадавой гаспадаркі, Герой сацпрацы Плаўскі стаў няўгодным.

Аляксандар Ярашук, які ў свой час быў першым сакратаром Клецкага райкаму партыі, адказным работнікам ЦК КПБ ў пытаньнях сельскай гаспарадкі, сказаў Радыё Свабода:

(Ярашук: ) “Размова павінна весьціся больш шырока і глыбока, чым зыход “апошніх з магікан”. Гэта цэлая зьява ў жыцьці краіны. Напэўна, гэта адлюстраваньне і палітыкі, і філязофіі, і ідэалёгіі таго, што адбываецца ў краіне апошнімі гадамі. Можна зьвесьці ўсё гэта да нейкіх захадаў па аб’яднаньні гаспадарак… Але гэта ўжо інструмэнт і форма, якім чынам пазбавіцца ад канкрэтных людзей. Урэшце рэшт, гэта адбываецца таму, што ня хочацца прызнаваць агульнацывілізацыйных шляхоў, якія грунтуюцца на прыватнай уласнасьці і на сродкі вытворчасьці, і ў канчатковым выпадку – на зямлю”.

Гісторыя Плаўскага да болю падобная да нядаўняй гісторыі з праслаўленым Бядулям. Афіцыйная вэрсія ў выпадку з Плаўскім – рэфармаваньне сельскай гаспадаркі. “Чырвоную зорку” аб’ядноўваюць зь яшчэ дзьвюма гаспадаркамі – СВК “Галавачы” і “Загорным”. Кіраваць аб’яднанай гаспадаркай будзе Мікалай Дылеўскі. Гаворыць Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Проста крыўдна, з аднаго боку. А з другога думаеш: людзі-людзі (я маю на ўвазе і Бядулю, і Плаўскага), а што вы абаранялі? Калі б вашы гаспадаркі былі рэфармаваныя, вы былі б уласьнікамі. Ні адзін чыноўнік, ні адзін прэзыдэнт ня меў бы аніякага права з вамі і блізка так абыходзіцца! Тое, што адбылося зь Бядулям і Плаўскім – гэта канчатковы прысуд часу, той нечалавечай сыстэме прыгоннага права ў выглядзе калгасаў. Ня мае права існаваць такая сыстэма, якая заснаваная на нечалавечых, на рабскіх адносінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG