Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьмінулася з Фройдам


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 11 траўня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Гэтымі днямі чалавецтва адзначае 150-я ўгодкі Зыгмунда Фройда. Інфармацыйная прастора спрэс поўніцца матэрыяламі пра яго. Шмат іх прагучала і ў нашым эфіры. Але мы яшчэ раз нагадаем колькі асноўных фактаў зь біяграфіі вялікага аўстрыйскага псыхааналітыка, які радыкальна перайначыў нашы ўяўленьні пра чалавека.

Фактычна ўвесь свой век Зыгмунд Фройд пражыў у Вене, меў шасьцёра дзяцей і шматлікіх вучняў. Зь дзевяці гадзін раніцы й да васьмі вечара ён прымаў пацыентаў у псыхіятрычнай клініцы. А пасьля працаваў за поўнач пры пісьмовым стале. І так штодня — цягам амаль усяго жыцьця. Пакуль не захварэў на рак горла.

Пасьля захопу Аўстрыі нацыстамі ў 1938 годзе ў Фройда забралі пашпарт, і ён стаў вязьнем габрэйскага гета. Фашысты пазбавілі навукоўца маёмасьці й бібліятэкі, чатыры ягоныя сыны загінулі ў канцлягеры. Такі ж лёс чакаў і самога дасьледчыка чалавечай псыхікі. Але вялізны міжнародны аўтарытэт і выкуп — 100 000 шылінгаў — дапамаглі яму перабрацца ў Англію. Там Фройд і памёр у 83 гады — празь некалькі дзён пасьля пачатку ІІ усясьветнай вайны.

У чым жа сапраўдны фэномэн тэорыі Зыгмунда Фройда?”

(Валянцін Акудовіч: ) “Тое, што зрабіла яго ўсясьветна вядомым, было найменш вартым у перастворанай ім наноў канцэпцыі чалавека. Натуральна, тут перадусім я маю на ўвазе сэксуальную складовую ягонай тэорыі, якая пачынаецца з адкрыцьця факту “дзіцячай сэксуальнасьці”. Раней лічылася бясспрэчным, што сэксуальнасьць — гэта ўласьцівасьць ужо канчаткова біялягічна сфармаванага чалавека. Фройд пераканаўча давёў зусім іншае. А менавіта: найбольш сэксуальнай істотай зьяўляецца немаўля. У пэўным сэнсе немаўля ёсьць суцэльным органам сэксуальнай асалоды, якую яно атрымлівае ад усяго, чаго кранаецца: цыцак маці, далоняў бацькі, стравы. Яно насалоджваецца нават ад уласных рухаў. І толькі з гадамі наша сэксуальнасьць лякалізуецца ў пэўных органах —найперш у тых, якія мы называем полавымі.

Яшчэ больш аўстрыйскі псыхоляг уразіў і шакаваў тады спрэс цнатлівую публіку гэтак званым “комплексам Эдыпа”. Сутнасьць яго вельмі простая. Паводле Фройда, кожны сын мае сэксуальную прагу да сваёй маці, і з гэтага ненавідзіць бацьку як свайго суперніка. А Густаў Юнг — бадай, самы знакаміты з вучняў Фройда — у дадатак вымудрыў “комплекс Электры”: маўляў, кожная дачка кахае свайго бацьку, і з таго адчувае рэўнасьць да маці. Сучасьнікі казалі: “комплекс Эдыпа” — гэта магутны лякаматыў, што праімчаў цягнік Фройда вакол зямной кулі”.

(Ракіцкі: ) “Калі я вас слушна зразумеў, дык знакамітае фройдаўскае “лібіда” (а папросту кажучы — сэксуальны голад), на якім ён збудаваў новую канцэпцыю чалавека й чым забраў да сябе ўвагу шырокай публікі, — далёка ня самае істотнае ў ягоным наробку?”

(Акудовіч: ) “Менавіта так. Бо хаця й я сьледам за Фройдам лічу, што чалавек перадусім істота сэксуальная, а потым ужо сацыяльная, усё-ткі схемы, у якія замкнуў сэксуальнае Фройд, былі залішне спрошчаныя і таму ня вытрымалі іспыту часам. Сапраўдны ўнёсак Фройда зьвязаны зь іншым, а менавіта з тым, што ён першы ўзяў увагу на ролю падсьвядомага, ад чаго наўпрост залежыць, якім быць чалавеку. Тут да месца прыгадаем, што ў ХІХ стагодзьдзі чалавека ўсё яшчэ прыпадабнялі да Бога, лічылі маральнай істотай, якая на шляхах духоўнага станаўленьня кіруецца яснай сьвядомасьцю. І раптам зьяўляецца Фройд і даводзіць, што ўсё гэта — рамантычная лухта. Бо насамрэч не сьвядомае, а падсьвядомае, наяўнасьць якога можна заўважыць толькі ў снах, кіруе паводзінамі й нават ладам мысьленьня кожнага з нас. Падсьвядомае (у фройдаўскім сэнсе) я параўнаў бы з сутарэньнем, куды скідаецца ўвесь чалавечы бруд і боль, пачынаючы зь першай хвіліны жыцьця, — усе жахі, пакуты, здрады, расчараваньні. А да таго ж там месьцяцца розныя комплексы, якія дастаюцца нам у спадчыну ад продкаў. І ўсё гэта разам, выдаленае ў падсьвядомае (Фройд называе падсьвядомае “Яно”), фармуе “Я” чалавека й нават уплывае на ягоны маральны імпэратыў — “Звыш-Я”.

