Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку затрыманьня ў дзяўчыны – гіпэртанічны крыз


Радыё Свабода Падчас затрыманьня ўдзельнікаў акцыі памяці Юрыя Захаранкі й салідарнасьці з палітвязьнямі ў Менску 10 траўня была зьбіта моладзевая актывістка Любоў Кучынская. Дзяўчына сьцьвярджае, што спэцназаўцы білі яе па галаве і нагах, парвалі заплечнік і зламалі мабільны тэлефон.

У гарадзкой Управе міліцыі гавораць, што разбор гэтай справы пачнецца толькі ў тым выпадку, калі пацярпелая зьвернецца да ўладаў з адпаведнай заявай.

Любоў Кучынскую затрымалі яшчэ перад пачаткам акцыі на выхадзе з падземнага пераходу каля рэстарану "Макдональдс", што на Кастрычніцкай. Некалькі асоб у цывільным і ў форме байцоў спэцназу падскочылі да дзяўчыны й ейнага знаёмца й пацягнулі ў бліжэйшы двор.

Распавядае Любоў Кучынская:

(Кучынская: ) “Я ўпіралася, і яны мяне папросту панесьлі. Калі занесьлі ў двор за Макдональдсам, — пачалі штурхаць. Ударылі па галаве. Потым занесьлі ў аўтобус. Патрабавалі, каб я паказала, што знаходзіцца ў мяне ў заплечніку. Я ня стала паказваць. Мне парвалі заплечнік, зламалі тэлефон. Як пачулі, што мне нехта тэлефануе, — білі па галаве й па нагах. Сарвалі зь мяне заплечнік, вытрасьлі ўсё, што ў ім было. Потым мне стала дрэнна. І тады ўжо выклікалі “хуткую дапамогу”. Бо я стала задыхацца, і ў мяне моцна падвысіўся ціск”.

Любоў Кучынскую даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі, дзе лекары паставілі ёй дыягназ — гіпэртанічны крыз. Ад шпіталізацыі дзяўчына адмовілася, і ёй прызначылі хатні пасьцельны рэжым. Сёньня яе наведаў тэрапэўт.

Я пацікавіўся ў Менскай гарадзкой управе ўнутраных спраў, ці праводзіцца адносна факту затрыманьня Любові Кучынскай нейкі службовы разбор.

Гаворыць начальнік цэнтру грамадзкіх сувязяў гэтай установы Алег Сьлепчанка:

(Сьлепчанка: ) “Калі будзе заява й будуць зафіксаваны нейкія факты зьбіццья, то, бясспрэчна, будзе праведзена разгляд. А як жа ж бяз гэтага? А пакуль відаць толькі адно: раз лекары паставілі такі дыягназ, — ён цалкам верагодны”.

Любоў Кучынская сказала, што, хутчэй за ўсё, падасьць адпаведныя заявы ў міліцыю й пракуратуру, але ня надта верыць у станоўчы вынік іх разгляду.

Падчас учарашняга прэвэнтыўнага затрыманьня пацярпеў і лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Вось як ён ацэньвае дзеяньні міліцыянтаў:

(Лябедзька: ) “ Яны дзейнічаюць у фармаце той палітыкі, што выпрацоўвае Чырвоны дом, яны — выканаўцы. Зьверху ідзе цынічны загад. Яны хочуць стрымаць нарастаньне супраціву, які выліўся на вуліцы ў розных формах дзеяньняў”.

Перад і пасьля ўчарашняй акцыі на Кастрычніцкай было затрымана каля 10-ці актывістаў апазыцыі. Усе яны былі адпушчаны празь некалькі гадзінаў пасьля затрыманьня.
XS
SM
MD
LG