Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Анатоль Сыс (26.10.1959 – пачатак траўня 2005)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Мы пазнаёміліся ў 1984-м у Вінцука Вячоркі. Анатоль Сыс, цьвярозы, як сьлязінка немаўляці, усю ноч чытаў вершы – улюбёныя і ўласныя. Ягоныя часта гучалі мацней: у іх, хоць яшчэ і не заўсёды дасканала схопленая словамі, пульсавала стыхія сапраўднай паэзіі. Усьцешаны гэтым адкрыцьцём, пад раніцу я заснуў, але Толя далікатна пабудзіў мяне і працягваў дэклямацыю.

Ён толькі што вярнуўся з вайсковай службы, якую адбываў у Польшчы часоў “Салідарнасьці” і надзвычайнага становішча, што, безумоўна, абвастрыла ў яго і грамадзянскае, і нацыянальнае пачуцьцё.

Сыс увайшоў у нашую паэзію і наагул у беларускае жыцьцё ўпэўнена і харызматычна. Ён стаў адным з стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя” і арганізатарам першых “Дзядоў” у 1987-м. Ён зьбіраў на сваіх вечарынах паўнюткія залі. Ягоныя кніжкі “Агмень” (1988) і “Пан Лес” (1989) імгненна разьляталіся. (Трэцяя і пакуль што апошняя – “Сыс” – выйшла ў 2002 годзе дзякуючы беларусцы-эмігрантцы з ЗША Валянціне Якімовіч). Яго цытавалі студэнты і дактары навук:

Мне на сэрцы золатам вышывалі краты, кроў балюча крапала на маю душу...

...і сталі дружна, шчыра, шчыльна, як на касьбе ці на сяўбе, паэт сказаў: п’ем за Айчыну! І кожны выпіў: за сябе...

Ні грошай, ні славы – я волі хачу...

Сяброўства зь ім, бясспрэчна знакавай асобай таго часу, шукалі ня толькі літаратары, але нават палітыкі і міністры, як, да прыкладу, першы міністар замежных справаў незалежнае Беларусі Пятро Краўчанка. А ягонаму ўсходняму калегу Андрэю Козыраву Анатоль аднойчы прачытаў верш пра “расейскага мядзьведзя”, публічна нагадаўшы, што тут – Беларусь, якая ніколі ня будзе Расеяй.

Ён быў непрадказальны і таленавіты ўва ўсім. Міталягізаваў родную вёску Гарошкаў. У 1990-м з крыкам “Акупанты, прэч!” спыніў разам зь сябрамі на сталічным праспэкце калёну бранятэхнікі, што рыхтавалася да кастрычніцкага параду. Сыс падаваў усім менскім жабракам (а аднаго неяк прывёў у кавярню Дому літаратара і нагадаваў, выдаючы за свайго бацьку), пакуль сам вонкава не ператварыўся амаль што ў аднаго зь іх.

Днямі я папрасіў некалькіх знаёмых даць асобе Сыса ацэнку ў адным слове. Адказы можна вышыхтаваць так: Мужчына. Беларус. Паэт. Клясык. Геній.

Яго пяро насамрэч да апошніх дзён магло нараджаць вершы на мяжы геніяльнасьці. Такія, як вось гэты, “Пчаліная матка”:

Начаваў я ў вульлі Пад крылом у пчалінае маткі Пчолы казкі гулі Трутні ноч Казыталі мне пяткі

А пад раніцу твар Спаласнуўшы пчаліным гавенцам Дзе мядовы аўтар Перад маткаю стаў на каленцы

Каб дазволіла мне Пад крылом да вясны зімаваці Маці ўмёрла ў мяне Хоць на зімку пабудзь маёй маці

Ён паміраў пакутліва, адзін – ня мог, а мо і не хацеў нікога клікаць на дапамогу. Але ён верыў, што застанецца ў сваіх вершах. І не памыляўся.

Летась, у гэты дзень, якраз на Радаўніцу, Анатоля пахавалі над Дняпром у ягоным Гарошкаве.
XS
SM
MD
LG