(Ракіцкі: ) “А цяпер давайце вернемся бліжэй да фармату нашай перадачы. Тэорыя псыхааналізу Фройда зрабіла вялізны ўплыў ня толькі непасрэдна на псыхааналіз, але й на філязофію, літаратуру, мастацтва, тэатар першай паловы ХХ стагодзьдзя. Ёю былі захоплены й яе скарыстоўвалі Томас Ман, Гэрман Гэсэ, Сальвадор Далі. Эўрапейскага тэатру ХХ стагодзьдзя ўвогуле нельга зразумець без ідэяў Фройда: пачынаючыся як псыхалягічны, ён за дзесяцігодзьдзе-другое ператварыўся ў псыхааналітычны. А як быў успрыняты (і ці быў успрыняты?) наробак Фройда ў Беларусі?”

(Акудовіч: ) “Калі папраўдзе, дык мы можам адназначна сьцьвярджаць, што Беларусь разьмінулася з Фройдам. У міжваенны пэрыяд (пік папулярнасьці Фройда) мне згадваюцца толькі некалькі выпадкаў, непасрэдна зьвязаных з тэорыяй псыхааналізу. Перадусім паўстаюць грунтоўны нарыс пра Фройда ў заходнебеларускім часопісе “Калосьсе” й выдатная аповесьць Міхася Зарэцкага “Голы зьвер”, у якой “фрайдызм” крута замешаны зь “ніцшэанствам”. Натуральна, калі адмыслова заняцца праблемай “Фройд і Беларусь”, дык па закутках можна й яшчэ сяго-таго наскрэбці. Але ўсё яно разам ня зьменіць агульнай сытуацыі, якая фармулюецца коратка й безальтэрнатыўна: Фройд прайшоў паўзь Беларусь”.

(Ракіцкі: ) “Але чаму так здарылася? Зь якое прычыны тое, што захапіла ўсю Эўропу, — лічы — не закранула нават Заходняе Беларусі, вольнае ад камуністычнай ідэалёгіі?”

(Акудовіч: ) “Тут мы можам вылучыць як найменей тры грунтоўныя прычыны. Па-першае, беларускім культурным элітам у тую пару было не да корпаньня ў саміх сабе. Каб стацца ўпоравень зь іншымі народамі, трэба было сьпехам будаваць нацыю, а з гэтага ўся ўвага была скіравана не на асабістае “Я”, а на калектыўнае “Мы”, мы — беларусы”.

(Ракіцкі: ) “Тое ж самае прапагандавалі й камуністы. Іхная ідэалёгія не магла ўспрыняць вучэньня Фройда”.

(Акудовіч: ) “У гэтым менавіта й ёсьць другая прычына. Між іншым, як зьява сацыяльна мадэрновая камуністычная ідэалёгія аказалася надзвычай папулярнай ня толькі ў Савецкай, але і ў Заходняй Беларусі. Разам з тым яна ўжо тады імкнулася быць ня проста дамінантнай, але й адзінай. Таму лічыла “фрайдызм” варожым сабе канкурэнтам і ставілася да яго рэпрэсіўна. Вось, прыкладам, што мы чытаем у грунтоўным філязофскім слоўніку, выдадзеным у Маскве ў 1954 годзе: “Фрайдызм" і “нэафрайдызм” цяпер паслугуюць амэрыканскаму імпэрыялізму, які выкарыстоўвае тэорыю падпарадкаваньня сьвядомага “падсьвядомаму” з мэтай апраўданьня і ўмацаваньня самых нізкіх і гідкіх памкненьняў ды інстынктаў людзей”.

А трэцяя прычына была ў тым, што “тадышняя” пераважна вясковая Беларусь яшчэ жыла натуральным ладам. І ў гэтым ладзе як сэксуальнае, так і падсьвядомае заставаліся зьнітаванымі з агульнай стыхіяй жыцьця й пакуль яшчэ не маглі быць вылучаны ў нешта асобнае. Пэўна, менавіта апошняе й меў на ўвазе Зянон Пазняк, калі адносна беларусаў амаль паўтарыў словы адной расейкі: “У нас няма сэксу”. І ў азначаным вышэй кантэксьце ён, безумоўна, меў рацыю. Бо калі сёньня этнографы й культуролягі актуалізуюць і вылучаюць сэксуальнае з традыцыйнага космасу беларусаў, дык тым самым яны як бы хірургічна выдаляюць яго з жывой плоці этнасу”.

(Ракіцкі: ) “Ці ня сьведчыць гэтая актуалізацыя сэксуальнага пра тое, што псыхааналітычная тэорыя Фройда нарэшце заваявала пэўныя пазыцыі й на абсягах Беларусі?”

(Акудовіч: ) “Безумоўна. Пасьля таго, як улада камуністаў скончылася і ўсе ідэалягічныя забароны былі зьняты, “фрайдызм” — у розных сваіх праявах — на нейкі час зрабіўся досыць папулярным у Беларусі. Ня толькі ў літаратуры ці культуралёгіі, але нават і ў паліталёгіі зьявіўся шэраг тэкстаў, якія адсылаюць нас да Фройда. Згадаем хаця б цікавае эсэ Валеркі Булгакава з назвай “Геній Лукашэнкі”, у якім аўтар разглядае свайго абагульненага пэрсанажа з пазыцыі “комплексу кастрата”. Тут дарэчы будзе заўважыць, што “комплекс кастрата” займаў далёка не апошняе месца ў тэорыі аўстрыйскага псыхааналітыка. Фройд лічыў, што вытокі антысэмітызму паходзяць з традыцыі абразаньня ў габрэяў, бо падсьвядомае атаесамляе абразаньне з кастрацыяй. З гэтага падсьвядомае пагражае габрэям — бо яны “кастраты”, але адначасна баіцца іх — бо яны каструюць”.

(Ракіцкі: ) “Ці магчыма сёньня скарыстаць псыхааналітычную тэорыю Фройда дзеля таго, каб больш выразна сфармуляваць тыя асноўныя архетыпы, якія вырозьніваюць беларусаў як адметную нацыю?”

(Акудовіч: ) “Бачыце, хаця Фройд і спрабаваў унівэрсалізаваць свае інтуіцыі, але ўсё роўна яны тычыліся аднаго асобнага чалавека. Дзеля акрэсьленай вамі задачы больш падыходзіць наробак ня столькі самога Фройда, колькі ягоных вучняў — найперш Юнга й Адлера. Гэта Юнг першы сфармуляваў канцэпты “архетыпу” й “калектыўнага падсьвядомага”. А вось Адлер паперадзе ўсяго высунуў “комплекс непаўнавартасьці”, які вельмі заўважны ў калектыўным падсьвядомым беларусаў. Таксама, як і яшчэ адзін з устойлівых канцэптаў пасьлядоўнікаў Фройда, а менавіта — “траўмаваная сьвядомасьць”. Ня трэба быць вялікім псыхааналітыкам, каб адзначыць, што сьвядомасьць беларусаў спрэс траўмаваная. Але калі казаць агулам, дык на маё разуменьне псыхааналіз — асабліва ў ягонай клясычнай вэрсіі — ужо ладна састарэў. Сёньня ён цікавы, хутчэй, як аб’ект дасьледаваньня, а не як інструмэнт, якім можна дасьледаваць іншае”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Валянцін, як асабіста вы ставіцеся да Зыгмунда Фройда й ягонага наробку? Можа, “мяне няма” — ваша знакамітая тэза — таксама ад Фройда?”

(Акудовіч: ) “Не. “Мяне няма” — якраз цалкам супярэчыць тэорыі Фройда, бо ён сваімі досьледамі давёў, што чалавек ёсьць, але ёсьць як сума выдаленых артэфактаў зь ягонага жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “А як вы ацэньваеце выказваньне слыннага расейскага пісьменьніка Ўладзіміра Набокава, што псыхааналіз — гэта “либидобелиберда”?”

(Акудовіч: ) “Я ў сваім скептыцызьме да псыхааналізу не настолькі радыкальны. Хаця, ведаеце, часам мне здаецца, што гэта самая буйная містыфікацыя ХХ стагодзьдзя. Псыхааналіз нечым нагадвае сьнежнага чалавека. Усе пра яго чулі, але ніхто ня бачыў. Дарэчы, блізка да таго аднойчы ацаніў плён сваёй працы й сам Фройд: “У мяне маглі б запытацца, ці перакананы я сам і ў якой ступені ў сапраўднасьці распрацаваных тут прапаноў. Я адказаў бы, што не перакананы і не спрабую пахіліць да веры іншых. Дакладней: я ня ведаю, наколькі я ў іх веру”.

(Ракіцкі: ) “Мы ўжо дагаварыліся да таго, што называем вучэньне Фройда містыфікацыяй. Дык чаму тады сьвет падуладны гэтай містыфікацыі аж да сёньня?”

(Акудовіч: ) “Калі нават псыхааналіз Фройда ўсяго толькі містыфікацыя, дык гэта адна з самых плённых містыфікацый у гісторыі эўрапейскай цывілізацыі. Бо яна надзвычай шмат зварухнула й перайначыла ў нашым разуменьні чалавека й ягонага ўнутранага сьвету”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG