Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хакеіст Уладзімер Копаць зноў гатовы “зьдзівіць” швэдаў


Ігар Карней, Менск Хакейная зборная Беларусі зь лепшым для сябе вынікам за ўвесь час выступаў у чэмпіянатах сьвету выйшла ў наступны этап усясьветнага першынства, якое праходзіць у Рызе. Пасьля адборачнага туру на рахунку беларусаў другое месца ў групе: перамогі над камандамі Славаччыны й Казахстану (адпаведна — 2:1 і 7:1) і мінімальная параза зь лікам 2:3 ад зборнай Расеі. Ці можна зьвязваць уздым беларускага хакею з прыходам у каманду канадзкага спэцыяліста Глена Гэнлана?

12 траўня ў першым матчы другога этапу чэмпіянату сьвету ў хакеі зборная Беларусі сустрэнецца з камандай Швэцыі, якая заняла першае месца ў групе “В”. Згодна з рэглямэнтам, астатнія сустрэчы беларусы згуляюць 13 і 16 траўня (адпаведна — з камандамі Ўкраіны й Швэйцарыі). Былы галоўны трэнэр зборнай Беларусі Міхаіл Захараў лічыць, што ў такой кампаніі беларусы цалкам могуць дайсьці да стадыі чвэрцьфіналу.

(Захараў: ) “Цалкам удалы расклад, пры якім беларуская зборная можа спакойна пазмагацца са швэйцарцамі й абавязкова мусіць абгуляць украінцаў. Швэцыя — больш цьвёрды арэшак. Але тыя ж хакеісты Беларусі паказалі, што ўдала гуляць можна й са швэдамі. А перад тым, гуляючы супраць Славаччыны, дзе дзевяць “энхаэлаўцаў”, таксама перамаглі. Усё сьведчыць, што ўзровень беларускага хакею вельмі істотна ўзрос якраз у гэты момант. Каманда спакойна можа гуляць у супэрлізе, і сорамна за яе ня будзе. Чэмпіянат сьвету паказвае, што мы на правільным шляху”.

Апошні год беларускую зборную трэніруе канадзкі спэцыяліст Глен Гэнлан. Менавіта зь ім адмыслоўцы зьвязваюць зьяўленьне асэнсаванасьці ў гульні каманды, якую раней скаланала ад нестабільных выступаў. За маральным станам беларускай каманды ў Рызе назірае аглядальнік спартовай газэты “Прессбол” Вячаслаў Федарэнкаў.

(Федарэнкаў: ) “Настрой цалкам баявы, і думаю, што з Гэнланам гэта можна зьвязаць наўпрост. Усе хакеісты ўжо гавораць, што ён можа стварыць такую неперадавальную працоўную атмасфэру, у якой насамрэч хочацца працаваць, хочацца выкладацца на ўсе 100%. І, мабыць, з гледзішча тактыкі, пісьменнасьці пабудовы гульні таксама ён зрабіў свой бясспрэчны ўнёсак. Як сказаў адзін чалавек, вельмі аўтарытэтны ў нашым хакеі, які прысутнічае тут, у Рызе: “Такой пісьменнай гульні зборнай Беларусі, напэўна, ня бачыў ніколі. Асабліва — у абароне”.

Наступны супернік беларусаў — зборная Швэцыі, зь якой выхаванцы Глена Гэнлана згуляюць ужо заўтра. Чатыры гады таму на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці беларусы ўчынілі гучную сэнсацыю, перамогшы скандынаваў. А гол Уладзімера Копаця ад шлема варатара Томі Сала дагэтуль застаецца адным з самых казусных і ганебных для швэдаў.

Ці гатовы Ўладзімер Копаць зноў паўтарыць свой “подзьвіг”? Для Радыё Свабода гулец разважае падчас сёньняшняй трэніроўкі.

(Копаць: ) “Імкнуцца да гэтага будзем. Прынамсі, перад кожнай гульнёй настройваемся на перамогу. А ўжо як атрымаецца… Ува ўсялякім выпадку будзем старацца”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы лічыце, пасьля пераможнага голу ў Солт-Лэйк-Сіці швэды пэрсанальна вас баяцца?”.

(Копаць: ) “Думаю, што не. Яны ж алімпійскімі чэмпіёнамі ўсё роўна сталі, сваёй мэты дасягнулі”.

(Карэспандэнт: ) “Зьяўленьне ў трэнэрскім штабе Глена Гэнлана падвысіла маральны дух у камандзе?”.

(Копаць: ) “Мяркую, што так. Але гэта тычыцца ня толькі маральнага духу. Тут і тактычны складнік, і псыхалягічны. Усё разам узятае…”

Наступны этап зборная Беларусі пачне з двума бонуснымі ачкамі, атрыманымі за перамогу над славакамі.
XS
SM
MD
LG