Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаронена праграма “Тузін гітоў на “Радыё Мінск”


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва FM-станцыі “Радыё Мінск” забараніла музычную праграму “Тузін гітоў на “Радыё Мінск”. Заснавальнікам і вядучым гэтай праграмы быў лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка. Праграма выходзіла ў эфір а 23-й гадзіне кожную пятніцу ад траўня мінулага году.

“Тузін гітоў” рыхтаваўся паводле галасаваньня на аднайменным інтэрнэт-сайце й быў сярод самых рэйтынгавых праграм у FM-эфіры.

Афіцыйнай падставай закрыцьця кіраўніцтва “Радыё Мінск” называе неадпаведнасьць беларускага гіт-параду з плянам далейшага разьвіцьця радыёстанцыі. Аднак аўтар перакананы, што закрыцьцё папулярнай праграмы мае палітычную матывацыю.

(Хаменка: ) “Адбылася сустрэча з адным з намесьнікаў дырэктара “Радыё Мінск”, які паведаміў, што мая праграма “Тузін гітоў” зачынена — у яе, маўляў, нізкі мастацкі ўзровень. Я прыгадаў, што праграма неаднойчы прызнавалася самай рэйтынгавай і высокамастацкай. Тады праз пару гадзін фармулёўка зьмянілася: праграма “не адпавядае пэрспэктыўным плянам разьвіцьця станцыі”. Насамрэч, як мне паведамілі сябры, кіраўніцтва пачула так званыя чарнавікі праграмы. У апошніх зь іх гучалі новыя песьні “N.R.M.” ды іншых гуртоў, якія паўсталі на тле падзеяў у Менску й Беларусі”.

Намесьнік дырэктара “Радыё Мінск” Андрэй Анісімаў пракамэнтаваць закрыцьцё “Тузіна гітоў” адмовіўся.

(Анісімаў: ) “Рашэньне пра замену гэтай праграмы на іншую прыняла рэдкалегія прадпрыемства. Я не хачу вам казаць, але аўтар праграмы Хаменка пра гэта ведае”.

Паводле спадара Хаменкі, “Тузін гітоў” з эфіру ня зьнікне. Неўзабаве праграма зьявіцца ў раскладзе адной з замежных радыёстанцыяў для Беларусі.

Раней была забаронена яшчэ адна праграма Алега Хаменкі “Настаўніцкая”, якая выходзіла на тэлеканале “Лад”. Таксама пад забарону трапілі некалькі канцэртаў гурту “Палац”, а ўвесь калектыў у поўным складзе звольнілі з працы ў "Белканцэрце". Негалосны ціск на шэраг папулярных беларускіх рок-гуртоў, у тым ліку “N.R.M.”, і "Нэйра дзюбэль" распачаўся пасьля іхнага ўдзелу ў адным з апазыцыйных мітынгаў на плошчы Бангалор.

Гл.таксама •
XS
SM
MD
LG