Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе датэрмінова вызвалены Андрэй Клімаў?


Радыё Свабода Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Андрэй Клімаў, які адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі” ў вёсцы Баршчоўка Рэчыцкага раёну, сьцьвярджае, што дэпартамэнт выкананьня пакараньняў ня хоча вызваляць яго датэрмінова на папраўчыя працы з палітычных прычынаў.

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што палітык можа патрабаваць датэрміновага вызваленьня праз суд. А ў спэцкамэндатуры Радыё Свабода запэўнілі: для датэрміновага вызваленьня яшчэ не надышоў тэрмін.

Андрэй Клімаў спасылаецца на размову з адным з супрацоўнікаў спэцкамэндатуры, дзе ён адбывае пакараньне на гэтак званай “хіміі”.

(Клімаў: ) “Адзін з супрацоўнікаў камэндатуры, які займаецца падрыхтоўкай маіх дакумэнтаў на датэрміновае вызваленьне, сказаў, што ёсьць указаньне не падаваць маіх дакумэнтаў на датэрміновае вызваленьне, раз я — палітычны. А калі ён адважыцца падаць дакумэнты, то яго звольняць”.

Андрэй Клімаў занепакоены тым, што адбывае пакараньне ў пацярпелым ад чарнобыльскай аварыі Рэчыцкім раёне Гомельшчыны.

(Клімаў: ) “Тэрыторыя небясьпечная для жыцьця й здароўя людзей, якія тут жывуць. Вёска Баршчоўка, дзе знаходзіцца мая камэндатура, і знаходзіцца ў гэтай зоне. Узьнікае падазрэньне: а ці не зьбіраюцца яны такім чынам фізычна зьнішчыць апанэнта, калі ён атрымае апраменьваньне цяжкімі мэталямі — у дадзеным выпадку, стронцыем-90?..”

Аляксандар Надточый, намесьнік начальніка спэцкамэндатуры, дзе адбывае пакараньне апазыцыйны палітык, паведаміў Радыё Свабода, што яшчэ ня надышоў тэрмін для таго, каб хадайнічаць аб датэрміновым вызваленьні Андрэя Клімава.

(Надточый: ) “Ад яго залежыць толькі тое, каб ён не парушаў парадку адбыцьця пакараньня”.

(Карэспандэнтка: ) “А ён парушае?”

(Надточый: ) “Не. Да яго пытаньняў няма. У яго тэрміны падыходзяць у сярэдзіне чэрвеня”.

Андрэй Клімаў зьвяртае ўвагу на тое, што сапраўды ў чэрвені надыходзіць тэрмін для хадайніцтва аб ягоным датэрміновым вызваленьні. Між тым, датэрміновае вызваленьне на папраўчыя працы магло адбыцца яшчэ 13 сакавіка. І гэта азначала б абавязковае працаўладкаваньне з адлічэньнем 20 працэнтаў заробку дзяржаве.

Намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту юрыст Гары Паганяйла мяркуе, што ўлады наўрад ці дапусьцяць датэрміновае вызваленьне такіх палітычных зьняволеных, як Андрэй Клімаў, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч.

(Паганяйла: ) “Клімава будуць трымаць да апошняга. Гэтак жа, як яны трымаюць Леванеўскага, гэтак жа, як трымалі Бандажэўскага. Калі адміністрацыя падасьць дакумэнты на вызваленьне, дык іх маюць разгледзець камісія, а потым суд. Калі ж матэрыялы не падаюцца, то тут можна абскардзіць дзеяньні адміністрацыі. А ўжо як вышэйшая арганізацыя ня вырашыць пытаньня ягонае скаргі, — тады трэба зьвяртацца непасрэдна ў суд”.

Як адзначае юрыст Гары Паганяйла, паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу, адміністрацыі папраўчай установы нададзена права ў шэрагу выпадкаў хадайнічаць пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне асуджанага пасьля адбыцьця двух трацінаў, а ў некаторых выпадках — і пасьля паловы тэрміну зьняволеньня. Адміністрацыя можа, дарэчы, і не рабіць такіх захадаў, калі палічыць, што асуджаны парушаў пэўныя правілы адбыцьця пакараньня.

Нагадаем: былога дэпутата й прадпрымальніка Андрэя Клімава пакаралі паўтара гадамі гэтак званай “хіміі” за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі летась на Дзень Волі. Калі ня будзе прынята рашэньне аб датэрміновым вызваленьні, то Андрэй Клімаў выйдзе на свабоду сёлета ў сьнежні.
XS
SM
MD
LG