Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Партрэты затрыманых на Кастрычніцкай плошчы: Андрэй Абалевіч


Міхал Стэльмак, Менск Радыё Свабода працягвае расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія пацярпелі ад уладаў за падтрымку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта і ўдзел у акцыях пратэсту. Сярод палітвязьняў менскай турмы на Акрэсьціна быў і Андрэй Абалевіч зь Мядзелу.

Андрэй Абалевіч быў затрыманы на трэці дзень пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі. Зь Мядзелу ён прыехаў у сталіцу, каб падтрымаць удзельнікаў акцыі на Кастрычніцкай плошчы:

(Абалевіч: ) “Я ішоў у бок Кастрычніцкай плошчы ад цырку. Міліцыянты ў цывільным адзеньні папрасілі праверыць дакумэнты. Я паказаў ім пашпарт. Тады яны сказалі, што трэба паехаць у пастарунак нібыта для ўдакладненьня зьвестак. Пасадзілі ў машыну, прывезьлі на Акрэсьціна і ўжо там напісалі справу па 156-м артыкуле. Маўляў, я ішоў у бок Кастрычніцкай плошчы і нецэнзурна лаяўся. Крычаў, каб мяне прапусьцілі, скакаў...”

Суд над 25-гадовым Андрэем Абалевічам праходзіў бязь сьведкаў – 7 сутак арышту. Яму не дазволілі паведаміць у Мядзел ні пра затрыманьне, ні пра турму. Прыгадвае Андрэеў сябар Андрэй Якушонак:

(Якушонак: ) “Я ведаў, што ён паехаў на акцыю. Была сувязь зь ім. Казаў, што там шмат людзей. А потым на наступны дзень бліжэй да вечара сувязі ня стала. Я пачаў крыху хвалявацца. Потым празь дзень-другі зразумеў, што чалавека забралі і яго няма. У яго ёсьць бабуля, яна тэлефанавала, дык я ня ведаў, што нават ёй сказаць...”

Андрэевы бацькі жывуць цяпер за мяжою. У Італіі. Андрэй таксама ў 2003 годзе паехаў быў за мяжу з прычыны, як ён кажа, перасьледу спэцслужбаў. Жыў у Бэльгіі, Італіі, Галяндыі, Францыі. Аднак летась вярнуўся на Бацькаўшчыну – у Мядзел.

(Абалевіч: ) “Я прыехаў, бо ўжо шмат часу мінула. Я вырашыў, што ўжо досыць. Я падумаў, што там ужо ўляглося і забыліся пра мяне гэтыя гэбэшнікі. Прыехаў – у кастрычніку ўдзельнічаў у працы Кангрэсу дэмсілаў, пасьля гэтага працаваў у выбарчай камандзе Аляксандра Мілінкевіча”.

Андрэй Абалевіч быў намесьнікам кіраўніка штабу экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча ў Мядзельскім раёне. А кіраваў штабам Зьміцер Вінаградаў, які падзяліўся такім меркаваньнем:

(Вінаградаў: ) “Баліць у яго душа за радзіму, за Беларусь. Актыўна працаваў на выбарах. Стаяў у пікетах – у Нарачы, у Мядзеле, па вёсках. Сьмела, адкрыта – ён умее весьці зь людзьмі дыялёг культурна, ветліва, пераканаўча”.

Андрэй Абалевіч – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Цяпер ён працуе над стварэньнем і рэгістрацыяй на Мядзельшчыне раённай суполкі гэтай партыі.

(Абалевіч: ) “Атмасфэра на Мядзельшчыне і навакол – такая цяжкая: людзі запалоханыя, баяцца. Але ёсьць і нармальныя людзі, зь якімі можна працаваць. Паколькі партыйная рэгістрацыя, як я зразумеў, будзе цяжкай і маруднай, мы можам працаваць у сфэры мясцовага самакіраваньня, дапамагаць людзям, а яны будуць дапамагаць нам”.
XS
SM
MD
LG