Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны камітэт падтрымкі ЭГУ, але беларусістыка застаецца ў цені


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні абвешчана пра стварэньне міжнароднага камітэту падтрымкі ЭГУ ў складзе былых і цяперашніх рэктараў і ганаровых прэзыдэнтаў вядучых эўрапейскіх і паўночна-амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Тым часам фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, створаны яшчэ ў 1996 годзе дзеля яго заснаваньня як установы для разьвіцьця беларускай мовы і культуры, не падтрымлівае кантакты зь цяперашнімі донарамі ЭГУ.

У Вільні адбылося паседжаньне міжнароднай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і канфэрэнцыя яго донараў, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі буйных фондаў і дыпляматычнага корпусу ЗША і эўрапейскіх краінаў.

Прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў сказаў Радыё Свабода, што абмяркоўвалася і надзвычай актуальнае пытаньне аб стыпэндыях для студэнтаў, але паведамляць пра нейкія канкрэтныя вынікі яшчэ зарана.

(Дунаеў: ) “Гэта была сустрэча сяброў унівэрсытэту, і гэта вельмі важна для нас. Пэрспэктывы разьвіцьця ўнівэрсытэту станоўчыя, падтрымка будзе з боку міжнароднай супольнасьці. Мы абмеркавалі разьвіцьцё праграмаў. Пытаньне аб стыпэндыях было ў цэнтры ўвагі.”

У паседжаньні міжнароднай рады ЭГУ і ў вечаровым прыёме бралі ўдзел студэнты, якія маглі задаваць пытаньні і распавядаць пра свае праблемы.

Прэзыдэнт Фонду МакАртураў Джонатан Фэнтан абвясьціў пра стварэньне міжнароднага камітэту падтрымкі ЭГУ, які будзе ачольваць ён сам разам з Лойдам Эксуорці (Lloyd Axworthy), прэзыдэнтам унівэрсытэту Ўініпэгу і былым міністрам замежных справаў Канады.

Джонатан Фэнтан сказаў Радыё Свабода, што стварэньнем гэтага камітэту лідэры вядомых унівэрсытэтаў заяўляюць усяму сьвету, што ЭГУ – сур''ёзная інстытуцыя, якой варта дапамагаць, каб яна здолела выжыць.

(Фэнтан: ) “Я быў вельмі ўсьцешаны чуць ад прадстаўнікоў прыватных фундацыяў і прадстаўнікоў урадаў эўрапейскай супольнасьці абавязацельствы падтрымаць ЭГУ. Я думаю, ЭГУ будзе мець добрую падтрымку. Гэты ўнівэрсытэт падрыхтоўвае новае пакаленьне для Беларусі, і гэта сымбаль акадэмічнай свабоды, таму праекты ЭГУ знаходзяць падтрымку ўсяго сьвету. Гэта будзе фінансаваньне розных праектаў – да прыкладу, фонд МакАртураў падтрымае цэнтар гендэрных студыяў, фонд Карнэгі – цэнтар па вывучэньні памежных рэгіёнаў...”

У складзе камітэту былыя і цяперашнія рэктары і ганаровыя прэзыдэнты ўнівэрсытэтаў Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Паводле Джонатана Фэнтана, сябры камітэту будуць для ЭГУ амбасадарамі добрай волі.

Існуе таксама створаны ў 1996 годзе фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які ачольвае Дэйвід Сўорц, першы амбасадар ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Гэты фонд быў створаны дзеля заснаваньня ЭГУ як вышэйшай навучальнай установы, якая б найперш спрыяла захаваньню і разьвіцьцю беларускай мовы і культуры.

Прадстаўнікі гэтага фонду ня ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі. Два тыдні таму Д.Сўорц наведваў ЭГУ ў Вільні і адзначыў, што беларусістыка там займае досыць сьціплае месца.

Паводле Д.Сўорца, беларускія студыі – гэта адзінае, што магло б зрабіць ЭГУ насамрэч адметным і ўнікальным эўрапейскім унівэрсытэтам. Адміністрацыя ЭГУ пасьля пераезду ў Вільню ня раз заяўляла пра сваё памкненьне падтрымліваць беларушчыну.

Адзін з дырэктараў фонду МакАртураў Джон Слокум паведаміў Радыё Свабода, што Фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту не супрацоўнічае зь цяперашнімі донарамі ЭГУ, якія ня вызначаюць беларушчыну як неабходную ўмову дзеля атрыманьня фінансавай падтрымкі ЭГУ.

(Слокум: ) “Фонд МакАртураў падтрымліваў ЭГУ праз фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту да таго часу, пакуль унівэрсытэт ня быў закрыты ў Менску. Ад гэтага часу, паводле ўзаемнага пагадненьня, мы болей не працуем разам у справе падтрымкі ЭГУ. Падтрымка ЭГУ з боку фонду МакАртураў не перадумоўленая ніякім адмысловым узроўнем беларускіх студыяў, так што гэта не прыярытэтны фактар для нашай падтрымкі”.

***

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт дзейнічае ў Вільні як унівэрсытэт на выгнаньні і акрэдытаваны ў Літве ў якасьці ВНУ. Каля 1000 студэнтаў ЭГУ навучаюцца завочна, дыстанцыйна і на стацыянары. У Вільні на дзённых аддзяленьнях – каля 150 студэнтаў, у іх ліку – 12 (30 паводле сьпісу) студэнтаў аддзяленьня беларусістыкі, адкрытага сёлета. Заняткі адбываюцца ў памяшканьнях віленскага ўнівэрсытэту імя Мікалая Ромэра. Навучаньне і інтэрнаты для студэнтаў бясплатныя, аднак няма стыпэндыяў, а працаваць студэнты ня маюць магчымасьці. На цяперашні момант ЭГУ атрымлівае фінансавую падтрымку фонду МакАртураў і Карнэгі, Інстытуту адкрытага грамадзтва (Фонд Сорасу), а таксама ад Эўрапейскай камісіі, Дзярждэпартамэнту ЗША і некалькіх эўрапейскіх урадаў.
XS
SM
MD
LG