Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пачынаюць масавыя падаткавыя праверкі інтэрнэт-крамаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Міністэрства падаткаў і збораў заяўляе, што большасьць інтэрнэт-крамаў ня плаціць адзінага падатку, многія працуюць нелегальна, прыкрываючы сваю дзейнасьць ліцэнзіямі іншых фірм. Распачатая масавая праверка інтэрнэт-крамаў мусіць навесьці парадак у гэтай сфэры гандлю.

У некаторых інтэрнэт-крамах мне сказалі, што спакойна ўспрынялі інфармацыю пра набліжэньне праверак:

(Спадарыня: ) “Інтэрнэт-крамы самыя закрытыя, адрозна ад усіх астатніх. Рэальна немагчыма адсачыць, колькі мы прадаём”.

У адной з раённых падаткавых інспэкцыяў Менску мне патлумачылі, што насамрэч схапіць за руку несумленнага інтэрнэт-гандляра вельмі складана:

(Супрацоўніца: ) “Пры ўчыненьні праверак наша праблема палягае ў тым, што нам для пацьвярджэньня правапарушэньня патрэбен факт сыстэматычнага правапарушэньня. Так патрабуе артыкул 154-1 Кодэксу адміністратыўных правапарушэньняў. Для гэтага мы мусім у інтэрнэт-краме заказваць некалькі рэчаў. А парушальнікі ўсё гэта ведаюць, і адмаўляюцца везьці некалькі рэчаў”.

Зрэшты, многія паставіліся да пачатку праверак вельмі сур’ёзна:

(Спадар: ) “Вядома, асьцерагаюцца. Больш за палову ня плацяць падаткаў — гэта дакладна. Адпаведна, усе цяпер пойдуць рэгістравацца. Пойдуць афармляць патрэбныя дакумэнты й будуць плаціць адзіны падатак”.

Важны момант легалізацыі інтэрнэт-крамаў — абарона правоў спажыўца, забесьпячэньне гарантыі на якасьць тавараў:

(Спадар: ) “Крама, якая сябе паважае, якая працуе на пэрспэктыву, — заўжды гэта выконвае. Толькі гэта было на сумленьні. Цяпер жа будзе афіцыйна”.

Мой суразмоўца сумняецца, што кошты істотна вырастуць:

(Спадар: ) “Дзесьці 270 даляраў за месяц адзіны падатак. Можа, цэны падвысяць, але на адзін-два даляры. Ну… Меней есьці давядзецца”.

Я зьвярнуўся да хлопца, які рэгулярна заказвае праз інтэрнэт тавары, патрэбныя ў гаспадарцы:

(Пакупнік: ) “Па вялікім рахунку, на гуртовых рынках цэны вышэй на 100-200 рублёў. Тут выгода ў тым, што табе ня трэба цэлы дзень біць ногі, блукаць па рынку, а ўсё на месца ў камплекце прывозяць дадому”.

Цэны ў інтэрнэт-крамах меншыя за цэны на рынку й значна меншыя за цэны ў звычайных крамах. Бо ўладальніку інтэрнэт-крамы ня трэба плаціць за арэнду памяшканьня, камунальныя паслугі, наймаць шмат пэрсаналу ды траціцца на іншыя выдаткі.

У кожным выпадку, ніхто з маіх суразмоўцаў ня мае перасьцярог, што падаткавыя праверкі прывядуць да зьмяншэньня паслуг інтэрнэт-крамаў.
XS
SM
MD
LG