Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаюць ва Ўкраіне ад выхаду з СНД?


Валер Каліноўскі, Менск Украінская прэса актыўна абмяркоўвае прапанову аб выхадзе з Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД). Якія ацэнкі такога кроку і магчымых наступстваў агучваюцца ва ўкраінскіх СМІ?

Былы міністар замежных спарваў Украіны Анатоль Злэнка ў інтэрвію кіеўскай газэце “День” заявіў, што ўдзел Украіны ў СНД ужо мінімізуецца, а з другога боку і сама садружнасьць нічога ня робіць для паляпшэньня функцыянаваньня арганізацыі. Перашкаджаюць гэтаму і арганізацыі-сатэліты, якія былі створаныя ў рамках СНД,– такія як Эўразійскі эканамічны саюз, ГУАМ, Адзіная эканамічная прастора.

Анатоль Злэнка канстатуе, што дэзынтэграцыя СНД ужо адбываецца, і ніякага разьвіцьця арганізацыі не назіраецца, нават не адбываюцца рэгулярна паседжаньні асноўных кіроўных органаў СНД. Тым часам эўрапейскі выбар Украіны лягічна ставіць перад яе кіраўніцтвам пытаньне аб фармаце свайго ўдзелу ў Садружнасьці незалежных дзяржаў, хаця пры разумным падыходзе можна і ў СНД удзельнічаць, і рухацца да сяброўства ў Эўразьвязе, кажа Анатоль Злэнка і заклікае не фарсіраваць падзеі.

Тым часам дзелавая газэта "Комерсант Украіна" скептычна ацэньвае каштоўнасьць СНД для Ўкраіны і нагадвае, што Ўкраіна за час існаваньня садружнасьці не атрымала ад супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй ніякіх эканамічных выгод. Асноўным эканамічным дакумэнтам Садружнасьці зьяўляецца дамова аб зоне свабоднага гандлю ад 1994 году. Але і яна дагэтуль не працуе,– піша “Комерсант Украіна” і цытуе былога міністра эканомікі Ўкраіны Сяргея Цярохіна, які назваў СНД чамаданам бяз ручкі, які і несьці складана, і выкінуць шкада.

З усіх дамоўленасьцяў паміж краінамі СНД працуе хіба толькі пагадненьне аб бязьвізавым рэжыме перамяшчэньня, ды і яно пачала разбурацца пасьля таго як Расея ўвяла візы для грамадзян Грузіі.

Газэта “Дело” цытуе дарадцу ўкраінскага прэзыдэнта Барыса Нямцова, які прагназуе, што ў выніку выхаду Ўкраіны з СНД могуць пачацца гандлёвыя войны і што для ўкраінцаў таксама можа быць уведзены візавы рэжым у Расею.

А прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў, якія выступаюць супраць прапановы аб выхадзе з СНД, палохаюць жыхароў Украіны магчымай стратай сацыяльных прэфэрэнцыяў, пераводаў пэнсіяў з краіны ў краіну, выплатаў удзельнікам баявых дзеяньняў,– пра гэта піша кіеўская газэта “Сегодня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG