Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто ў нас цяпер першая лэдзі? Дзе Галіна Радзівонаўна?”


Радыё Свабода Званок на “Свабоду”. Водгукі слухачоў за чацьвер, 11 траўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Яблонскі, Маладэчна: ) “Хачу выказаць думку сваю праз такія словы.

Колькі бруду і колькі хлусьні... Помста, здрада, зьбіваньні, найлепшыя людзі ў няволі. Каб ня ведаў ты, браце, ні праўды, ні лепшае долі, Каб забыўся на родную мову, свае карані, Каб радзіму сваю ты свабоднай ня бачыў ніколі... Помні, браце беларус, уладзе гэтай выгадны вынік такі!"

(Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: ) “Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі. Скажыце, Аляксандар Рыгоравіч, колькі будуць падманваць народ вашыя Крымкі, што сядзяць вось тут? Безуладзьдзе ў гэтым калгасе “Кастрычнік”! Падробка дакумэнтаў! Так ужо надакучылі вашыя камандуючыя, Аляксандар Рыгоравіч, жыць не даюць! Колькі я раз тэлефанавала... Вы што, ня чуеце, што робіцца ў судах, пракуратуры? Аляксандар Рыгоравіч, хто ў вас працуе ў адвакатуры? Што гэта за адвакаты, скажыце, чые яны? Яны ж не для нас, яны нас прадаюць! Вы аб гэтым павінны ведаць добра. А пра суды і гаворкі няма. Народ ня можа выбрацца з гэтага ярма. Штосьці вы, Аляксандар Рыгоравіч, ня хочаце і гаварыць з намі, слухаць нас. Просьба хоць раз прыслухацца да “Свабоды” і пазваніць на “Свабоду”, каб адказаць на нашыя пытаньні”.

(Спадар: ) “Афіцыйная прапаганда Лукашэнкі паведаміла з радасьцю, што Смолава паехала заваяваць “Эўрабачаньне” ў Грэцыю. А Мілінкевіч сядзіць, Вячорка, Калякін сядзяць, і іншыя...”

(Спадар: ) “Калі я ўсё слухаю вас, вашую такую “Свабоду”, вельмі вялікую “Свабоду”, дык адна лаянка. Вось такі Лукашэнка дрэнны, вось гэта пастарунак, вось гэтага пасадзілі, вось студэнта затрымалі – ну, адны толькі затрыманьні. Добрыя вам дзядзькі даюць інструкцыі з-за акіяну, верна служыце ім. Акапаліся ў гэтай Празе сабе, добра ўладкаваліся і давай пастарункі сюды сыпаць, і што такія ўлады дрэнныя, і што Лукашэнка такі дрэнны... Вы дрэнныя, вы здраднікі!”

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць усім супрацоўнікам Радыё Свабода словы падтрымкі і вялікай падзякі ад простай жыхаркі Менску. Для мяне Радыё Свабода – гэта адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі. Як жа прыемна слухаць разумных, адукаваных людзей. Як жа мы ўсе стаміліся ад ілжы, якая ліецца зь дзяржаўных экранаў. Нам усім вельмі цяжка, але мы пераможам. Жыве Беларусь!”

(Ніна Аляксееўна, пэнсіянэрка, Менск: ) “Уразіла, колькі званкоў паступіла да жонкі Мілінкевіча Іны. Хто ў нас цяпер першая лэдзі? Дзе Галіна Радзівонаўна? 9 траўня ён стаяў з сынамі і ўнучкай, але жонкі побач не было. Можа, вы раскажыце, як бы паставіліся ў Амэрыцы, у Вялікай Брытаніі і іншых краінах Эўропы да такога становішча”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт тэлефоннага званка. Хай гэты так званы ваш слухач, які выказаў свае адносіны да Радыё Свабода і выкарыстаў выраз “паскудзіце”, тэлефануе лепей на БТ, а ня пэцкае наш родны эфір. Жыве Беларусь!”

(Спадарыня: ) “Вы ўсё там малоціце пра дэмакратыю, пра свабоду, але пры свабодзе вашай і дэмакратыі піць і есьці таксама хочацца. А вось і Іна, і сам Мілінкевіч аб’ехалі ўсю Эўропу, дык хай бы прыехалі і сказалі: “Усё, галасуйце за нас, будзе вам мільён рублёў заробку, палова мільёна пэнсіі...” Так пайшлі б галасаваць. А так нічога канкрэтнага – толькі адна гаварыльня. Тое, што вы моладзі жыцьцё сапсавалі, будзе на вашым сумленьні. Моладзь гэтая неразумная ідзе за вамі, а потым як жыць далей?”

(Міхаіл Леках, Рыга: ) “Вельмі ўважліва праслухаў талковыя адказы на пытаньні слухачоў дырэктара беларускай службы Аляксандра Лукашука. У мяне цяпер ёсьць пытаньні. Чаму беларуская служба Радыё Свабода не паказвае недахопаў у Беларусі ў супастаўленьні зь недахопамі ў іншых краінах, у прыватнасьці ў Польшчы, у Літве, Латвіі? У слухачоў ствараецца ўражаньне, што Беларусь – гэта спараджэньне пекла. Давайце будзем сумленна працаваць, давайце будзем даваць поўную інфармацыю”.

(Спадарыня: ) “Родная “Свабода”! Горка і балюча! Экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мілінкевіч і Казулін у турме, Лябедзьку затрымалі перад “Чарнобыльскім шляхам”, а 10-га зноў хапаюць ля Кастрычніцкай плошчы. Гэтая плошча становіцца небясьпечнай. Такое ўражаньне, што ўсе сілы: КДБ, АМОН, міліцыя, – усе сабраныя там, сядзяць там у засадзе. Грамадзянін Беларусі, разумнік, інтэлігент, падыходзіў да плошчы – і зноў яго хапаюць. Можа, хутка яму выдадуць схему маршруту, па якім ён можа перамяшчацца ў родным Менску?”

(Анастас Семяновіч: ) “Таварышы лукашысты! Вы патрабуеце, каб радыё казала, як вырошчваць высокі ўраджай. А бальшавікі 80 гадоў толькі і казалі пра ўраджай і былі вельмі радыя, калі атрымлівалі 25 цэнтнэраў ураджаю. Галяндцы рэгулярна атрымлівалі і атрымліваюць 80 цэнтнэраў ураджаю, але яны пра ўраджай ніколі не вялі гаворкі. Там прыватная ўласнасьць – вось вам і ўраджай. Польшча менш за 400 цэнтнэраў бульбы ўвогуле не зьбірае, бо нявыгадна. А ў нас 200 цэнтнэраў бульбы – радасьць поўныя штаны. Вось вам і адказ на вашае незадавальненьне. А радыё дае своечасовую інфармацыю, за што ім вялікі дзякуй, нашым гаспадыням і гаспадарам Радыё Свабода!”
XS
SM
MD
LG